Выбрать главу

– Але гэта яшчэ не ўсё, – перапыніў яго Панурыш, кінуўшы на мінчука жорсткі погляд сваіх пранізлівых вачэй, – паставіць абраных па імёнах у дзень прызначаны, значыць расставіць вас у рэзідэнцыях Яго Вялікасці, вы, вядома, іх ведаеце: Станіславова, Аўгустова, Панямунь.

Адна са свечак выдала рэзкі трэск і агеньчык яе амаль згас, але потым успыхнуў зноў і перастаў вагацца.

– Станіславова гэта тваё месца, Мечыслаў, – працягнуў загадкавы апавядальнік, – таму што тваё прозвішча пачынаецца на літару С. Аўгустова – месца пенькнай Вікторыі, чыё прозвішча пачынаецца на А. Панямунь…

Панурыш рэзка падняў вочы да верху, і праз імгненне апусьціў іх, спыніўшы позiрк на Уладзіміры.

– Але маё прозвішча пачынаецца не на літару П, – скалануўшыся ўсім целам сказаў Уладзімір.

– Цалкам дакладна, – адказаў Панурыш, і затым дадаў поўным сарказму голасам, – ты ўвогуле лішні ва ўсёй гэтай гісторыі, сябрук. У сядзібе Панямунь павінен стаяць я – Якаў Панурыш.

У гэты момант на лесвіцы пачуліся крокі. Нехта амаль бег па лесвіцы ўверх.

– Госці, – са змрочнай усмешкай прамовіў Панурыш, – хтосьці іх запрасіў, – дадаў ён, кінуўшы поўны нянавісці позірк на Уладзіміра.

У тую ж секунду ў памяшканні апынуўся міліцыянт з аўтаматам, але перш чым ён паспеў што-небудзь сказаць, стоячы збоку ад яго чалавек са світы Панурыша выбіў з рук начнога госця зброю. Аўтамат адляцеў у кут і з глухім стукам упаў на падлогу. Велізарны баец аднаго з элітных міліцэйскіх падраздзяленняў, апрануты ў цяжкую бронекамізэльку, павярнуўся да таго, хто абяззброіў яго, а ў гэты час з-за ягоная спіны выскачыў другі міліцыянт з дубінкай у руках. Чалавек Панурыша спакойна стаяў, апусціўшы рукі. Выкрыкнуўшы нейкi кленiч, волат паспрабаваў нанесці праціўніку ўдар у сківіцу, але той спрытна ўхіліўся і злёгку падскочыўшы, ударыў суперніка ў скронь сваёй левай рукой у скураной пальчатцы. Да здзіўлення сяброў і другога міліцыянта велізарны чалавек у цяжкай камізэльцы адразу ж мякка асеў на падлогу і, плаўна нахіліўшыся направа, распластаўся на падлозе. Ён быў выведзены з ладу надоўга. Не паспеў другі міліцыянт прыйсці ў сябе ад здзіўлення, як перад ім ужо стаяў іншы паслугач Панурыша, хаваючы рукі ў сваёй шырокай вопратцы. Размахнуўшыся заціснутай у правай руцэ дубінкай, міліцыянт абрынуў на стоячага перад ім чалавека ўдар, які не змог дасягнуць мэты. З хуткасцю маланкі слуга Панурыша выхапіў старадаўнюю на выгляд, крывую шаблю, падобную на тыя, што насілі шляхцічы і магнаты ў Рэчы Паспалітай, і парыраваў удар, пры гэтым перасекшы дубінку да паловы. Ад здзіўлення міліцыянт выпусціў сваю ўпадабаную прыладу, якая спаўзла па лязе шаблі ды з глухім стукам звалілася на падлогу. Адразу ж пасля гэтага чалавек Панурыша з велізарнай хуткасцю ўдарыў міліцыянта кулаком свабоднай рукі ў сківіцу, ад чаго той адляцеў да сцяны і, стукнуўшыся аб яе спіной, апынуўся на падлозе, страціўшы прытомнасць. У тую ж секунду Панурыш і ўся ягоная світа кінуліся да выхаду і не паспелі сябры ачуняць, як тупат ног уцекачоў ужо заціх на лесвіцы. Мечыслаў, Віка і Уладзімір, уражаныя ўсім тым, што адбылося, стаялі і глядзелі на двух міліцыянтаў першы з якіх – волат у бронекамізэльцы, ужо стаў падаваць прыкметы жыцця і спрабаваў перавярнуцца на бок, матаючы галавой. Не змаўляючыся сябры рынуліся да выхаду, дабеглі да машыны і заскочылі ў салон. Праз хвіліну іх аўтамабіль ужо нёся па пустых вуліцах Гароднi.

Глава 8. Дарогі дадому

– Што? Што гэта такое? – крычаў Мечык, шалёна круцячы руль.

Віка сядзела моўчкі, здавалася яна знаходзілася ў шокавым стане. Уладзімір круціў галавой, хмурыўся і чухаў патыліцу, як быццам не мог зразумець, дзе ён і што з ім.

– Адкуль там мянты?! – амаль крычаў Мечыслаў. Потым ён крыху супакоіўся і на цэлую хвіліну замоўк.

– Гэта было нешта, – прамовіў Уладзімір, старанна расціраючы лоб далонню.

– Мне здалося, што гэты Панурыш, ці як там яго, лічыць, што гэта ты выклікаў міліцыю, – устрывожана прамовіў Мечыслаў.

– Не, вядома, не, – слабым голасам адказаў Уладзімір.

– Адкуль жа яны ўзяліся?

– Можа быць убачылі водсветы свечак у вокнах, – выказаў здагадку мінчанін.

Мечык памахаў галавой на знак таго, што сумняваецца ў гэтым. Віка працягвала сядзець моўчкі і глядзець на падлогу.

– Віка, ты як? – спытаў гарадзенскі гісторык.

– Добра, не хвалюйся, Мечык, – адказала дзяўчына, падняўшы на яго свае шэрыя вочы, у якіх чыталiся спакой і нават нешта накшталт затоенай весялосці.

Ацаніўшы цёплы погляд сваёй спадарожніцы Мечыслаў вырашыў, што яна сапраўды ў парадку і злёгку зменшыў хуткасць. Зрабіўшы паварот, ён праехаў яшчэ трохі і затармазіў ля свайго дома. Выйшаўшы з машыны, ён адкрыў вароты і вярнуўся ў салон аўто.