Выбрать главу

«Хоць нейкая ежа!» – вырашыў ён.

Гісторык адчуваў моцны холад і слабасць і вырашыў, што жуючы нешта, зможа трохі ўзбадзёрыцца.

Бегчы з жованкай у роце было вельмі не проста, пару разоў Уладзімір ледзь не падавіўся і вымушаны быў выплюнуць гуму на снег.

Між тым уцякач замярзаў усё больш і больш, а рухаўся наперад усё павольней і павольней. Ён падаў і ўставаў, часам ляжаў па некалькі хвілін і толькі сціснуўшы ўсю волю ў кулак прымушаў сябе падняцца. Яго ўсё больш хіліла ў сон, і ўсё больш хацелася проста легчы і заснуць, заснуць так, каб пазбавіцца ад холаду і болі, каб больш не адчуваць дзікай стомленасці. Ён стаміўся настолькі, што ўжо амаль не адчуваў страху.

Нечакана для сябе Уладзімір скаціўся з нейкай невялікай горкі і толькі з трэцяй спробы здолеў падняцца на ногі. Падняўшы цяжкую галаву і ўгледзеўшыся ў цемру гісторык здранцвеў ад жаху, які накрыў яго разам, як вялікая хваля.

Прама перад ім, метрах у трох, стаяў даволі вялiкi воўк. Ён пільна глядзеў на няпрошанага госця, але не выяўляў ніякай агрэсіі або страху. Уладзімір нават не заўважыў пад нагамі вялікую палку, а проста адступіў на крок назад і схапіў у правую руку сваю сумку, падрыхтаваўшыся адбівацца ёю ад ваўка. Страшная паўза доўжылася яшчэ некалькі iмгненняў, пасля чаго воўк проста рэзка адскочыў убок і скрыўся за дрэвамі. Уладзімір у знямозе ўпаў на калені і тут жа засмяяўся.

– Так ты б i адбіўся ад ваўка сумачкай, – сказаў ён сам сабе, намацваючы пад нагамі палку. – Вось што трэба было схапіць.

Наступныя некалькі гадзін Уладзімір плёўся наперад. Часам ён падаў і падоўгу валяўся ў снезе. Падчас аднаго з самых доўгіх сваіх прывалаў, гісторык раптам пачуў гук, быццам ламаліся галінкi, і нават, як яму здалося, гукі чалавечага голасу. Ён знаходзіўся на крыху ўзнёслай кропцы, з якой мог бачыць удалячынь даволі далёка, таму ён павярнуўся і, прыпаўшы да ствала елкі, пільна глядзеў туды адкуль прыйшоў. Праз некалькі секунд ён выразна ўбачыў траіх людзей Панурыша, што выскачылі з-за велізарнага буралому. Яны ішлі па следзе… Па ягоным следзе!

Уладзіміру яшчэ не здаралася адчуваць такога моцнага адчаю.

«Я пайду і пагавару з імі, што ім трэба ад мяне?» – падумаў гісторык.

Але ён тут жа ўскочыў на ногі і пабег наперад. Яму здавалася, што ён бяжыць даволі хутка, але трэск галінак ззаду станавіўся ўсё бліжэй. Ва Уладзіміра не засталося сумневаў – за ім бягуць і яго даганяюць. Вельмі хутка ён пачуў і гучны насмешлівы крык:

– Ты не ўцячэш!

Уладзімір пабег хутчэй. Яму здалося, што лес стаў радзець.

– Стой, хлопчык, мы цябе зловім і разробім! – данёсся ззаду крык.

Уладзімір не мог вытрымаць і павярнуўся. Пераследнікі былі ўжо блізка, а ў руках аднаго з іх бліснуў вялізны паляўнічы нож. Уладзімір зноў адвярнуўся і падштурхнуты наперад прылівам страху пабег яшчэ хутчэй. У гэты момант у мільгануўшае побач з ім дрэва стукнуўся нейкі прадмет і адляцеў убок. Гісторык зразумеў, што даганяючы чалавек кінуў нож, але не патрапіў у яго. Яшчэ праз імгненне іншы нож праляцеў побач з ім і, усадзіўшыся глыбока ў ствол дрэва, выдаў характэрны рэзкі гук.

Нават у сваім амаль непрытомным стане Уладзімір зразумеў, што чалавек, якi кінуў нож, валодаў вялікай сілай. Зброя ўвайшла ў сасну на траціну клінка. Уцякач зноўку павярнуўся назад і заўважыў, што ў руках паляўнічых з'явіліся крывыя шаблі.

– Мы цябе абдзяром, падранак! – выгукнуў, кплівым голасам, бягучы наперадзе двух іншых пераследнік.

У гэты момант Уладзімір адчуў, што зямля сышла з пад ног і ён кулём ляціць кудысьці ўніз. Зваліўшыся ў вялікі сумёт, ён падняў галаву і, азірнуўшыся, зразумеў, што зляцеў з невысокага абрыву і ляжыць на беразе даволі вялікага возера. Мінчанін адразу ўскочыў на ногі і кінуўся на лёд. Першы ж крок на замерзлую паверхню і яго чаравік праваліўся ў ваду. Бачачы далікатнасць лёду, Уладзімір нерашуча спыніўся і тут жа адчуў штуршок і рэзкі боль. Ён не ўтрымаў раўнавагу і, усім целам зваліўшыся наперад, праваліўся пад лёд. Ён тут жа вынырнуў назад і заўважыў, што ў ягонай правай руцэ тырчыць доўгі нож, якi прабіў цягліцу. На невялікай адлегласці ад яго знаходзіліся людзі Панурыша. Яны радасна крычалі і пляскалі ў далоні.

– Так-так-так, зараз мы накрышым цябе, кабанчык! – радасна закрычаў адзін з іх.