– Зараз заедзем, – прамармытаў ён сабе пад нос, націскаючы на педаль.
Загнаўшы машыну ў гараж Мечыка, сябры яшчэ некаторы час сядзелі моўчкі, пакуль Уладзімір не сказаў:
– Мечык, патэлефануй Фёдару, ён, здаецца, павінен быў нас страхаваць, скажы, што ўсё нармальна.
– Ды ўжо ж нармальна, – прамармытаў гродзенец і дадаў ужо гучней.– Зараз.
Пасля званка Фёдару, які быў п'яны ўжо пад вечар і нават не памятаў, што яго пра нешта прасілі, Мечыслаў сказаў:
– Цяпер пойдзем у дом. Асэнсуем.
Трое сяброў выйшлі з машыны і накіраваліся ў дом Мечыка, у вокнах якога прызыўна гарэла цёплае святло. Жонка гісторыка завіхалася на кухні, а яго маленькі сыночак, якi чамусцi не спаў, засяроджана круціў колы машынкі, што ляжала на велізарным пухнатым дыване.
– Гэта мы, – сказаў Мечыслаў жонцы, якая ўсміхнулася і спытала:
– Ці будзеце чай? Кавы?
– Так-так, чай, – прагаварылі госці хорам.
Пасля яшчэ некалькіх фраз з жонкай кампанія адправілася ў далёкія пакоі дома.
– Дык, што ён там нёс, гэты тып? – прамовіў Мечыслаў, залазячы на сваё любімае крэсла, Віка акуратна сядзела на крэсле, што стаяла каля вакна, а Уладзімір стаяў побач з дзвярыма.
– Хм-м-м-м, – прамычаў мінчанін.
– Ён сказаў, што мы з Вікай і ёсць тыя самыя выбраныя, – працягнуў Мечык, – але ж гэта брэд нейкi. Прычым тут мы, калі гэтая запіска Панятоўскага была зроблена ў васемнаццатым стагоддзі. Лухта.
Віка ўзняла вочы ўверх.
– Так, гэта ўсё выглядае нейкім коміксам. Я іх люблю, але самому быць героем коміксу, усё-ткі вельмі дзіўна, – сказаў Уладзімір, гледзячы на Віку, якая апусціла галаву і склала ручкі на каленках.
– Нас трэба расставіць, па каралеўскіх сядзібах у адпаведнасці з нашымі прозьвішчамі, – сказала дзяўчына, – вось так.
– Расставіць. Ага. Як нейкія шахматныя фігуркі, – прамовіў Мечыслаў.
– Так… – задуменна вымавіў Уладзімір.
– Дарэчы, я толькі цяпер падумаў, – сказаў Мечык, – што міліцыянты маглі нас запомніць, а мы ж знаходзіліся ў гэтым будынку ноччу, гэта ж незаконна, так? – апошнія словы гісторык вымавіў з пытальнай інтанацыяй і адразу ж, ударыўшы па стале рукой, дадаў. – Ідыёцкае пытанне! Ну, зразумела, гэта незаконна, – Мечык іранічна хмыкнуў і паляпаў сябе па лбе.
– Я думаю, яны нас не запомнілі. Гэтыя хлопцы з імі так хутка разабраліся, а галоўнае добра разабраліся, што ім бы ўспомніць куды яны ўвогуле прыходзілі, – сказаў Уладзімір.
– Спадзяюся, з імі ўсё ў парадку, – устрывожана сказала Віка.
– З кім з імі? – спытаў Мечык.
– Ну з… мянтамі, – адказала дзяўчына з запінкай, як бы саромеючыся слова «мянты».
– Гэтым і елку можна на галаве зламаць, асабліва таму першаму, і ўсё будзе добра, – адказаў Мечыслаў усміхнуўшыся.
– Ну дык, – таксама ўсміхнуўшыся, пацвердзіў мінчанін.
– А ты не заўважыў, там дзе-небудзь былі камеры? Ну, у будынку або вакол? Дзесцi мы патрапілі ў кадр? – прамовіў напружана Мечык.
– Ды не, – адказаў Уладзімір, – я ўсё праверыў, там было чыста.
– Ты прама Джэймс Бонд, – сказаў Мечык сур'ёзна, але тут жа не ўтрымаўся ад усмешкі, а яшчэ праз імгненне засмяяўся. – Ды і мы ўсе Джэймс Бонд, – дадаў ён скрозь смех.
Мінскі госць таксама стаў смяяцца і нават на вуснах сур'ёзнай Вікі з'явілася ўсмешка, а праз некалькі імгненняў і дзяўчына далучылася да двух усмешлівых гісторыкаў і яе прыемны смех зьмяшаўся з іх вясёлым рогатам.
Тут у пакой увайшла жонка Мечыка з невялікім падносам, на якім стаялі чайныя кружкі.
– Я бачу вам весела. Вельмі добра, – сказала яна і, усміхаючыся, паставіла паднос на невялікі столік.
– Дзякуй! – сказала Віка.
– Дзякую, – дадаў Уладзімір.
– Дзякуй, мілая, – прамовіў па складах Мечык, весела гледзячы на жонку.
– Калі ласка, – адказала тая і выйшла з пакоя, маючы хітры выраз вачэй.
У гэты момант Уладзімір пачуў званок уласнага тэлефона. Засунуўшы руку ў ляжачую непадалёк сумку, ён выцягнуў трубку і, зірнуўшы на экран, са злёгку здзіўленым выглядам, паднёс яе да вуха. Яго сябры назіралі за ім. Па меры таго як Уладзімір слухаў суразмоўцу твар яго станавіўся ўсё больш здзіўленым, а потым раптам на ім з'явіўся выраз жаху. Голас у трубцы быў такім гучным, што асобныя словы даляталі нават да Вікторыi і Мечыка. Нарэшце Уладзімір адарваўся ад тэлефона і разгубленым позіркам абвёў пакой.
– Я павінен вярнуцца ў Мiнск, – пасля кароткага маўчання выпаліў гісторык.
– Што? – здзіўлена спытаў Мечыслаў. – Як гэта?