Госць вярнуўся ў дом, а праз хвіліну за ім зайшла і баба Марыся.
– Уладзімір, – нечакана сур'ёзным голасам сказала гаспадыня, – пойдзем я табе нешта пакажу, пакуль унучка не прыехала.
Яна адкрыла люк у склеп і, спусціўшыся ўніз, памахала госцю рукой на знак таго, каб ён ішоў за ёй. Уладзімір стаў спускацца па даволі крутой лесвіцы. Рабіў ён гэта з вялікiм высiлкам, паколькі ўсе ягоныя мышцы страшна нылі пасля начнога марш-кідка. Урэшце ён стаў на дошкі, пакладзеныя на зямлі. Памер адкрытага для погляду памяшкання здзівіў яго: яно было не менш за дзесяць метраў у даўжыню і пяць у шырыню. Усё вакол было застаўлена гаршкамі, збаночкамі і вялізнымі катламі. На вяроўках віселі дзесяткі пучкоў, сабраных з самых розных траў. Было там і велізарнае драўлянае кола, і дзіўнай формы камень, пакрыты незразумелымі пісьмёнамі. У такіх дэкарацыях выгляд у Марысі быў па-сапраўднаму загадкавы ды чароўны.
– Ты бачыў дзіка? – ціха спытала Марыся.
– Так, – гэтак жа ціха адказаў Уладзімір.
– І ўжо не першы раз? – зноў задала пытанне яна.
– Так, – адказаў гісторык.
– Яны з вамі не выпадкова, глядзіце на іх, слухайце іх, асабліва цяпер за сокалам глядзіце, ён вас павядзе.
– Куды павядзе? – спытаў гісторык.
– Убачыш, малец, – адказала кплівым голасам Марыся і дадала, – дуй наверх, зараз унучка прыедзе.
Уладзімір падняўся назад у дом і адразу ж пачуў гук пад'ехаўшага аўтамабіля. Гiсторык застыў пасярод пакоя і проста чакаў, пакуль у хату не ўвайшла маладая дзяўчына гадоў дваццаці. Яна здзіўлена глядзела на Уладзіміра.
– Гэты малец гэта Валодзька, не бянтэжся, мілая, ідзі лепш абдыму, – сказала падняўшыся са склепу баба Марыся.
– Бабуля!
Дзяўчына радасна падбегла да Марысі і пасля абдымкаў спытала:
– Каго гэта ты прытуліла, бабуль?
– Валодзенька, кажу ж табе! – адказала гаспадыня і павярнуўшыся да госця, сказала. – Гэта Кася, пазнаёмся.
– Вельмі прыемна, – сказаў гісторык.
– І мне адказала дзяўчына, – яна не саромеючыся глядзела на Уладзіміра, ад чаго той сам трохі сумеўся.
Пасля трох гадзін вясёлага застольнага часу, Уладзімір і Кася селі ў яе машыну.
– Глядзі, мілая, давязi мне гэтага хлапнягу, добра? А ты, малец, не капцiся, мы з табой яшчэ сустрэнемся.
Здзіўлены Уладзімір памахаў бабе Марысі і кінуў развітальны погляд на возера. Тут невялікі шэранькі аўтамабільчык Касі шмыгнуў на дарогу і паляцеў прэч з лесу. Дзяўчына была ліхім кіроўцам і не прайшло і двух з паловай гадзін, як Уладзімір пабачыў удалечыні Мiнск. Ён ужо паспеў патэлефанаваць, з дапамогай ласкава пазычанага Касяй тэлефона, сваёй жонцы, і тая трохі супакоіла маладога чалавека, патлумачыўшы, што знаходзіцца ў бяспецы.
Развітаўшыся з Касяй, якой ён вельмі доўга дзякаваў і ўгаворваў узяць грошы, гісторык падняўся на свой паверх. Дзверы яго кватэры сапраўды грунтоўна абгарэлi, але ключ лёгка ўвайшоў у замок і пракруціўся. Уладзімір быў дома.
– Добры дзень, – ласкавым тонам сказала гісторыку жонка, але твар яе быў заклапочаным.
Пасля доўгіх тлумачэнняў прычын страты машыны, падчас якіх Уладзіміру давялося крыху прыхлусіць, і паведаміць, што ён сам вінаваты ў аварыі, каб не палохаць жонку гісторыяй пра жудасных праследавацеляў з шаблямі, пасля тлумачэнняў сваіх траўмаў, агляду дзвярэй і вячэры, мінчанін дабраўся нарэшце да свайго старога тэлефона, які ляжаў у тумбачцы. Уставіўшы ў трубку сваю сім-карту, якую ён дастаў з разбітага ў лесе мабільнага, Уладзімір паспрабаваў датэлефанавацца Вікторыi і Мечыку, але ніхто з іх не адказваў. Са змрочным выглядам гісторык адкрыў сваю старонку ў соцсетцы і выявіў нечаканае паведамленне.
– Гэта ж ад Лiтвакаса, – вымавіў здзіўлены Уладзімір. – Адпраўлена ў той самы дзень, калі ён сустракаўся з Вікай…
Глава 14. Капліца-ратонда
Віка і Мечыслаў стаялі ў вялікiм склепе, а за іх спіной пстрыкнуў дзвярны замок, адымаючы ў іх магчымасць выйсці з турмы, у якую яны так нечакана трапілі.
Толькі тут дзяўчына нарэшце дала сабе волю і расплакалася, хоць тут жа ўзяла сябе ў рукі і, глыбока ўздыхнуўшы, сказала:
– Мечык, у цябе выпадкова не застаўся тэлефон?
– Не, – адказаў гісторык, які хадзіў уздоўж сцен уважліва іх вывучаючы. – I ў цябе няма?
– Не.
– Яны б і так забралі, проста бачылі, што мабільнікі засталіся ў доме, – прамовіў Мечык, пільна разглядаючы адно з месцаў на сцяне.
– Што ж нам рабіць? – спытала дзяўчына, і голас яе задрыжаў на апошніх словах.
Малады чалавек падышоў да Вікі і злёгку пагладзіў яе па плячы.
– Мяркую, што-небудзь прыдумаем, – сказаў ён, але тон яго голасу быў сумным і суцяшэнне ад гэтага здавалася не вельмі пераканаўчым.