Маладыя людзі слухалі Баранаўскаса затаіўшы дыханне, а ён, зноў памаўчаўшы, працягнуў:
– Якаў Панурыш, з якім вы мелі справу, непрыемны, тып, ці не так? Дык вось, гэты Панурыш, нашчадак таго Панурыша, нічога толкам не ведаў пра скарб, бо ягоны продак, паўтаруся, быў забіты маім продкам. Мне таксама не былі вядомыя ўсе патрэбныя дэталі, многае, але не ўсё ведаў Лiтвакас. Яго роду было даручана захоўваць ключы, каб рашыць каралеўскую загадку. І вось Мечыслаў знайшоў артэфакт. Мы з Лiтвакасам змаглі скласці ўсе кавалачкі мазаікі разам, і цяпер я ведаў усё, што хацеў. Але пасля гэтага вы з прафесарам ператварыліся ў лішніх для мяне людзей. Лiтвакас ведаў занадта шмат, ён мог расказаць усё вам, але хіба я мог гэта дапусціць? Панурыш таксама хацеў ведаць, як разгадаць загадку каралеўскага трыкутніка, і я адукаваў яго патрэбнымi ведамi, хоць ён давяраў мне не цалкам, нейкія сумневы ў яго заставаліся. Тым не менш, ён паверыў, што трэба правесці гэты ідыёцкі абрад, што ён адзін з абраных і скарб прызначаны яму, як самаму моцнаму. Астатнім выбраннікам быў наканаваны не лепшы лёс. Гэтага я і хацеў, бо канкурэнты ў такіх справах – ні да чаго. Панурыш усяго толькі сектант і не варты свайго вялікага продка, але зброяй быў нядрэннай, хоць яму і не ўдалося вывесці з гульні ўсіх. Добра, што ён справіўся хоць бы з гэтым надзьмутым, дурным індыкам – прафесарам філасофіі. Я сказаў, што Лiтвакас хоча сапсаваць усю справу, распавёўшы вам, ці яшчэ каму-небудзь. Вось тады Панурыш прыбраў яго, што і было часткай майго плана.
Толькі пасля гэтых слоў Баранаўскас, нарэшце, змяніў каменны выраз твару, ледзь прыкметнай усмешкай, а затым працягнуў:
– На Шуканым сапраўды напісана: «Меч слаўнай перамогі валодае светам».
З гэтымі словамі ён зрабіў рух у бок і сябры ўбачылі, што ў руцэ прафесара гісторыі бліснуў меч. Посах пакрыты дыяментамі аказаўся не проста кіем, а ножнамі, з якіх Баранаўскас і выцягнуў клінок.
– Тут гэты надпіс па латыні, на лязе, – сказаў Баранаукас. – Зрэшты, гэта не так важна. Галоўнае мне давяршыць тое, што не скончыў Панурыш.
Пасля гэтых слоў Баранаўскас накіраваў меч на сяброў і зрабіў крок наперад.
У гэты момант Віка адчула неверагодную слабасць і, не ўтрымаўшы раўнавагу, апусцілася на падлогу.
– Віка! Што? – крыкнуў Мечык, але дзяўчына чула яго голас як скрозь тоўшчу вады.
Віка азірнулася вакол, уся заля была як у тумане. Тут за спiной Баранаўскаса паўсталі дзве постаці. Адна з іх, падобная на Панурыша, падступіла да прафесара гісторыі і накінула таму на шыю нешта доўгае і бліскучае. На гэты раз Віка разгледзела, што гэта быў багаты ланцуг з фігуркамі сокала, дзіка і матылька. Другая фігура наблізілася ўшчыльную да дзяўчыны, і Віка са здзіўленнем пазнала ў ёй караля Панятоўскага.
– Слухай уважліва, Вікторыя, часу не шмат, – сказаў Станіслаў Аўгуст, – лічы, што ты ў тым самым сне, у якім бачыла мяне з імператарам. Зараз я скончу гэты сон. Слухай жа. Калісьці даўно ў Воўчыне, яшчэ будучы маладым чалавекам, я ездзіў адзін на кані па лесе і вось аднойчы ў самай глушы ўбачыў маленькую драўляную хату. Мне стала вельмі цікава, я хацеў ведаць, хто ж жыве ў гэтым загадкавым доме, уяўляў сабе, што гэта якая-небудзь старая чараўніца, але ўнутры аказалася не яна, а адзін вучоны. Ён! – кароль павярнуўся і паказаў пальцам на цень Панурыша.
У той самы момант гэтая цень расціснула рукі, якімі трымала ўвінаючы шыю Баранаўскаса ланцуг, і прафесар гісторыі зваліўся на падлогу.
– Гэты навуковец якраз рыхтаваўся правесці адзін цікавы вопыт, як аказалася, ён хацеў перасяліць душы трох сялян, якіх ён трымаў там жа, ў сваёй хаціне. супраць іх волі, у трох жывых істот: дзіка, сокала і матылька. Убачыўшы шляхцiца, які жыў у палацы гаспадара тых месцаў, ён стаў на калені і папрасіў дазволу працягваць. Я быў малады і не бачыў нічога дрэннага ў навуцы. Я легкадумна дазволіў яму працягнуць, але мне падалося, што нічога не адбываецца. Я хутка засумаваў і выйшаў з хаціны. Але не паспеў я сесці на каня, як убачыў яркія маланкі і пачуў страшныя крыкі. Я нават да гэтага часу магу іх чуць. Я ўбег у хаціну, але было позна. Аказалася, што сяляне загінулі. З таго часу я хацеў загладзіць сваю віну, хоць Панурыш і запэўніваў мяне, што ніякай віны няма. Ён знайшоў для гэтага спосаб: аддаў сваё жыццё, дазволіў продку вось гэтага чалавека на падлозе забіць сябе. Але мне трэба зрабіць яшчэ нешта. Ведай, што вы трое і ёсць нашчадкі тых сялян, Вікторыя. Таму вам было наканавана стаць абранымі і атрымаць тое, што вы атрымалі. Вазьміце гэты меч і вырашыце, што з ім рабіць. Гэта мой дар вам, дар-адкупленне. З дапамогай яго можна, калі вы ім правільна распарадзіцеся, дасягнуць у жыцці ўсяго чаго хочаце. Але памятайце пра важнасць правільнага выбару. Цяпер гісторыя адбылася, Вікторыя. А чалавека, якi пагражаў вам, мы возьмем з сабой. Бывай.