Нарэшце, вярнуліся вазакі, што адвозілі Руту. Маці Анастасся даведалася, што князь прызначыў сваю былую няньку глядзець за старэйшым сынам Усяславам, але калі прыедзе Ізяслаў, вазакі не казалі, бо нічога ім пра тое не гаварылі. А нашто князю нешта перадаваць з вазакамі, думала Анастасся, ён - валадар, ён зробіць як трэба. Думаючы пра сына і Полацак, яна для сябе згаджалася нават на самую малую перамену - вярнуцца, а там жыць так, як тут, чарніцай. Хоць такое замірэнне з лёсам трымалася ў патайніку сэрца, як апошняе жаданне; хоць яно не вяртала ёй княжацкай годнасці, маці Анастасся адшуквала ў ім радасць. Сын - князь, няхай гаспадарыць; ёй улада не патрэбна; чорнае яе адзенне - памяць па бацьках, па гадах пакутаў; яна будзе жывой памяццю Полацка. І хіба не радасць жыць блізка, бачыць сына, унукаў, хадзіць па знаёмых сцежках. Калі дадуць ёй выбіраць такую долю - яна выбера.
Прайшоў Вялікдзень, растаў снег, салаўі прапелі за Свіслаччу, аздобіў зямлю месяц травень, а Ізяслава ўсё не было. Дзень па дні хадзіла маці Анастасся да Свіслачы і чакала сынаў струг. У гэтым цярплівым чаканні нешта тужліва раставала ў душы, як апошняя свечка. Вось і загас агеньчык - аднаго дня Анастасся зразумела, што чакае дарэмна. Не, ён прыедзе, ён безумоўна прыедзе сюды, але калі-небудзь потым, у невядомы час. А ёй неабходна зараз. Яна не жадала жыць у невядомасці, увесь час яе чакання працёк, яснасць - вось што ёй патрабавалася, а менавіта яснасці сын не даваў. Маці Анастасся разгадала, чаму ён маўчыць і не едзе. Але што здагадкі - яна павінна сама ўбачыць, пачуць, выказацца. Так, цяпер ён князь, яна адкупіла яму дзедаўшчыну гадамі свайго скалечанага жыцця, але ж яна маці-княгіня. Яна ні перад кім не вінавата, нікому не вінна. Няма на ёй граху. Дык нашто ёй чакаць? Ён мог узвысіць сябе прыездам, ён прыніжае сябе маладушшам маўчання. Хто ж ён цяпер? Ці Рута не сказала яму? Ці ён, дарослы, па-ранейшаму верыць у хлусню старога, бессаромнага грэка?..
І маці Анастасся вырашыла ісці. Не адкладваючы, сабрала яна торбачку і пайшла ў царкву развітацца з айцом Сымонам.
- Сымон! - паклікала яна ад парога.
Ён падышоў да яе, зазірнуў у вочы.
- Ідзеш! - зразумеў айцец Сымон і не здолеў стрымаць слязы.
«Ты чакай мяне, Сымон, - шаптала яна. - Я вярнуся. Можа, я вельмі хутка прыйду. Не забывай мяне. Мне трэба ведаць, што ты чакаеш. Я заўсёды хацела любові, Сымон. Бацькоўскай, сынавай, мужавай... А ёсць у мяне толькі твая любоў, самая шчырая. Яна і прывядзе мяне назад... Але не магу не пайсці. Зразумей...»
«Разумею. Вяртайся, маці Анастасся. У мяне толькі бог ды ты. Бог на небе, а на зямлі - ты адна. Я ведаў, что ты пойдзеш. Але калі не выйдзе там шчасця - вяртайся. Не хадзі па другіх гарадах...»
«Куды ж яшчэ хадзіць? - шаптала яна. - Мы ўжо назаўжды разам...»
«Бог нас звёў, Анастасся, - шаптаў ён. - Ён даў нам любоў. Святая яна. Імя тваё для мяне святое. Буду паўтараць яго як малітву...»
«А я тваё, Сымон».
Ён пайшоў праводзіць. Прайшлі разам вярсты дзве за горад. На пагорку Анастасся спынілася: «Расстанемся, Сымон!» - «Бывай, маці Анастасся!» - сказаў Сымон. «Бывай, айцец Сымон!» - адказала яна, закінула за плечы торбачку і пакрочыла ўніз, пакідаючы сляды на мокрым пяску. Але на павароце яна азірнулася - поп Сымон нерухома стаяў на пагорку. Яна развітальна махнула яму, рушыла наперад і засталася адна...
Паднялося сонца, лес поўніўся птушынай гамонкай, высока над лугам віселі жаўранкі - маці Анастасся пачула сябе вольнай. Нішто не страшыла яе. Цяпер яна і не ведала, што хацела знайсці. Сына? Так, сына, калі ён дастойны, велікадушны. Калі ў яго ёсць княжацкая годнасць, ён сам назаве яе княгіняй Рагнедай. Калі злы і абачлівы, сам пазбавіць сябе маці. Ёй ніколі не давалі выбіраць, яна жыла па чужых вырашэннях, нават думкі былі не яе думкамі, а думкамі абароны, адпору, заўсёды нейкімі нячутнымі нікому, але цяжкімі спрэчкамі. Вось толькі зараз, упершыню, ідзе яна ўласнай воляй. Не вязуць яе на колах, не сядзіць яна ў струзе, не душыць яе Дабрыня, не пільнуе Бедавей, не крадзецца следам нікчэмны Сыч. Нікога. Сама. І хто яна для другіх людзей? Ніхто. Чарніца, падарожніца з чужаземным імем Анастасся, якая ідзе ў Полацак да сваякоў. Даўно няма на свеце Рагнеды, век назад згінула яна, згвалчаная ноўгарадскім князем. І княгіні Гарыславы няма на зямлі, звялі яе княжацкі поп і князеў дзядзька дзеля спакою візантыйскай цароўны. А ёсць інакіня Анастасся, і ёй радасна, што акаляе яе вольны свет, лясныя і балотныя сцежкі рознага кірунку...
Увечары натрапіла яна на вёсачку ў пяць двароў на беразе Свіслачы. У першую ж хату папрасілася начлежніцай. Жыла тут вялікая сям'я, але без гаспадара. Прыйшлося і ёй казаць пра сябе; яна сказала праўду: таксама яна без мужа, невядома, дзе ён згінуў, дзеці пагубляліся, а цяпер старэйшы адшукаўся, да яго яна ідзе ў Полацак. Пра Полацак гаспадыня чула, але дзе ён, які туды шлях, не ведала. І пра заслаўскую чарніцу не ведала. Паспачувала, паведала, што іхняя вёсачка завецца Дразды, і да Нямігі ад яе з гадзіну хады, паслала Анастассі на лаўцы, і больш яны не размаўлялі.
У Нямізе яна не затрымалася - перавёз яе добры чалавек цераз Свіслач і паказаў пешую дарогу. Маці Анастасся закрочыла то ўздоўж простых сонечных узлескаў, то звілістымі сцежкамі сярод балотаў. Удзень мінула яна вёску, а потым, да самай ночы, не сустрэлася ёй жылля, і маці Анастасся начавала ў полі. Яна абрала сухі пагорак, нанасіла галля, пачала высякаць іскру. Нарэшце мох задыміўся, успыхнуў агеньчык. Ёй узгадаўся стары вяшчун. «Што чытаў ён у вогнішчы? - падумала яна. - Нашу слабасць? Марнасць нашых надзей?» Яна ўспомніла ахвярнае вогнішча ў Полацку і памылку ці хлусню полацкага вешчуна, якая абярнулася стратай войска. Потым яна прыгадала даўняе купальскае вогнішча на Палаце; яны з Рутай стаялі сярод дзяцей; хлопцы скакалі праз вогнішча, дзяўчаты пелі; пазней усе яны, відаць, сталі здабычай варагаў. Гадоў пяць ёй было; як зайздросціла яна хлапцам і дзяўчатам, як хацелася стаць дарослай і пачаць сваё жыццё! А вось яно ўжо і прайшло... Маці Анастасся прылегла на галлё і доўга разглядала сузор'і. Яна дзівілася: мігатлівыя зоркі былі падобныя на чыісьці жывыя вочы, нібы нехта сачыў за ёй з неба; здавалася, што зараз нешта адбудзецца, неба адкрыецца і з'явіцца нехта, хто ўсё ведае, і скажа таямнічую разгадку яе бедстваў, яе будучыні... Яна чакала, чакала, і зорнае святло непрыкметна і пяшчотна звяло ейныя павекі...
На пяты дзень свайго падарожжа дайшла маці Анастасся да Бярэзіны, і тут адзінокае яе хаджэнне скончылася. У вёсцы пры перавозе сядзелі тры старцы, відушчы іх таварыш памёр, а даваць ім павадыра вёска не хацела - не было тут сіраты. Але і выгнаць невідушчых старых на хуткую пагібель вяскоўцы баяліся. Вось тут выратаваннем для ўсіх з'явілася маці Анастасся. Старцам сабралі хлеба, перавезлі на другі бераг, і Анастасся павяла сляпых за сабой. Старцы былі аслепленыя ў адзін дзень, у нейкім няўдачным паходзе, калі трапілі ў палон да печанегаў. Сто такіх выпусцілі печанегі ў стэп без павадыра. А іншы палон парэзалі. Невядома, што лепш... «Пра што вашы песні?» - спытала маці Анастасся. «Пра што просяць, - адказалі сляпцы. - Князям - пра славу, ваярам - пра адвагу, людзям - пра сваю бяду...» - «Каму ж з князёў пелі?» - спытала Анастасся. «Ва Ўладзіміры пелі маладому князю Ўсеваладу...» Пры гэтым імені кальнуў Анастассю стары, прыгаслы боль. Малодшы яе сын слухаў гэтых старцаў, яна вядзе іх да старэйшага. Нічога яны не могуць паведаць ёй - які ён, уладзімірскі князь. Пасадзіў іх лёс у вечную вязніцу без промня святла; толькі галасы праходзяць звонку ў іхнюю вязніцу. Малады яе сын Усевалад, хочацца яму славы, толькі не зведае ён славы, усю адыме бацька, не дазволіць узяць ні ўлады, ні славы і не пакіне пільнаваць іх княствы. «Бацька!» Хіба патрэбны былі яму гэтыя дзеці! Нашто ж нараджала яна іх? Яму без патрэбы, а ў яе адабраныя. Не, не як іншыя бабы; для дзяржавы нараджала яна іх, для ягонай дзяржавы; і астатнія жонкі таксама. Шмат нараджалі, назапасілі яму наступнікаў; адзін памрэ, як памёр ужо Вышаслаў, другі сядзе на апусцелае месца. І сядзяць яны зараз па гарадах дробнымі князямі, а іх маці баярскія роды працягваюць, адна яна не захацела прыніжаць сваіх сыноў такімі братамі, сляпых вядзе па зямлі...