Выбрать главу

Віка адкрыла вочы. Проста перад ёй стаялі ўстрывожаныя Уладзімір і Мечыслаў.

– Што… Што здарылася? – спытала дзяўчына.

– Я бачыў як ты ўпала на падлогу, тут, мне падалося, усё было ў дыме, я амаль нічога не бачыў, – адказаў Мечык.

– Можа быць, гэты Баранаўскас падарваў нешта накшталт дымавой шашкі і збег? – спытаў Уладзімір. – Дурнавата гучыць, але як яшчэ растлумачыць.

– Ва ўсякім выпадку, яго нідзе няма, а вось гэты жэзла-меч ён забыўся прыхапіць, – сказаў Мечыслаў і падняў з падлогі бліскучы артэфакт.

Маладыя людзі, не марудзячы, выбеглі з флігеля і амаль кулём скаціліся з гары, а затым селі ў машыну. Нейкі час яны проста маўчалі, а потым наперабой пачалі дзяліцца ўражаннямі.

– Не ведаю, як гэта выйшла, і дзе я была, мне падалося, што я заставалася ў пакоі і таксама была ў іншым месцы, але я дакладна бачыла караля і гаварыла з ім, – сказала Віка.

– Панятоўскага? – спытаў здзіўленым тонам Уладзімір.

– Так, – адказала Віка. – Ён распавёў, што мы нашчадкі сялян, якіх забіў продак Панурыша, спрабуючы перасяліць іх душы ў іншых жывых істот: матылька, сокала і дзіка. Вось чаму мы бачылі іх. А гэты жэзла-меч гэта ўзнагарода для нас і адкупленьне для іх. Толькі мы павінны ім правільна распарадзіцца.

– І як правільна? – пацікавіўся Мечык.

– Мы павінны вырашыць самі. Але я адчуваю, што варыянтаў толькі два: выкінуць у Нёман, або пакінуць…

– Пакінуць сабе, – скончыў гродзенец фразу дзяўчыны.

– Так, – пацвердзіла тая.

– А на якой мове гаварыў Панятоўскі, – раптам спытаў мінчанін.

– Я нават не ведаю, але я ўсё разумела, – разгублена адказала Віка.

Сябры пераглянуліся, а потым, раптам, сталі смяяцца. Затым яны яшчэ доўга балбаталі, успамінаючы свае прыгоды. Яны так стаміліся, што заснулі прама ў машыне. Маладыя людзі прачнуліся, калі на вуліцы ўжо віднела.

– Можа, пройдземся па набярэжнай? Здаецца, будзе выдатны ранак, – прапанаваў гарадзенскі гісторык.

Троіца выйшла з машыны.

– Слухай, Віка, – сказаў iдучы побач з дзяўчынай Мечык, – у гэтай гісторыі вельмі шмат дзіўнага, напрыклад, гэты сокал, але ўсё-ткі размова з каралём – вялікі перабор. Ты гэта сама прыдумала, прызнайся?

Віка апусціла вочы і нейкі час, моўчкі, усміхалася, а потым раптам весела сказала:

– Так!

Маладыя людзі засмяяліся і рушылі па набярэжнай, насустрач узыходзячаму сонцу.

Частка II. Тры прастолы

Глава 1. Адраджэнне

Мечык стаяў нездалёк ад Фарнага касцёла. Цішыня напаўняла цэнтральную плошчу Гродна і здавалася, што яе можна было адчуць скурай. У руках маладога гарадзенца пабліскваў востры, прыгожы меч. Самотны чалавек з выдатнай і небяспечнай зброяй, мог бы прыцягнуць нямала ўвагі, але на плошчы не было ні душы. Павольна павярнуўшыся, гісторык апусціў галаву, а потым рэзка падняў яе і паглядзеў у неба. Светла-шэрыя хмары віселі нізка над горадам, неба здавалася такім жа застылым, як і ўсё, што было пад ім. Мечыслаў правёў пальцам па гладкай паверхні клінка. Памарудзіўшы яшчэ секунду, ён павольна падняў руку з мячом, а затым апусціў яго і накіраваў у бок сквера Фары Вітаўта. Востры клінок успыхнуў рознакаляровым агнём. У тую ж секунду з яго канца вырваўся яркі фіялетавы прамень і ўдарыў у адно з дрэваў сквера. Яшчэ праз імгненне светлы дым ахутаў зялёную лістоту і закруціўся як ураган. І ў гэтым урагане, якi змятаў дрэвы і тыя лаўкі, што стаялі пад імі, нечакана сталі з'яўляецца сцены. Яны складваліся самі сабой з цаглін, якiя з'яўлялiся ў паветры. Спярша гэтыя сцены гарэлі яркім жоўтым агнём, а потым станавіліся бледна-сінімі і, нарэшце, набывалі натуральны, чырвоны колер. Яны раслі ўсё вышэй і ўжо вымалёўваліся велізарныя гатычныя вокны. Затым, над будынкам пачаў з'яўляцца высокi чарапічны дах, а бліжэй да вуліцы Замкавай падымалася масіўная вежа з радамі востраверхіх вокнаў. Яшчэ праз імгненне над вежай з'явіўся вялікі круглявы купал, а над ім, высока-высока ў небе, вырас доўгі шпіль, увенчаны крыжам, палаючым буяным полымем, гарачыя хвалi якога раскідвалі вакол іскры.

Мечыслаў уважліва глядзеў на гэтую неверагодную карціну. Малады чалавек бачыў, як ураган сцiх, а дым развеяўся. Усе агні, што праціналі сцены толькі што ўзьніклага будынка – патухлі. Погляду гісторыка адкрывалася, ва ўсёй сваёй прыгажосці, адроджанная Фара Вітаўта – калісьці адзін з самых вялікіх храмаў Вялікага княства Літоўскага.