Раптам зараўлі ў сто галасоў - горка ім стала. Вось цалуе яе Ўладзімір... так, прыгожыя ў яго вочы, але чужыя, п'яныя, далёкія... Стаіць яна пасля гэтага пацалунка, чуе смех, чуе патрэбнае па звычаю пытанне Ўладзіміра: як называць яе наперад мужу і людзям; Рагнеда - імя дзявочае, а ў замужжы - хто? Застолле сцішылася, чакаючы яе адказу. Адны мужчыны сядзелі за вясельным сталом, зрэдку траплялі між імі невядомыя Рагнедзе жанчыны, і ўсе яны былі Ўладзіміравы людзі, выканаўцы яго жаданняў: загадалі ім рэзаць палачанаў - яны рэзалі, сказалі б зараз забіць яе - забілі б, а вось сказалі гуляць - гуляюць... Усё ж не да канца яны забілі яе, знайшоўся правільны адказ. Якое імя ў замужжы? - Гарыслава! Няхай такое будзе імя... Так, кіеўская княгіня Гарыслава! Згарэлі слава роду і яе добрая слава... А яны не зразумелі ці не прынялі і п'янымі крыкамі патлумачылі інакш, прыемна для князя: гары, гары славай, княгіня, славай Уладзіміра! Так ім хацелася: каб Уладзімір славіўся, а яна гарэла. Так і ёсць...
Багі мае, палачанскія багі, шаптала ў пустату ночы Рагнеда, і ты, вечная насмешніца Мара, табе адной дадзена ўсыпляць душы, вярні мне ранейшае забыццё. Хай любоў да дзетак задушыць безадказныя пытанні; баліць ад іх сэрца, няма сну, і прыходзяць у начной цемры дакараць за доўгую цярплівасць дарагія людзі, якіх вынішчыла бязлітасная рука. Ён звёў іх, бацька яе дзяцей; была яна полацкая князёўна, стала княгінькай на вёсачцы, гаспадыняй глухога двара на беразе рэчкі Лыбедзь. Жыла тут, кажуць, у даўнія часы няшчасная Лыбедзь, сумавала ля ціхай вады, у тую ваду і кінулася; а зараз ходзіць па яе слядах другая няўдачніца, носіць ачунялую крыўду. За што такі лёс? Рута стараецца суцяшальна ўтлумачыць: з усімі жонкамі Ўладзімір гэтак, усе пакрыўджаныя; няма сэнсу бедаваць: жывыя, дзеці гадуюцца, што нам яшчэ? «Усе пакрыўджаныя!» Не, не ўсе. Хіба Адэля, Алова, Мілаліка вытрымалі столькі, колькі ёй выпала? Каго гвалцілі на вачах бацькоў, пад поглядамі кметаў? У каго зарэзалі маці і братоў? І хто яны, гэтыя іншыя жонкі? Невядома, хто яны. Любоўю Ўладзіміра ўзнесены яны з невядомасці, з малых, слабых, простых родаў. А яна - полацкая князёўна, дачка крывіцкага князя, ва ўсім роўная Ўладзіміру; але ён зраўняў яе з імі, уціснуў у іхні гурт; яна прыніжана яго любоўю. Што ж гэта такое - ягоная ўлада? Чаму ёй цярпець гэтую ўладарнасць? Ён прагнуў улады і дзеля ўлады забіў старэйшага брата, разбурыў Полацак, забіў князя Рагвалода, абяскровіў Смаленск. Так, улада патрабуе цвёрдасці. Ды калі заўтра нехта іншы пажадае захапіць уладу - што стане? Зноў бойкі, кроў, вогнішчы, мерцвякі! Уладзімір! Яму хочацца перайначыць сэнс свайго імя - уладарыць светам, а не мірам. Чаго ж дзівіцца, што нагэтулькі таннае для яго чалавечае жыццё. А кроў? А што яму чужая кроў, яна ў зямлю прасочыцца, дажджы яе змыюць, курганы зарастуць палыном, а трызна на свежых курганах - адпачынак дружыны.
«Ён Кіеўскую дзяржаву мацуе!» Быццам гэта нехта другі аддзяляў Ноўгарад. За што Яраполк хадзіў на яго вайной, за што пасварыліся яны насмерць, загубілі тысячы людзей за перамогу ў сваёй сварцы? Хто варагаў вёў паліць Полацак, разбураць Смаленск, рабаваць кіеўскія двары? «Русь! Магутная Русь!» Люблю Русь, калі мая, а не мая - дык агнём яе і сякерай. Гэта Адэлі ці Мальфрыдзе можна расказваць пра любоў да Кіева і Русі - яны, можа, і павераць. А яна гадавалася ў княжацкай сям'і, яшчэ размаўляць не ўмела, а ўжо слухала расклад княжых справаў і клопатаў, бачыла верх абавязкаў над жаданнямі. Не дзяржаву, а ўладу ён любіў. Ну, а цяпер, трымаючы ўладу, можна і дзяржаву любіць, пашыраць яе і ўзбагачаць наездамі на суседзяў. Чаму ж яе не любіць; уся яна ягоная, ён усярэдзіне. «Дужа князь заняты!» Вяцічаў падпарадкаваў, яцвягаў выціскае з Буга і Ясельды, усе павінны быць пад яго рукой, злуе ён на тых, хто трымаецца незалежна. Вось розных багоў сабраў на адным капішчы побач з княжым дваром - усім адначасна можна маліцца. Але на пупку капішча ягоны ідал, бажаство вайны Пярун. Галаву з срэбра зрабілі, вусы з золата, у вачніцах зіхацяць крывавым святлом чырвоныя каменьчыкі. А іншых ідалаў зрабілі з дубу, яны і ніжэйшыя, і ўсе на Перуна глядзяць. Пастаўлены паўколам у яго за спінай, як дружына за князем. Галоўнае Ўладзімірава жаданне: каб і жыццё падобна ўладкавалася - усе на яго глядзяць, баяцца і славяць.
А хто перад ім не схіліцца, таго дружына схіліць. Піць ды біць - іншага занятку не маюць. Князю прага ўлады спакойна жыць не дае, гэтым - сквапнасць. Срэбра насыпае ім з торбы. Ды адкуль важкія грыўні бяруцца? Не з Дняпра ж іх сеткай цягаюць. Падпарадкаваць некага трэба, застрашыць, прыціснуць данінай. Ад сваіх адымі - аддай князю Ўладзіміру, баярам яго, кметам, отракам - безліч іх. Калі равуць: «Слава князю!» - пэўна, серабро раздаваў. Па восем дзён цягнуцца бяседы, па трыста бочак мёду наварваюць, п'яныя пластом ляжаць, можна па іх спінах, як па масніцах, гарадскую вуліцу прайсці. На дурную галаву і крычаць «Слава!». Уладай ён ні з кім не падзеліцца, а мёд што? - новага бортнікі прывязуць.
Яму ўлада, а што ёй? Хіба можна параўнаць: ён - вялікі князь, - «сонейка яснае», «месяц светлы», «дзяржаўны волат», як толькі ні праслаўляюць яго лісліўцы, яна - палец ад рукі адсечаны. Дык за кім праўда?.. Забыцца зноў, але адступілася вераломная Мара, не цікавіць яе новая насцярожаная душа; не паверыць ўжо Мары княгіня Гарыслава так, як верыла шэсць гадоў назад князёўна Рагнеда, адразу ўбачыць немудрагелісты падман, усміхнецца і развее дурманлівы дымок над гаркотай праўды...
Прачнулася памяць, і разбурыўся спакой ціхага шматгадовага вар'яцтва. Вось і хадзіць Рагнедзе ўздоўж Лыбедзі, ахалоджваючы свае палкія думкі. Збоку глядзець - добрае ў яе жыццё, зайздросцяць ёй тутэйшыя смерды; не трэба ёй жаць, даіць, прасці, гатаваць; хочацца - сядзіць на прызбе, захочацца - гуляе з дзецьмі, не захочацца - іх нянькі даглядаюць, захочацца сумнай песні - варта паскача, схопіць дзе старца, прывязе - ён спявае; што яна скажа - тое згатуюць; захоча на свяцілішча - ёй вазок падаюць; захоча спаць увесь дзень - ніхто не ўпікне. Лепшага жыцця і быць не можа, чараўнік лепшага не дасць, бо і прасіць няма чаго, усё мае княгіня, адно, можа, няма залатых яблыкаў і птушынага малака; нібы сказка, такое жыццё: пальцам паварушы - і ўсё быццам само сабой зробіцца. Вось што яны думаюць, а яшчэ думаюць: каму ўсё дадзена, таму і дабро не ў радасць, ужо не ведаюць, што пажадаць, толькі і застаецца гуляць дзень за днём уздоўж рэчкі...
Так, усё ёсць, думае Рагнеда, усё маю, толькі радасці не маю. Ім і ў галаву не прыходзіць, што яна больш ім зайздросціць, чым яны ейнаму шчасцю. Цяжка ім жыць, ды весялейшае ў іх жыццё - муж у хаце, ёсць з кім пасварыцца і памірыцца, ён паб'е, ён жа і пашкадуе; і радуюцца яны шчыра, і вяселлі ў іх іншыя, і не становяцца іх мужамі забойцы бацькоў, ды рэдка бывае, каб у хвіліну выбілі ўсю сям'ю. Далёка ўнізе яны ад яе, а шчасця ў іх болей. Вось яна і кіеўская княгіня, жонка Ўладзіміра, маці княжычаў, і не пужае яе неўраджай, голад, вайна, але не ўсе захацелі б памяняцца з ёю лёсам - стаць жонкай карніка, забойцы, ката бацькоў... Дык чым жыццё Ўладзіміра даражэйшае за жыццё князя Рагвалода, думае Рагнеда. Ці Ўсяслава і Брачыслава? Даўно кліча яго ў магілу чужая кроў, цягне ў пахавальны агонь, а ён адбіваецца, бароняць яго срэбралюбцы ад удару мсціўцы. Не адкупіўся ад Ягі, але жыве. Заўсёды акаляюць яго ўзброеныя малайцы. Ведае князь Уладзімір, як лёгка ўваходзіць у чалавечае цела наточаны каменем нож...
І складваліся гэтыя думкі ў гарачкавае жаданне вярнуць гонар. Ці рана, ці позна жыццё скончыцца, а гонар праз вякі жыве, ён разам з душой на той свет сыходзіць. Пойдзе душа, сустрэнуць яе людкі, убачаць, што без гонару, - і пакінуць адну: памерці, скажуць, памерла, не баялася, а вярнуць гонар пабаялася - і не прымуць да сябе, і зноў цярпець пакуты адзіноцтва, як і тут. Не выпадкам жа бліснуў святлом, выводзячы з зачараванай невідушчасці, нож прываротніка. Папрасілі багоў даць знак пакрыўджаныя людкі - забітыя маці і бацька; чакалі, пакуль дачка сама прасвятлее, не дачакаліся і самі далі падказку. Трэба звесці Ўладзіміра з гэтага свету. А потым яе звядуць. Дабрыня ўласнай рукой засячэ. Але ўсё роўна трэба забіць. Просяць бацькі і браты. Здаецца, яны і крычалі тады: «Адпомсці, Рагнеда! Адпомсці!» Яна - даўжніца за іхныя жыцці і за сотні іншых палачанскіх жыццяў. З ёю павязалася іх смерць. Клічуць крывіцкія багі праліць кроў за кроў па святому закону адплаты.