Глава 5. Прыгоды з раніцы
Прафесар Лiтвакас расплюшчыў вочы. Ён пражываў у не самым старым раёне Вільні, але ўсё ж старадаўніх асабнякоў, якім хутка павінна было споўніцца сто гадоў, там было дастаткова. Многія заможныя людзі ўжо не першы год скуплялі маёмасць па суседству з прафесарам філасофіі. Называўся гэты раён – Жвярынас.
Лiтвакас вельмі любіў свой раён і свой стары драўляны дом, пакрыты выдатным чарапічным дахам. У гэтым доме ў яго была вялікая спальня і вузкi спартанскi ложак, з якога ён і падняўся раніцай. Выгляд яго выдаваў бяссонную ноч. На яго прыложкавай тумбачцы ляжала кніга Эдгара По раскрытая на вершы «Сон у сне». Спехам памыўшыся, Лiтвакас хутка перакусіў тым, што засталося ад вячэры і, накінуўшы паліто, выбег з хаты. Сёння ён не збіраўся чытаць лекцыі. Скокнуўшы ў свой навюткі дарагі седан, чорнага колеру, прафесар завёў рухавік і праз кароткi адрэзак часу быў ужо за горадам, дзе дазволіў сабе развіць неабыякую хуткасць – сто восемдзесят кіламетраў на гадзіну. Лiтвакас любіў хуткасць, акрамя таго ён спяшаўся. Яго седан, пабліскваючы на сонцы, ляцеў па трасе ў бок Беларусі.
Праскочыўшы мяжу адносна хутка, Лiтвакас працягваў ціснуць на газ і неўзабаве ўбачыў, што наперадзе замаячыла Гародня. Менавіта туды спяшаўся літоўскі прафесар.
Прыпаркаваўшыся ў цэнтры, Лiтвакас пастукаў пальцамі па рулі, злёгку паскроб яго прыемную навобмацак скураную паверхню, і дастаў з унутранай кішэні пінжака свой тэлефон. Прабегшыся па сэнсарных клавішах, ён паднёс трубку да вуха.
– Алё, – сказаў у трубцы прыемны, малады жаночы голас.
– Вікторыя, гэта Лiтвакас.
– Вы, прафесар? – голас дзяўчыны гучаў здзіўлена, і як здалося Лiтвакасу, трохі стомлена.
– Я прыехаў у Гродна і мне трэба пагаварыць з вамі, Віка.
– Вы ў Гродна? – голас суразмоўніцы Лiтвакаса стаў яшчэ больш здзіўленым.
– Так, гэта вельмі важна. Я разумею, што ўсё гэта вельмі нечакана для вас. Я прама як няпрошаны госць у разгар чаявання. Проста зразумейце, што гэта вельмі, ну вельмі важна, Вікторыя!
– О, вядома, прафесар. Я ўсё цудоўна разумею і ведаю, што вы не проста так прыехалі да нас у горад. У вас ёсць важная справа, і я з задавальненнем з вамі сустрэнуся, каб вырашыць яе.
– Я ведаў, што знайду ў вас разуменне, Вікторыя. Ці можаце вы быць у тры гадзіны дня каля помніка Элізы Ажэшкі?
– Хвіліначку… Так, прафесар. Давайце так і зробім.
– Дзякуй. Да сустрэчы.
– Дзякуй вам, прафесар.
Паклаўшы трубку, Лiтвакас застыў на некалькі імгненняў, а потым, рэзка адкрыўшы дзверы з машыны, пайшоў прагуляцца па горадзе і перакусіць да сустрэчы з дзяўчынай.
Віка тым часам абдумвала нечаканае з'яўленне Лiтвакаса. Яна ўсё яшчэ сядзела на ложку не адзеўшыся. Віка правяла рукамі па валасах. Незвычайны яркі і цікавы сон, прымусіў дзяўчыну задумацца пра прычыну яго з'яўлення.
– Звычайна я не бачу сноў, – сказала яна сама сабе і працягнула руку да тэлефона, які паспела адкласці на маленькі часопісны столік.
У гэты час Мечыслаў і Уладзімір абедалі дома ў гродзенскага гісторыка. Мечык даў прытулак свайму мінскаму калегу, і яны ўжо паспелі з раніцы пазаймацца унікальнымі артэфактамі, якія да гэтага былі знаёмыя Уладзіміру толькі па фота і апісанням сяброў. Уладзімір змог сам патрымаць у руках сярэбраную капсулу – добра вычышчаную і бліскучую.
Жонка Мечыка ўвайшла на кухню, дзе размясціліся гісторыкі.
– Смачна есцi, – сказала яна.
– Дзякуй! – хорам адказалі Мечык і Уладзімір.
– Вельмі смачна. Вы выдатна гатуеце, – зрабіў Уладзімір камплімент гаспадыні дома, якая была апранута ў хатні спартыўны гарнітурчык і якраз збірала валасы ў пучок на патыліцы.
– Вельмі прыемна, – сказала маладая гаспадыня і ўсміхнулася.
У гэты час у кухню ўбег маленькі сын Мечыслава. Ён кінуўся да бацькі і паспрабаваў схапіць яго за гарлавіну швэдры.
– Я ж ем, ты ж бачыш, – сказаў Мечыслаў і, усміхнуўшыся, падняў сына і пасадзіў яго да сябе на калені.
У гэты час у пакоі на гарышчы, дзе Уладзімір і Мечыслаў пакінулі свае тэлефоны побач з артэфактамі Панятоўскага, чуўся званок. Тэлефон Мечыка вібраваў на стале, але насельнікі дома не чулі, бо былі занадта далёка.
Віка пачакала яшчэ трохі і, так і не пачуўшы прывітання Мечыка ў трубцы, апусціла тэлефон на калені.
– Не падымае, – задуменна сказала дзяўчына, – Трэба будзе набраць пазней.
Яна ўстала і пачала збірацца на сустрэчу з Лiтвакасам.
У гэты час Мечык і Уладзімір скончылі абед і вярнуліся да сваёй працы.
– Захаванасць дзівосная, – сказаў Уладзімір, яшчэ раз беручы сярэбраную капсулу ў рукі.