Выбрать главу

- Ты ідзі, я з імі пабуду, - сказала яна сыну і пайшла наўздагон унукам.

Ноччу яна прыйшла пасядзець каля іх - хацелася ёй зведаць і такую радасць. Салодкім моцным сном спалі Ўсяслаў і Брачыслаў. Маці Анастасся пацалавала ўнукаў, паслухала ціхае дыханне, паправіла коўдру... Ці даўно вось гэтак жа плячо ў плячо засыналі яе браты? Што чакае гэтых Усяслава і Брачыслава? Што накавана ім ў наступаючых гадах? Так, ідуць наперад пакаленні, і таму слабне мінулае перад наступным, як нядужыя старыя супроць маладых; кароткія правы мае мінулае, не трывожаць жывых незнаёмыя цені даўніх пакутнікаў. Спяць гэтыя малечы, сняцца ім свае сны, няма і не будзе ім спагады да яе няшчасцяў. Нашто ім няшчасная бабка? Як ганарыцца дзедам, які сам упусціў удачу? Чаго сам не зрабіў, наступнікі за цябе не зробяць - у іх свая мэта. Вось і гэтыя дзеткі абяруць сабе мэту, яны будуць імкнуцца да яе, цярпець, радавацца, біцца - магчыма, ім пашчасціць... А зараз у іх няма мэты, зараз яны жывуць самае лепшае жыццё - сваё, і калі глядзіш на іх, калі кранаеш іх, здаецца, што кранаеш далёкі будучы час, у які прыйдзеш гэтым пяшчотным датыкненнем... А мая маці, падумала Анастасся, такой радасці не пазнала. Не пабачыла яна сваіх унукаў, няма на іх следу яе вуснаў. Я шчаслівейшая, я зведала, вось сяджу каля ўнукаў...

Удзень яна пайшла з імі ў лес, на запаветныя паляны. А праз дзень павезла іх на луг, дзе гуляла з бабкай Прадславай у забыты ўсімі час... І ніякай іншай справы, апроч прагулянак з дзецьмі, у яе не было; пра іншае з ёй размову не заводзілі; маці Анастасся зразумела, што яна для ўсіх часовая госця. Вось пацешыцца ўспамінамі, пагасцюе і збярэцца ў зваротны шлях. Кожны вечар Анастасся чакала, што сын скажа: «Маці, здымі расу. Ты нарадзілася тут, жыві годна!» Але ён, сустракаючы яе, памоўчваў.

Вычакаўшы два тыдні, ён усё ж прыйшоў да яе з прапановай. Яна адчула, што ён прыняў рашэнне. Гледзячы неяк ўбок, сын спытаў:

- Дзе зрубіць табе келлю, маці?

- Келля ў мяне ёсць, - адказала яна. - У Заслаўі. А тут нашто мне келля?

- Хто ж вызваліць цябе ад зароку служыць Хрысту? - спытаў ён, надаючы пытанню значнасць.

- Хіба я сама пастрыглася? - спытала яна. - Калі раздзенуць чалавека злодзеі, ды што, яму ўсё жыццё голым хадзіць? Зарок за мяне грэк Кірыла даваў, я новаму богу не служу. Вось і мне ад цябе не келля патрэбна.

Сын уздыхнуў.

- Я падумаю, - сказала яна, каб не цягнуць дарэмную размову. - Падумаю і адкажу.

Ды пра што думаць пасля такога зняважлівага пытання? Што рабіць у Полацку чарніцы Анастассі? Хадзіць на бацькоўскі курган? Дык усе яны, што ляжаць там, жывыя ў яе памяці. Хадзіць перад унукамі прыкладам пакоры - не дадасць ім гордасці такі прыклад. Хадзіць перад палачанамі сведчаннем перамогі новага бога над старымі - новая пакута. Келля ў Полацку - гэта і будзе адварот ад сябе, ад сваіх жыццяў. «Час мне ісці!» - вырашыла маці Анастасся.

Ранкам яна зайшла развітацца да Руты. Не вернецца яна ў Полацак, і Рута не вернецца ў Заслаўе; апошні раз бачыліся яны ў гэтым жыцці.

- Вяртаюся, - сказала Анастасся, углядаючыся ў твар даўняй сяброўкі. - Больш нам не сустрэцца.

- Так, княгіня, вяртайся, - кіўнула Рута. - Нашто табе тут? Бяда за табой ходзіць. Два мае мужы праз цябе загінулі. Я ведаю - ты Рудога пасылала. Не вінавачу цябе, - яна ўздыхнула, перамогшы, можа, сваю крыўду. - Але баюся... Бывай!

Вось і яшчэ адзін чалавек - некалі самы блізкі і любімы - адарваўся ад яе назаўсёды.

- Бывай! - сказала маці Анастасся.

Потым зайшла яна ў камору да сляпцоў.

- Бывайце, людзі! - развіталася Анастасся. - Адыходжу сёння.

- Ды і мы з табой, - адказалі сляпцы. - Павядзі нас.

- Я назад, у сваю келлю, - сказала яна. - Трапіце ў Ноўгарад, пакліча вас князь Яраслаў - нагадайце пра мяне.

Потым наведала яна курган, развіталася з бацькамі і ўзяла для вечнага яднання з імі жменьку зямлі.

І ўсё гэта зрабіўшы, Анастасся прыйшла да сына.

- Я падумала, князь Ізяслаў. Вяртаюся ў Заслаўе.

Ён памаўчаў, вагаючыся, але пагадзіўся:

- Няхай так. Я скажу, маці, цябе адвязуць.

- Не, сын, - запярэчыла яна. - Князь Уладзімір мяне адвозіў. Бедавей адвозіў. Нашто табе? Ці не... перавязі мяне цераз Дзвіну. Сам. Я хачу.

- Калі? - спытаў ён.

- Зараз.

Вось сыходзяць яны да ракі. З кожным крокам аддаляецца ад Анастассі бацькаўшчына, неспраўджанае чацвёртае жыццё. Вось і апошняя мяжа. Яны плывуць па Дзвіне, маці Анастасся трымае руку ў вадзе, і рака адымае ўсе былыя яе мары, няздзейсненыя надзеі, боль і пакуты; яны застаюцца ў вадзе, і плынь адносіць іх у невядомасць, і ўжо іх не вярнуць, не сабраць, не ажывіць. Лодка ткнулася ў бераг - усё, старыя ніткі парваліся. Яна ў адзін бок, ён - у другі. Назаўжды.

9

Багі, старыя крывіцкія багі! Нашто было нараджаць дзяцей, калі робішся для іх непатрэбнай? Нашто было радзіцца князёўнай, калі твая радасць прыходзіць да цябе ў беднасці! Вось адзіная воля - ісці лясной сцежкай, якую праклалі сляпцы, і не азірацца назад, інакш абернешся ў саляны стоўп. Ісці вольнай хадой, не падлічваючы пройдзеных і наступных вёрстаў, як ходзяць старцы, - іх нідзе не чакаюць, аднолькавыя для іх усе шляхі... Але яе чакаюць, думае пра яе айцец Сымон, да яго яна і вяртаецца. Калі ён спытае: «Скарылася?» - яна адкажа: «Не!» Калі б скарылася - засталася б там; зрубілі б ёй келлю паблізу царквы, але хто б стукаў у акенца, хто б пытаўся: «Маці Анастасся! Што робіш, маці Анастасся?» Не, айцец Сымон, я вярнулася, бо тут мая воля, мая любоў...

Раптам здалося Анастассі, што наперадзе стаяць людзі. Яна паглядзела - нікога, яна ўгледзелася і прыкмеціла пад намётам елкі трох старых, трох вястунак сваіх бедстваў. Няўжо не ўсё, здзівілася маці Анастасся, няўжо яшчэ нешта падрыхтавалі яны для мяне? Ці развітваюцца, ведаючы, што цяпер не маюць нада мной сілы; усё зведана, выцерплена, страчана, толькі жыццё застаецца пры мне. Хіба толькі смерць падсцерагае. Ды смерць - не лёс, яна да ўсіх прыходзіць, ёй спадарожніцы непатрэбны. Што ж, бывайце, сказала Анастасся, але старыя зніклі раней.

Уначы, калі маці Анастасся спала ля вогнішча, паліў дождж. Агонь згас, маці Анастасся чакала ранку ў дрымотнай здранцвеласці. Раптам ёй падалося, што міма едуць коннікі, пакрытыя апанчамі, вада сцякае па дзідах, чвякае гразь пад капытамі коней, нечакана яе гукнуў знаёмы голас - перад ёю спыніўся і сышоў з каня Ўладзімір. Па яго знаку прывезлі і ўваткнулі калы, зрабілі намёт. Гэта быў той самы намёт, дзе яе трымалі пасля захопу Полацка. Яны ўвайшлі ў намёт, трава тут была заслана дываном, а на ім ляжалі два сядлы. Яны прыселі, і маўчаць, і ўглядаюцца адзін ў аднаго: ён - з любоўю і жалем, яна - з жалем і здзіўленнем. Шамаціць па намёце дождж, і самотна гарыць агеньчык лучыны, высвятляючы твар князя.

- Ведаеш, Рагнеда, - кажа князь, - часта думаю пра цябе. Шкада мне, што сустрэліся мы ў часе вайны. Нам бы зараз пасябраваць...

- Позна, Уладзімір, - кажа яна. - Быў час, калі я любіла цябе. Любіла і ненавідзела. Усё даравала і ўсё помніла. Але чакала, марыла пра такі добры позірк, якім цяпер глядзіш... А ты, усё адабраўшы, нічога не даваў...

- Так, вінаваты я перад табой, - кажа ён. - Горыч у мяне на сэрцы.

- Нават сына я страціла, - кажа яна. - Баіцца ён, ці даруеш яму клопат аба мне. Напужаўся ён, калі мы зачыналі яго там, у лужыне крыві...

- Скажы, чаго хацелася б табе, - кажа ён. - Я выканаю. Мітусня - маё жыццё. Я ствараў, час зруйнуе. Хочаш - адвязу ў Ноўгарад да Яраслава. Ці сама будзь княгіня...

- Позна, Уладзімір, - кажа яна. - Няма жаданняў. Усе сілы аддала на цярпенне. Чакала - нічога не змянілася...

- Даруй мне, - кажа ён. - І я падмануўся. І я адзін.

- Дарую, - кажа яна. - Добра, што сустрэліся, што бачу цябе. Ды сышла наша даўніна. З трох сваіх жыццяў два пражыла з табой. Абодва - без шчасця. А чацвёртае пачну без цябе. Толькі ты не перашкаджай. Не мучай мяне больш. Вось мая просьба. Выканаеш?

- Выканаю, - кажа ён. - Бывай!

І выйшаў, і ўсё знікла разам з ім - намёт, дыван, вершнікі ў апанчах, агеньчык...

Пачынала світаць. Маці Анастасся рушыла па раскіслай сцежцы, разважаючы пра дзіўны сон. Чацвёртага жыцця хочацца мне, сапраўднага, свайго, думала яна. Жыцця па ўласнай волі. Але воля, воля - не на сцежках яна. У старцаў не воля - доля. Куды прыкласці сваю волю? Хадзіць па зямлі, чуючы сябе птушкай? Дык і птушкі маюць занятак - выводзяць птушанятаў. Вось ім і радасць; таму і пяюць з ранку да ночы. Вось бы і ёй зараз дзіця на рукі. Яно будзе крычаць, усміхацца, хварэць, падаць, любіць і чакаць любові. А ўсё іншае бессэнсоўнае. Вось што асвеціць яе чацвёртае жыццё - дзеці, клопат пра іх; яны - галоўныя багі, яна будзе служыць ім, прысвеціць ім свае сілы, веру, пяшчотнасць. Хіба яна старая? Яна сівая, сэрца нацярпелася шмат крыўды, а душа ў яе новая, яна будзе жыць доўга, выгадуе сваіх дзяцей. Яны будуць дастойныя, не здрадзяць і не забудуць яе... Так, яна вернецца ў Заслаўе, і яны зачнуць з айцом Сымонам такіх дзяцей; ён любіць яе, душы іх парадніліся, цяпер нішто не стаіць паміж імі, зніклі перашкоды, яна будзе яго жонкай... Чаму ад жорсткага князя, ад нялюбага мужа нараджала, а з любімым, жаданым нельга? Толькі ад яго і трэба. Хто забароніць ім? Яна стане маці... не маці Анастасся, заслаўская чарніца, няшчасная княгінька, з вечнай тугой у вачах; няма гэтага: знікла туга, вычарпаны няшчасці. Яна возьме новае імя, чацвёрты раз народзіцца яна на свет, і айцец Сымон, і людзі, і дзеці будуць называть яе па-новаму. Муж дасць ёй новае імя, яе Сымон, апошняе імя, з якім і скончыць яна свой век... Яна будзе любіць новае імя, яно будзе песціць ёй сэрца. Спадзеі, прыгнёт, цярпенне - вось існасць ранейшых яе імёнаў. Абрабаваныя, нудныя гады, глухі туман, у якім яна прастаяла, чакаючы сынаў кліч з Полацка. А гэты кліч прыйшоў да яе праз акенца, сябра быў побач, яго словы суцяшэння і любові дапамагалі жыць. Яна стане яго таварышам, яна жыццё аддасць за яго, бо любоў - асаблівы дарунак багоў, без яе жыццё - пярэдадзень смерці...