Потым Ізяслаў праводзіў яе да кургана. Яна ўбачыла невялікі ўзгорак, парослы жорсткай травой. Маці Анастасся лягла на ўзгорак, прыціснулася тварам да зямлі. Нешта шапацела там, у глыбіні, ёй здалося, што яна чуе галасы бацькоў. «Вось і я, - шаптала яна, - я заўжды думала пра вас і шкадавала. Усё што магла я зрабіла, а чаго не зрабіла - за тое даруйце!» Вось і гэтае жаданне, гэты свой абавязак - абмыць слязьмі бацькоўскую магілку - яна выканала; упалі яе слёзы на курган, даведаюцца бацькі, што яна па іх сумавала.
Потым яна сядзела ля кургана, паглынутая ўспамінамі даўніны; сын прысеў побач.
- Шкада, што ты не бачыў дзеда і бабку, - сказала яна. - Ты крыху падобны на дзеда... Ну, а як ты жыў? - запытала яна пра галоўнае. - Што было з табой у гэтыя гады?
Сын памаўчаў, вяртаючыся памяццю на дванаццаць гадоў назад, у дзень разлукі, калі яму абвясцілі, што ён - полацкі князь. Ён прыбыў сюды з Дабрынем і айцом Кірылам, і княжанне яго пачалося з хрышчэння горада. Як і ў Заслаўі, зрубілі царкву, яна і зараз стаіць. Потым Дабрыня рушыў на Ноўгарад, айцец Кірыла застаўся тут, вучыў яго чытаць і пісьму. І жывы ён быў пяць гадоў... Тут маці Анастасся здрыганулася, зразумеўшы, што за пяць гадоў шмат затаптаў у душы сына пракляты поп з таго, што вырошчвала яна дзеля ісціны... А тры гады дзядзькам яму быў Бедавей, настаўляў ён княжацкаму разуменню... І зноў дыхнула на Анастассю сцюдзёным ветрыкам, бо чаму добраму мог вучыць княжыча дробны Ўладзіміраў баярын. Але як мог супрацьстаяць двум жорсткім мужчынам васьмігадовы хлопчык? Усе яе наказы, сам яе вобраз мусілі заглухнуць пад такім наглядам.
- Што ж казалі табе Кірыла і Бедавей пра мяне?
- Казалі, што адмовілася ты ад дзяцей, палюбіўся табе новы бог і молішся ты яму дзеля свайго вечнага выратавання.
- І ты верыў? - спытала яна, разумеючы, як балюча разбуралі яго памяць.
- Верыў, маці, - кіўнуў Ізяслаў.
Ды чаму ж было яму не паверыць, думала яна. Кірыла, відаць, кляўся Хрыстом, што кажа праўду. Якая ж крыўда нарастала ў Ізяслава, пэўна, многа ён паплакаў у свае адзінокія ночы, пакуль не размылі вобраз маці тужлівыя слёзы і не змірылася душа з вечнай адсутнасцю маці. Вось і ягоную душу забілі яны, і невінаваты ён, што нешта ў ім змярцвела. Тут збянтэжыла яе здагадка.
- І зараз верыш? - спытала Анастасся.
- Зараз не веру, - адказаў Ізяслаў, але яна прыкмеціла ў яго словах цень няпраўды; сумненне жыло ў ім, ён дапускаў, што яна магла адмовіцца. Гэтая несправядлівасць апаліла Анастассю... «Слухай жа, як было!» - прашаптала яна і пачала распавядаць, як заломлівалі ёй рукі, як прайшоў па валасах нож, як гвалтам распранулі і пасялілі ў келлю, як абавязвала сябе жыць любоўю да яго, надзеяй на гэтую сустрэчу... Не, яна нічога не ўтоіць ад яго, ён павінен ведаць усё пра князя Ўладзіміра, пра Дабрыню, грэка Кірылу, пра заслаўскую вежу, пра цярпенне, пра памяць, якая ператварыла яе ў саляны слуп...
Апавядаючы пра свае дні, маці Анастасся бачыла ў вачах сына жаласлівую ўвагу, але адчувала, што яе словы не памяншаюць яго адчужанасці: ён разумее, шкадуе, але не баліць яму сэрца. Позірк сына, шчыры і добры, раптам цвярдзеў, холад княжага разліку бачыўся ёй тады ў гэтым позірку, нагадваючы князёў Рагвалода і Ўладзіміра, у якіх гэтак сама прыжмурваліся вочы ў адказныя хвіліны, быццам далей адкрывалася ім нешта схаванае ад усіх, глыбіня часу, дзе вузлы падзеяў развязваліся інакш, чым меркавалі другія людзі. Што ж ён бачыць, думала маці Анастасся, што ён бачыць, князь Ізяслаў, прымерваючы яе аповяд да сваёй памяці пра дзяцінства і да наступнага часу? Мусіць жа ён разумець, чаго яна хоча і чакае, бо яе аповяд - не просьба спачування, яна адкрывае яму сутнасць свайго жыцця - ціск абставінаў, цярпенне, прагу пераменаў... І раптам яна зразумела, па якім коле ідзе цяпер яго сумніў. Ён - старэйшы сын; пасля смерці Вышаслава - ён першы наступнік князя Ўладзіміра; для яго пашырыцца прастора, адкрыюцца ўсе гарады, ён прыме ўладу і клопат вялікага князя. Ён бачыць Кіеў, валадарства над усімі землямі ад Ноўгарада да балгарскіх межаў, сваё вяршэнства над братамі, яму мроіцца вялікая ўлада, усе свае дзеянні ён звярае з магчымасцю заняць галоўнае месца. Паміж яго полацкай уладай і кіеўскім стальцом ляжаць гады, што засталіся Ўладзіміру, - дзесяць? пяць? Ці, можа, заўтра сканае кіеўскі князь...
І тады Ізяслаў па праву старэйшага сына прыме ўладу і прыйдзе ў Кіеў з полацкай дружынай, якая забеспечыць яму ахову. Для поспеху ў той напружаны час яму патрэбны ваяры, спакой, сяброўства з бацькам. Яна ж не можа падтрымаць яго ў гэтых разліках, яна не любіць Кіеў, яна ненавідзіць Уладзіміра, яе не было на святле дзесяць год, яна стаяла па-за ўсімі разлікамі, і раптам яна ўзнікае на полацкім дзядзінцы... Як назваць яе заўтра? Зараз ён кажа ёй «маці». Проста «маці» - нарадзіўшая яго жанчына. Але ж хутка яму прыйдзецца акрэсліць для ўсіх, хто яна: Анастасся, Гарыслава, Рагнеда. Якое з ейных жыццяў шануе, у якой якасці прымае.
Таму ён не прыязджаў, падумала яна. Ён пазбягаў злаваць Уладзіміра, ён не ведае, як Уладзімір успрыме яе вяртанне. Раптам пачне сердаваць і пакарае сына няміласцю, адмовіцца ад яго. І што тады?.. Багі, багі! Прывучылі яго хлуслівы ўладыка і нізкародны Бедавей да паслухмянства і боязі. Ці, падумала яна, ён нясмелы ад нараджэння? З першай хвіліны, з таго праклятага дня, калі гвалтам зачынаў яго Ўладзімір у зруйнаваным полацкім дзядзінцы і паміралі пад нажамі яго дзед, бабка, дзядзькі? Магчыма, ён разумны, нязлы, няжорсткі, але няма ў яго адважнасці... Безумоўна, яму хацелася пабачыцца з ёй, і ён наведаў бы Заслаўе, але не цяпер, а потым, па смерці Ўладзіміра. Вось тады, калі б яна дачакалася і не сканала, ён з'явіўся б - яе сын, яе збавіцель, і адвёз бы яе ў Полацак ці Кіеў, куды б ёй захацелася. Але цяпер яна прыйшла зарана і стварыла яму непажаданы клопат. Ён слухае, маўчыць, абдумвае - і не ведае, на што рашыцца. Ну што ж, яна зноў дапаможа яму захаваць годнасць.
- Паклапаціся пра сляпцоў, князь Ізяслаў. Няхай пажывуць тут, пакуль не знойдзецца павадыр.
- Будзе, - уздыхнуў сын. - Сіротаў хапае.
- Пойдзем, - паднялася Анастасся. - Хачу да ўнукаў.
Яны ўбачылі дзяцей па Палаце. Ужо Ўсяслава і Брачыслава пераапранулі ў будзённае, босыя, у запэцканых кашулях, ішлі яны беражком услед зялёнай галінцы, якую плынь зносіла ў невядомасць. Тут у прасвечаным паветры паказалася Анастассі празрыстая цень - гэта Мара падкрадвалася да шчырых, даверлівых сэрцаў, адкрываючы ім краявіды сваёй недасягальнай старонкі. Маці Анастасся перанеслася на трыццаць год назад, у сваё мінулае, і ўбачыла сябе на гэтым беражку ў такой жа зачараванасці таямніцай бягучай вады - ды вось якім стаўся яе лёс! А цяпер унукі выходзяць на тую ж сцяжыну.
Што чакае іх на непраглядных пуцявінах будучыні?.. Усяслаў і Брачыслаў паціху аддаляліся, занятыя сваёй простай яшчэ марай, зірнулі на бацьку і бабку і забыліся пра іх... Ды і хто ім яна, падумала Анастасся, каб яны кінулі сваю гульню і прыбеглі з радасцю ў вачах. Невядомая чужая жанчына ў непрываблівай чорнай расе - не чулі яны ад яе казак, не закалыхвалі іх яе песні, не галубілі іх яе рукі - нейкая сівая старая, якую бацька і маці загадалі называць бабуляй... Няма на вачах - няма ў памяці, падумала яна. Як памятаць тое, чаго не бачыў і чаго не адчуваў? Не бывае так. Вось і з Ізяславам у іх розныя пачуцці; не зразумець ім адзін аднаго. Не пакрыўдзіў яго Ўладзімір, а калі пакрыўдзіў, дык не больш, чым іншых сваіх сыноў; за што яму не любіць бацьку? Яму нават можа і пашчасціць - першым ідзе па слядах Уладзіміра. Цяжкім было для яго дзяцінства; але ж Яраслаў, Усевалад, сёстры раслі зусім без маці. Не паліць Ізяслава даўні боль; слухаў ён яе аповяд з вышыні княжага месца. Ды і ці проста разабрацца: дзеда забіў бацька, бацьку намагалася забіць маці - а ўсе родныя. Чаму дзеда і маці так ацэньваць, каб пайсці супроць бацькі? За пакуты чарніцы Анастассі? Жывая - значыць, выцерпныя былі гэтыя пакуты...