Выбрать главу

– Усё выдатна Ваша Імператарская Вялікасць, – адказаў другі.

– Вы рады, што я запрасіў вас з Гродна ў мой Пецярбург? – спытаў Павел.

– Гэта вялікі гонар і задавальненне, Ваша Вялікасць, хоць я і хацеў калісьці адправіцца куды-небудзь у цёплыя краіны, але бачачы як вы прынялі мяне тут, я проста не мог не прыйсці да высновы, што жадаць чагосьці іншага дурнотна і безразважна.

– Ва ўсякім выпадку, брат мой, вы не шкадуеце, што пакінулі Гродна?

– О не. Мне б не вельмі хацелася заставацца падданым у краіне, у якой я калісьці быў уладаром. Акрамя таго, хоць Гродна і лічыўся ў нас другой сталіцай, але горад быў даволі правінцыйны.

– Значыць вы ні пра што не шкадуеце? – працягваў дапытвацца імператар.

– О, Ваша Вялікасць, хто ж можа ні пра што не шкадаваць пражыўшы жыццё падобнае майму і ў маім узросце.

– Вас трывожыць лёс радзімы, гэта цалкам натуральна, – сказаў Павел.

– А акрамя таго яшчэ многае і многае. Мне часта ўспамінаюцца мае самыя маладыя гады, якія я правёў у ціхім маёнтку Воўчын. Хочаце пачуць ад мяне адну гісторыю з тых далёкіх гадоў, пане?

– А як жа, абавязкова, прашу вас, – адказаў расійскі імператар.

– Дазвольце. Неяк я верхам падарожнічаў у Воўчынскі лясах і напаткаў адну лясную хатку. А знаходзіўся там чалавек, якога звалi Панурыш, ды вырабляў вельмі дзіўны вопыт…

Тут Віка зноў прачнулася, не разумеючы, дзе знаходзіцца…

Глава 11. У зімовым лесе

Уладзімір расплюшчыў вочы і выявіў, што ляжыць уніз галавой у перавернутай машыне. На долю секунды яму нават здалося, што ён спіць, але мінчанін хутка вырашыў, што ўсё ж такі яго адчуванні занадта рэальныя для сну. Галава балела і з носу ішла кроў, а, акрамя таго, палец на левай руцэ ныў і выглядаў паламаным.

Сабраўшыся з сіламі, гісторык падцягнуў да жывата ногі і стаў паволі выпаўзаць з разбітага аўтамабіля. Ён хацеў толькі хутчэй выбрацца вонкі. Гэта ўдалося яму вельмі хутка, так што ён нават сам здзівіўся сваёй спрытнасці. Апынуўшыся звонку, малады чалавек убачыў цудоўны зімовы лес, якi зіхацеў у святле месяца. Хоць момант здаваўся вельмі непадыходзячым, Уладзімір замер любуючыся белай, іскрыстай карцінай. Ён амаль перастаў адчуваць боль і холад, і проста сядзеў на каленях, чуючы ўласнае дыханне ў п'янлівай цішыні. Яму здавалася, што белыя яловыя лапы ўтвараюць тысячы ўзораў, якія ляцяць на яго паміж змрочных, цёмных ствалоў.

Са здранцвення яго вывеў люты выкрык, які даносіўся з іншага боку дарогі, што засталася за спіной гісторыка. Выцершы нос далонню, ён кінуўся да дарогі і, прыпаўшы да снега ля самога яе краю, убачыў непадалёк чорны пазадарожнік. З яго выйшлі трое людзей, апранутыя ў чорнае. Уладзімір пазнаў іх. Гэта былі людзі Панурыша.

– Чаму ты збочыў? – злобна закрычаў адзін з іх, звяртаючыся да іншага.

– На дарозе з'явіўся кабан, – спакойна адказаў той і стаў аглядацца па баках.

Нядоўга думаючы Уладзімір споўз назад да сваёй машыны, і залез у засыпаны бітым шклом салон. Там ён знайшоў сумку, і адразу ж вылез назад. Яшчэ секунда прамаруджання і вось ён ужо бяжыць прэч ад машыны.

– Які яшчэ кабан? – пачуў мінчанін, ужо ўцякаючы ў лес.

Уладзімір цяжка дыхаў, але стараўся бегчы як мага хутчэй. Рабіць гэта было цяжка, бо галава ў яго кружылася, паламаны палец ныў даволі моцна, а снег у лесе быў надзвычай глыбокі. Акрамя таго, Уладзімір ніколі не адрозніваўся асаблівай любоўю да спорту і быў не ў той фізічнай форме, каб папросту развіць спрынтарскую хуткасць па начным, заснежаным лесе, ды яшчэ і пасля вылету разам з машынай з трасы.

Нарэшце ён адчуў, што стаміўся настолькі, што калі яшчэ трохі прабяжыць, то проста ляжа, ўжо не ўстане і засне.

«Ні ў якім разе не спаць, тут на снезе, нельга…» – пранеслася ў ягоная галаве.

Пастаяўшы хвіліну, ён азірнуўся вакол і раптам запаў у поўны адчай.

– Холад, лес, куды бегчы? – ціха спытаў сам сябе гісторык.

Не цяжка было адказаць. Мінчанін зноў пабег наперад, але зачапіўся за нешта ды паваліўся тварам проста ў снег. Апальваючы холад, які дакрануўся да твару, узбадзёрыў уцекача, і ён спрытна ўскочыў на ногі, а затым з новымі сіламі паляцеў наперад. Прабегшы яшчэ больш за сто метраў Уладзімір сеў ля нейкай сасны, прыхінуўся да яе спіной і стаў мацаць па кішэнях у пошуках тэлефона. Не знайшоўшы яго, ён палез у сумку і даволі хутка намацаў у ёй трубку мабільнага. Падняўшы галаву верх ён убачыў яснае зорнае неба і падумаў, што ўжо вельмі даўно не дыхаў такім чыстым паветрам. Мiнчук зноўку забыўся.

«Тэлефон!» – прамільгнула ў галаве Уладзіміра.

Ён паднёс слухаўку бліжэй да вачэй. На экране зеўрала вялізная трэшчына, а на спробу ўключэння апарат не рэагаваў, хоць гісторык і ціснуў на патрэбную клавішу з усіх сіл. У гэты момант мінчуку захацелася заплакаць, але ён толькі апусціў галаву ўніз і праз імгненне падняў яе, выдыхнуў ды падняўся на ногі. Малады чалавек зноў палез рукой у сумку і намацаў там купу грошай і жуйку. Не доўга думаючы, уцякач дастаў і распакаваў жуйку, а затым паклаў яе ў рот.