– Ну што? Што такое? Што Лiтвакас, а? – закідалі яны Віку пытаннямі.
– Ён… ён… – дзяўчына адчула, што можа заплакаць, але справілася з сабой.
– Што? – спытаў Мечык.
– Ён… ён толькі параіў мне кінуць гэтую справу… прадаць яму артэфакты, – блытана загаварыла дзяўчына.
– Прадаць! – абурана сказаў Мечыслаў. – Ага, зараз.
– А потым, уявіце, ён уцёк, а на мяне напалі.
– Напалі… – амаль спалохана прамовіў Уладзімір.
– Хто? – прагыркаў Мечыслаў.
– Не ведаю. Нейкія людзі. У іх быў нож. Яны скралі мой тэлефон, але потым вярнулі, і там быў запіс. А адзін з іх, ну, як бы галоўны, асабліва мяне напалохаў. Яго завуць Якаў Панурыш. Так ён сказаў.
– Трэба ў міліцыю патэлефанаваць, мне здаецца, – ціха вымавіў Уладзімір.
– Нож? Скралі тэлефон? – пытаўся Мечык, які, відавочна, быў у раз'юшаным стане.
– Цяпер тэлефон у мяне. Я ў парадку, толькі калена пабіла, – сказала Віка. – Галоўнае гэта тое, што яны пакінулі ў маім тэлефоне запіс.
Дзяўчына ўзяла тэлефон і, павадзiўшы пальчыкам па экране, аддала яго Мечыславу, да якога адразу ж пасунуўся бліжэй Уладзімір.
– Тры гадзіны ночы, на тым жа месцы, – прачытаў Мечыслаў услых, а Уладзімір варушыў вуснамі, чытаючы пра сябе.
– Ён сказаў, што я магу прывесці вас, – прамовіла Віка.
– Мы пойдзем, я хачу паглядзець у вочы гэтаму чалавеку. Што гэта за стварэнне, якая нападае на дзяўчыну сярод белага дня, у цэнтры нашага горада. Якаў? Якаў Панурыш? Ягонае імя гучыць для мяне неяк знаёма. Хм… Так! Я сапраўды хачу зірнуць на гэтага таварыша.
– Можа быць, разумна ўсё ж такі паведаміць у міліцыю, бо тут жа напад і пагроза нажом? – ціха спытаў Уладзімір.
– Я і без міліцыі не баюся гэтых бадзягаў, – адказаў Мечыслаў, з сілай удараючы кулаком у далонь.
– Але… – пачаў Уладзімір.
– Мы папросім маю жонку падстрахаваць нас. Калі мы не вернемся праз гадзіну з гэтай сустрэчы яна патэлефануе ў міліцыю… Хоць, лепш ёй не ведаць, яна ж спалохаецца. У мяне ёсць сябра – Фёдар. Вось ён і пабудзе на падстрахоўцы, – сказаў Мечыслаў.
Суразмоўцы маўчалі, а за суседнім столікам весела смяялася парачка студэнтаў, упіхваючы ў раты чыпсы з пакуначкаў.
– Так і зробім, – падсумаваў Мечык, зрабіўшы сур'ёзны твар. – А цяпер, Віка, раскажы ўсё ў падрабязнасцях, і мы цябе адвязём дадому і нават да дзвярэй праводзім, на ўсялякі выпадак, – прамаўляючы апошнія словы, Мечыслаў ужо шырока ўсміхаўся.
Праз гадзіну ў кватэры гарадзенкi павярнуўся ключ. Дзяўчына ўвайшла дадому і стомлена села ў калідоры. У яе было трохі часу, каб адпачыць. Праз некалькі гадзін быў прызначаны збор дома ў Мечыслава. З хаты гісторыка сябры збіраліся адправіцца на сустрэчу з Панурышам.
Віка сцягнула з сябе джынсы і села на ложак, каб агледзець калена. Вялікая рана ўпрыгожвала цяпер цудоўную дзявочую ножку. Скептычна памахаўшы галавой, дзяўчына хацела прылегчы, але яе тэлефон даў аб сабе ведаць прыемным, меладычным званком. Нягледзячы на пяшчотнасць мелодыі, дзяўчына здрыганулася і схапіла трубку, затым секунду павагаўшыся, паднесла яе да вуха.
– Ну, вы бачылі самі, праўда? Вы павінны пакінуць гэтую справу, я ж прасіў вас, – зачасціў у трубцы мужчынскі голас.
– Дзякуй за пана папярэджанне, прафесар. Я бачу, што вы мелі рацыю… Так, маеце рацыю. Небяспека сапраўды ёсць. Я ў гэтым пераканалася.
– Проста кіньце гэтую справу, кіньце, кіньце, – працягваў стракатаць голас у трубцы.
– Прабачце, калі ласка, прафесар. Давайце пагаворым пазней. Вялікі вам дзякуй за папярэджанне. Мне проста трэба яшчэ крыху адпачыць. Дзякуй, да пабачэння.
Лiтвакас зразумеў, што сувязь перарвалася. Ён з раздражненнем адшпурнуў тэлефон і яшчэ мацней націснуў на газ. Ягоны чорны седан на добрай хуткасці нёсся ў бок Літвы.
Быў яшчэ ранні вечар, калі прафесар філасофіі пад'ехаў да свайго дома.
Зайшоўшы дадому ён наліў сабе цэлую кружку свайго любімага цёмнага піва, а затым яшчэ адну і яшчэ адну. Лiтвакас прылёг падрамаць і прачнуўся толькі тады, калі сабвуфер ягонага хатняга кінатэатра патрос дом асабліва магутным выбухам. Так і не ўразумеўшы для сябе, навошта ён уключыў найноўшы блакбастар пра супергерояў, калі ён ненавідзіць падобнае кіно, прафесар пацягнуўся, пазяхнуў і, хуценька апрануўшыся, выйшаў у калідор. На момант застыўшы, ён кінуўся на кухню і схапіў ламаць свайго любімага сыру. Актыўна жуючы, ён хацеў ужо выйсці на вуліцу, але тут у дзверы ціха пастукалі.
Адкрыўшы дзверы, Лiтвакас застыў у жаху, а ў калідор да яго ценем праслізнула нейкая постаць. Праз паўгадзіны дзверы адчыніліся зноў, і наведвальнік пакінуў дом прафесара. Неўзабаве ўслед за ім выйшаў і Лiтвакас. У яго быў зусім змрочны выгляд. Прафесар накіраваўся да старадаўняга, высокага маста, па якім рухаўся калі выпраўляўся на працу са свайго Жвярынаса ў цэнтр. Ён проста хацеў крыху пагуляць і ўтрэсці ў галаве падзеі дня.