– Гэта ж такі ўсур'ёз, так, – прамямліў Лiтвакас, прыжмурыўшыся на таго хто сядзеў у крэсле. – Вы разумееце, што гэта значыць?
Адказу не было. Госць задуменна курыў дарагую цыгару і прыцмокваў вуснамі.
Лiтвакас трохі памаўчаў і стаў гаварыць хутка і гучна:
– Цяпер, калі гэтая галаваломка развязаная, ёсць магчымасць дастаць артэфакт. Але гэтая арганізацыя бянтэжыць мяне, скажу нават больш – палохае.
– Цяжка паверыць у тое, што вы кажаце пра гэтых людзей, – спакойна вымавіў суразмоўца. – Гэта ж не кіно.
– Вось менавіта, – упэўнена адказаў Лiтвакас.
– Ва ўсякім выпадку, спадзяюся, вы будзеце трымаць мяне ў курсе, – сказаў госць, – я вельмi рады быў трохі вас падтрымаць.
– Дзякуй вам, вы сапраўды мяне падтрымалі і дапамаглі. Каму ж як не прафесару Баранаўскасу ведаць толк у такіх справах, – ветліва адказаў Лiтвакас, пасля чаго абодва суразмоўцы падняліся і прайшлі на лесвіцу, дзе Лiтвакас па-сяброўску паляпаў свайго госця па плячы і, сказаўшы яшчэ пару ветлівых слоў, адкрыў перад ім дзверы.
– Да пабачэння, – сказаў госць і выйшаў.
– Да пабачэння, яшчэ раз дзякуй! – махнуўшы рукой і ўсміхнуўшыся, адказаў Лiтвакас, а затым зачыніў дзверы і прыхінуўся да iх спіной
Усмешка імгненна знікла з яго вуснаў, а на твары з'явіўся выраз заклапочанасці.
– Трэба… трэба папярэдзіць Віку, – зашаптаў сабе Лiтвакас, – але лепш з'ездзіць у Гродна і пагаварыць асабіста.
У гэты момант у дзверы пастукалі. Лiтвакас адкрыў і ўбачыў паліцэйскага.
– Добры дзень, – сказаў той, – вы выпадкова не бачылі вашага суседа з гэтага старога дома? – паліцэйскі паказаў рукой направа.
– Ужо даволі даўно не бачыў, а ў чым справа?
– Хочам з ім пра сёе-тое пагаварыць, – унікліва адказаў паліцыянт.
– Здаецца, ён на захадзе, працуе ў Англіі прыбіральшчыкам туалетаў, – гучна сказаў Лiтвакас.
– А калі вы бачылі яго ў апошні раз?
– Нават і не памятаю.
– Добра, дзякуй за садзейнічанне, да пабачэння.
– Так-так.
Пасля гэтай размовы нязграбны прафесар філасофіі адправіўся на кухню і наліў сабе кружку цёмнага піва. Пастаяўшы момант над ім, ён выпіў усё да кроплі і дастаў з халадзільніка курыную ножку. Прафесар вельмі не любіў свініну, але вельмі пазітыўна ставіўся да мяса птушкі.
«Размова з Баранаўскасам канчаткова пераканала мяне, што трэба ўсё расказаць…» – думаў Лiтвакас.
Ён наліў сабе яшчэ трохі піва, а потым яшчэ трохі…
Наступнай раніцай, адкрыўшы дзверы сваёй машыны, Лiтвакас сеў за руль, выехаў з Вільні і досыць хутка апынуўся ў Гродне, дзе сустрэўся з Вікай…
Віка стала варочацца і нават выдала здушаны стогн… Дзяўчына бачыла сваю сустрэчу з Лiтвакасам з боку. Вось ён у жаху ўцякае прэч і… яе хапаюць незнаёмцы… нож… выкінутыя з сумачкі рэчы… І вось зноў Лiтвакас… Ён скакнуў у сваю машыну і нясецца на поўнай хуткасці назад у Вільню. Па дарозе ён спыняецца і нешта доўга піша ў тэлефоне, потым едзе далей… тэлефануе… ёй…
Лiтвакас заехаў у свой двор і, выбегшы з машыны, застыў перад дзвярыма.
– Як жа так… – прамармытаў прафесар.
Ён хутка адчыніў дзверы i зайшоў унутр. Распрануўшыся, ён кінуўся на кухню і, адкрыўшы халадзільнік з сапраўды велізарным запасам піва, дастаў адразу дзве бутэлькі. Праз кароткі час абедзве бутэлькі літоўскага піва былі выпіты і прафесар, ужо трошкі супакоены, дастаў з халадзільніка яшчэ і свой любімы гатунак нямецкага піва. Вельмі хутка яшчэ адна пустая бутэлька далучылася да сваіх сясцёр, што мірна стаялі пад вялікім дубовым сталом, каля якога ўсё яшчэ сядзеў прафесар.
– Напіўся людец, – сказаў сам сабе філосаф. – Мда…
Ён весела засмяяўся, як быццам дзённыя трывогі цяпер ужо не так турбавалі яго.
– In vino veritas, – дадаў прафесар.
З цяжкасцю ўстаўшы, ён адправіўся ў спальню. Там, распрануўшыся, ён уключыў хатні кінатэатр, а сам прылёг і задрамаў. Праз некаторы час ён апрытомнеў і з зусім дурным, і незадаволеным выглядам, утаропіўся ў экран вялізнага тэлевізара, на якім нейкі чалавек здзяйсняў нейкія фантастычныя рэчы.
– Бязглуздзіца! – гучна заўважыў сам сабе Лiтвакас і апрануўся, а затым адправіўся ў пярэдні пакой, але ўвайшоўшы туды рэзка кінуўся на кухню, каб яшчэ трохі пацешыць сябе чым-небудзь смачным.
За акном шумеў вецер, і нейкі матацыкліст праляцеў, з гучным шумам, міма дома прафесара. Не паспеў шум матора заціхнуць у далі, як у дзверы філосафа пастукалі. Лiтвакас выйшаў у прыхожую ды пачаў пстрыкаць замкамі… Адзін… другі… Вось нарэшце можна адчынiць. На твары прафесара застыла грымаса жаху і сам ён як быццам скамянеў, а пасля таго як у яго калідор праслізнула чалавечая цень, Лiтвакас яшчэ нейкі час не зачыняў, стоячы на самым парозе, крыху нахіліўшыся наперад, як быццам яго нешта цягнула ўцячы, кінуўшы свой дом разам з тым хто прыйшоў да яго.