Выбрать главу

Глава 6. Прыгоды працягваюцца

Хтосьці моцна трымаў Віку ззаду і заціскаў ёй далонню рот. Праз некалькі секунд у арку ўвайшоў той самы невыразны суб'ект, які ішоў за дзяўчынай ад дарогі, дзе ён адным ударам адправіў у накаўт кіроўцу. Суб'ект наблізіў свой твар да твару Вікі, і яна ўбачыла, што вочы ў яго амаль празрыстыя і не выказваюць ніякіх эмоцый.

Стары дом, у арцы якога трымалі дзяўчыну, знаходзіўся ў цэнтры горада, аднак мінакоў на маленькай Тэлеграфнай вуліцы было мала, і асабліва разлічваць на іх дапамогу не прыходзілася.

Незнаёмы працягваў глядзець на Віку ва ўпор. Нечакана ў ягоных вачах мільганула насмешка, і ён паглумліва схіліў галаву. Рэзкім рухам ён выцягнуў велізарны паляўнічы нож з выявай трыкутніка на лязе. Убачыўшы гэта, дзяўчына сціснулася ўсім целам і ўскрыкнула, але гук голасу быў заглушаны далонню таго, хто трымаў яе. Чалавек з нажом між тым правёў кончыкам сваёй зброі па назе дзяўчыны, не націскаючы моцна, каб не парэзаць вопратку і не параніць сваю ахвяру. Затым Віка адчула, што лязо нажа ўпіраецца ў вобласць сэрца. Ведучы руку са зброяй невядомы не пераставаў тарашчыцца ў вочы перапалоханай дзяўчыны. Ён падчапіў нажом сумачку, якая вісела на плечыку ахвяры і, зняўшы яе, апусціў уніз на брук. Затым ён прысеў побач з торбай і пачаў капацца ў ёй, відавочна, спрабуючы нешта адшукаць. Нягледзячы на страх дзяўчына адчула сорам ад таго, што незнаёмы, з мярзотнымі, празрыстымі вачыма, корпаўся ў яе асабістых рэчах, старанна абмацваў іх і бесцырымонна выкідваў ёй пад ногі. Здавалася, яму гэта дастаўляе задавальненне. Нарэшце, ён выцягнуў яе тэлефон і, схаваўшы нож, падняўся перад Вікай у поўны рост. Здзек у ягоных вачах імгненна патух, ён махнуў таму, хто трымаў дзяўчыну, і яна адчула штуршок у спіну, ад якога не змагла ўтрымацца на нагах. Зваліўшыся наперад і абадраўшы каленку, Віка пачула, як рэзка сарваліся з месца тыя, хто трымаў яе.

Дзяўчына паднялася, папраўляючы вопратку і імкнучыся супакоіцца. Яна сабрала рэчы, выкінутыя з сумачкі, назад. Тэлефон, з дапамогай якога Віка магла б патэлефанаваць у міліцыю, скралі, а бегаць і клікаць на дапамогу сярод белага дня ёй не хацелася, ды і ў гэтым, строга кажучы, не было вельмі вялікай неабходнасці, бо цяпер ёй ніхто не пагражаў.

Трохі прыйшоўшы ў сябе, дзяўчына выглянула з аркі і, да свайго здзіўлення, убачыла чалавека з празрыстымі вачыма, які стаяў непадалёк і трымаў яе тэлефон.

У жаху дзяўчына адхіснулася і пабегла па праходзе ўглыб, але, раптам, злосць захліснула Віку, яна спынілася і сціснула кулачкі.

«Гэта мой тэлефон, там куча патрэбных нумароў, а гэтыя нахабныя паразіты нават не думаюць уцякаць з ім. Цяпер, у рэшце рэшт, белы дзень. Тут не лес, а цэнтр горада…» – пранеслася ў галаве дзяўчыны.

Яна разгарнулася і рашучым крокам выйшла з аркі назад на вуліцу. Убачыўшы, што выкрадальнік яе тэлефона ўсё яшчэ там, яна адчула прыліў страху, але тут жа, пабароўшы яго, гучна крыкнула:

– Аддайце мой тэлефон!

Голас яе дрыжаў ад хвалявання, але яна яшчэ мацней сціснула далоні і пайшла за загадкавым чалавекам, які як быццам адмыслова дражніў яе, пакручваючы ў руцэ тэлефон.

Незнаёмы ўсміхнуўся і павольным крокам, нібы запрашаючы Віку ісці за ім, пайшоў у бок помніка Ажэшкі. Затым ён павярнуў направа, да старадаўняга асабняка, вядомага тым, што яго некалі займалі масоны, і, прайшоўшы скрозь прыгожыя, пафарбаваныя ў цёплы колер, вароты – прапаў з вачэй.

Віка паскорыла крок і згарнула за незнаёмцам. Той ужо быў ля самага асабняка, а побач стаяў іншы суб'ект, мабыць, той самы хто трымаў Віку, пакуль чалавек з празрыстымі вачыма корпаўся ў яе рэчах.

У гэтай частцы горада было даволі людна, што надало дзяўчыне больш упэўненасці. Удыхнуўшы глыбей і сціснуўшы вусны яна рушыла наперад.

Двое незнаёмцаў і не думалі ўцякаць ад дзяўчыны, яны спакойна зайшлі за асабняк, зноўку знiкшы з вачэй. Віка яшчэ паскорыла крок і згарнула ўслед за рабаўнікамі. Падышоўшы да краю абрыву, у якога была размешчана былая рэзідэнцыя масонаў, Віка павярнула галаву налева, але не ўбачыла тых за кім ішла. Затое, яна заўважыла, што на высокім ганку з калонамі, якія падтрымлівалi вялікі балкон, вісеўшы пад спічастымі вокнамі, стаіць чалавек у цёмным плашчы, з доўгімі сівымі валасамі.