Лiтвакас паспеў ужо напалову перасекчы мост. Удыхнуўшы на поўныя грудзі ён спыніўся, каб зірнуць на выгляд навакольных будынкаў. Свежае, халоднае паветра зімовай Вільні было прыемным прафесару. Ён падняў каўнер паліто і рушыў далей…
У тую ж хвiлiну ён атрымаў моцны ўдар у патыліцу і страціў прытомнасць. Яшчэ праз імгненне Лiтвакаса схапілі пад мышкі і за левую нагу і перакінулі праз парэнчы маста.
Глава 7. Тры выбранніка Панурыша
Асабняк масонаў стаяў ля краю даліны, на дне якой цурчала вада. Дзіваватае аблічча будынка прыцягвала да сябе ўвагу, перш за ўсё, самымі рознымі па форме і памеру вокнамі. Тут былі і маленькія выцягнутыя, якія паходзілi на байніцы, і стрэльчатыя – гатычныя, і прастакутныя, у тым ліку вельмі шырокія, а ва франтонах змяшчаліся невялікія, круглыя акенцы. Лічылася, што асабняк пабудаваў яшчэ прыдворны архітэктар караля Панятоўскага – Джузэпэ дэ Сака. Пазней будынак перабудавалі.
Туман ахутваў усё вакол. Запаленыя ліхтары, акружаныя быццам бы матавым шклом, давалі расьсеянае святло. Холад зімовай ночы напаўняў вуліцы, якія былі амаль цалкам бязлюдныя.
Рэдка-рэдка ў гэтую гадзіну мінак вяртаўся адкуль-небудзь і ў цішыні яго крокі здаваліся гучнымі.
У машыне, прыпаркаванай непадалёк ад асабняка масонаў, сядзелі трое.
– Мы дакладна не з'ехалі з глузду? Ноч, а мы вось сядзім тут. Можа ўсё ж такі не варта было гэтага рабіць? – спытаў Уладзімір.
Мечыслаў пакасіўся на мінчука. Адчувалася, што нават ён цяпер не зусім упэўнены ў тым, што ім варта было прыязджаць.
– Я вас прывёў сюды, а цяпер… нават і сам не ведаю… – прамовіў ён ціха.
Віка засяроджана маўчала. Дзяўчына пільна глядзела на ахінуты туманам асабняк. Яна ўспамінала не самую прыемную размову з дзіўным чалавекам, як ён стаяў на ганку гэтага старадаўняга дома і глядзеў… пільна.
– Яшчэ не позна проста паехаць і не напрошвацца на непрыемнасці, – сказаў Уладзімір самым сваім пераканаўчым тонам.
– Так? – спытаў Мечык.
– Глядзіце, – сказала Віка, паказваючы на адно з вокнаў асабняка, – там быццам бы святло. Такое святло як быццам там гараць свечкі.
Усе трое паглядзелі на стары дом, якi некалі служыў прытулкам для загадкавых масонаў.
– Не разумею, – сказаў Мечык, – там павінна быць сігналізацыя і, па-мойму, нават ахова. Як гэтыя людзі трапілі ўнутр?
– Можа быць гэта вартаўнік, – асцярожна выказаў сваю здагадку Уладзімір, але па ягоным твары было відаць, што ён сам не верыць у тое, што свечкі запаліў той, хто прызначаны гаспадарамі будынка яго пільнаваць.
– Я, здаецца, нават бачу адну са свечак побач з акном, – нягучна сказала Віка.
– Дзе? – спытаў Мечык.
– Вось там, на другім паверсе, – адказала дзяўчына.
Уладзімір толькi пакруціў галавою. Было бачна, што яму вельмі не хочацца ісці на сустрэчу з нейкімі невядомымі яму людзьмі ў вялікi і змрочны дом, ахінуты шэрым халодным туманам. Ён пачухаў за вухам і сказаў:
– У жыцці не ўдзельнічаў у такой дзіўнай гісторыі. Я рады быў пазнаёміцца з вамі, зразумейце мяне правільна, сябры, але гэта ўсё… Я проста цяпер выразна разумею, што мы ўліплі ў нейкую дзіўную, калі не сказаць злавесную, гісторыю. Гэта ўсё, па-мойму, небяспечна.
– Ты абсалютна маешь рацыю, – сказала Віка, – даруй нам, калі ласка. Дзякуй табе велізарнае і… Мечык! – звярнулася яна да седзячага за рулём гродзенскага гісторыка. – Можа нам варта м-м-м… адпусціць Уладзіміра, каб ён не рызыкаваў трапіць у непрыемнасці?
– Ды не, – амаль прашаптаў Уладзімір, – цяпер я вас ужо не пакіну, – вымавіў ён ужо больш гучным голасам.
Віка ўсміхнулася Уладзіміру і паглядзела на Мечыслава, які без перапынка сачыў за асабняком і стукаў пальцамі па рулі, часам глыбока ўздыхаючы і ёрзая ў крэсле.
– А што цяпер знаходзіцца ў будынку? – пацікавіўся Уладзімір.
– Здаецца, друкарня ўніверсітэта, ці нешта накшталт таго, – адказаў Мечыслаў.
– Якая гадзіна, сябры? – спытала Віка.
– Без пяці хвілін тры гадзіны, – адказаў Уладзімір.
– Значыць, нам пара! – рашуча сказаў Мечыслаў і адкрыў свае дзверы.
Праз імгненне трое сяброў ужо стаялі на вуліцы. Пар ад іх дыхання быў быццам частка туману, якi ахінаў усё вакол. Яны застылі на месцы, адчуваючы, як холад праймае цела скрозь вопратку. Мечыслаў паварушыў пальцамі ў пальчатцы і накіраваў бралок на машыну, якая, коратка пiкнуўшы, зачыніліся. Не змаўляючыся, Віка, Мечыслаў і Уладзімір рушылі да асабняка.