Выбрать главу

Узрушаныя сябры маўчалі, і ў гэты момант зазваніў тэлефон Мечыка.

– Так, алё, – прамовіў гісторык, падняўшы трубку.

– Мечык? Нарэшце ты! Я ўжо ў Гродне, – сказаў у трубцы голас Уладзіміра.

Глава 15. Шуканае ў дзень прызначаны

Мечыслаў, Віка і Уладзімір сядзелі ў пакоі, моўчкі гледзячы адно на аднаго.

– Дык ты, Уладзь, у парадку? – першым парушыў маўчанне Мечык.

– Цалкам, – адазваўся мінчанін, – правая рука, ну ў якую нож засадзiлi, яшчэ баліць, але ўвогуле ўсё прайшло вельмі хутка. Мабыць, у той бабулі з лесу нейкія асаблівыя траўкі для лячэння.

– Ага, траўкі, – прамовіў, ухмыляючыся, Мечыслаў.

– Я мяркую, – працягнуў Уладзімір, – пажар у мяне таксама справа рук гэтых людзей. Толькі як яны так хутка дабраліся да Мінска? Напэўна, хто-небудзь з іх кампаніі ёсць і ў нас.

– Ці гэта супадзенне, – выказаў меркаванне гарадзенец.

– Але яны мяне пераследавалі на трасе, значыць, ехалі за мной ад Гродна, яны мяне пільнавалі – сказаў Уладзімір, пасля чаго запанавала даволі працяглая паўза.

– Вы зразумелі пасланне Лiтвакаса? – зноў парушыў маўчанне Мечык.

– Мне здаецца, я не зусiм разумею, – прызналася Віка.

– Мда… – задуменна вымавіў Мечыслаў, – цікава, дзе цяпер прафесар?

– Я бачыла, як яго… як яго скінулі з маста, – сказала Віка дрыготкім голасам.

– Як бачыла? – здзіўлена спытаў Мечыслаў.

– У сне, – патлумачыла Віка.

Нейкі час сябры маўчалі. Віка акінула поглядам пакой.

– Як у гэтай запісцы можа ісці гаворка аб нашых імёнах? Як яны могуць складвацца ў адно цэлае? Тэкст жа складзены сотні гадоў таму, – сказала дзяўчына.

– Калі паверыць у тлумачэнне Лiтвакаса, выходзіць, што яны ведалі нашы імёны загадзя, – задуменна вымавіў Мечыслаў.

– Але як гэта магчыма? – спытала Віка.

Мечык паціснуў плячыма.

– Добра, хай гэты псіхапат Панурыш памыляўся, а Лiтвакас правы, але ў нечым яны сыходзяцца – нешта павінна быць зроблена ў дзень нараджэння караля, гэта значыць сёння, – сказаў ён.

– Штосцi павінна быць знойдзена сёння ў Новым замку, у месцы ў якім знаходзіцца нейкае сонца, – вымавіў Уладзімір. – Відавочна, нейкая выява сонца пазначае гэтае месца.

– Так! Дакладна! – амаль выкрыкнуў гарадзенскі гісторык. – Я ведаю!

Віка з вялікай увагай паглядзела на Мечыка.

– Выява сонца змяшчалася над флігелем замка, – растлумачыў той.

– Я так разумею там два флігеля, – сказаў Уладзімір.

У гэты момант увагу сяброў адцягнуў дзіўны гук, як быццам хтосцi стукаў чымсьці тонкім у шыбу. Віка, Мечык і Уладзімір павярнуліся да вакна і замерлі ад здзіўлення. На падаконніку сядзеў вялікі сокал, у вачах якога паблісквалі іскрынкі, а ягоныя пёры пераліваліся ў вячэрнім святле. Птушка пастуквала дзюбай па шкле. І ў гэты момант Уладзімір успомніў…

– Ён кліча нас! – узбуджана сказаў мінчанін. – Мяне пра гэта папярэджвалі. Мы павінны пайсці за ім.

Мечыслаў кінуў падазроны позірк на Уладзіміра, а затым нахіліўся да Вікі і паўшэптам сказаў: