Выбрать главу

Памарудзіўшы імгненне, малады чалавек зрабіў крок наперад і ў тую ж секунду… узляцеў. Праляцеўшы ў паветры больш за сто метраў, Мечыслаў апусціўся на дах толькі што адроджанага ім будынка. Перад яго позіркам рассцілалася вялікая і бязлюдная Савецкая плошча. Гісторык узмахнуў мячом і яркае фіялетавае зьзяньне прабегла па шэрым гродзенскiм небе. Непадалёк ад храма, які служыў цяпер своеасаблівай назіральнай пляцоўкай для незвычайнага маладога чалавека, стаў расці, ахутаны дымам і полымем, будынак ратушы. Невысокае збудаванне, з вытанчанымі класічнымі порцікамі і ўнутраным дваром, вельмі хутка паднялося над шэрым брукам. А крыху воддаль ужо бушаваў іншы ўраган. З паўднёвага боку плошчы, пераліваючыся і ўздрыгваючы ў паветры, падымаўся ўсё вышэй велізарны палац Радзівілаў. Вельмі хутка на будынку, якi працягнуўся больш чым на дзевяноста метраў у даўжыню, з'явіліся два франтоны і высокi барочны дах. З усходняга боку плошчы ўжо вымалёўваліся іншыя, ахопленыя агнём, сцены. Галоўны фасад дома, вядомага ў горадзе як Батаруўка, стаў даўжэйшы ў два разы. У цэнтры гэтага былога каралеўскага палаца, з'явіўся вялікі арачны праезд ва ўнутраны двор, а над дахам узнесліся шпілі трох вежаў, увянчаныя зоркамі. Трохi далей ад плошчы, за будынкам вялікай гасцініцы, Мечыслаў убачыў падняўшыся ў віхуры дыму буйны барочны палац Агінскіх. На месцы ампірнага будынка палаца Тэкстыльшчыкаў з'явіліся масіўныя, багата аздобленыя ляпнінай, пабудовы, а на вуліцы Савецкай вырас высокі і суровы з выгляду касцёл дамініканцаў, вежы якога раскідвалі іскры на брук тратуара. Нарэшце, непадалёк ад падножжа Фары Вітаўта, ярка бліснула жоўтая ўспышка і паўстаў бронзавы помнік каралю Стэфану Баторыю. Седзячы на кані манарх паказваў мячом на ўсход, у бок былых земляў свайго заклятага ворага – Івана Жахлiвага.

Мечыслаў задаволена глядзеў на зьмяніўшыся амаль да непазнавальнасці горад. Ён раскінуў рукі і стаў павольна падымаць іх над сабой. Меч у яго правай руцэ палаў агнём і пераліваўся яркімі колерамi, а ў небе над гісторыкам раз-пораз бліскалі белыя ўспышкі…

Уладзімір рэзка адкрыў вочы і сеў на ложку. Была ўжо светлая раніца. Жонка мінчука мірна спала побач. Гісторык правёў рукой па лбе:

«І чаму гэта мне сніўся Мечык, ды яшчэ і ў вобразе нейкага супергероя…» – падумаў малады чалавек.

Праз дзве гадзіны Уладзімір сядзеў за сталом і снедаў. Ён абдумваў адзiн з раздзелаў сваёй кнігі, над якой якраз працаваў. На кухні стаяў смачны пах кавы, а жонка маладога чалавека пабразгвала посудам, пакуль Уладзімір, праглядаючы навіны праз свой смартфон, еў булачку. Толькi мінчуку давялося дапіць свой ранішні напой, як ён пачуў званок.

– Алё, – сказаў гісторык, падняўшы трубку да вуха.

– Добры дзень, – павітаўся з маладым чалавекам жаночы голас. – Ці можна пачуць Уладзіміра?

– Я слухаю.

– Ой, вельмi добра… Уладзімір, вы, напэўна, мяне не памятаеце. Гэта Кася. Можа яшчэ не забыліся?

У галаве маладога чалавека пранёсся цэлы віхар успамінаў, звязаных з нечакана патэлефанаваўшай дзяўчынай.

– Я памятаю вас, Кася, – сказаў Уладзімір, і голас яго зрабiўся ўсхваляваным, – што здарылася?

– Вельмі добра… Ну, як вы можаце здагадацца, я тэлефаную па просьбе бабулі. Яна зноў хоча вас бачыць. Вы прыедзеце? Дарогу памятаеце? Ну… У любым выпадку, давайце я паеду з вамі, мне ўсё роўна трэба да яе, і я нагадаю куды ехаць…

– Так, добра, – сказаў Уладзімір. – Я нават не буду вас пытаць у чым менавіта справа. Думаю, мне проста трэба даведацца пра тое, што ваша бабуля хоча мне распавесці і па-іншаму ніяк. Я з радасцю яе пабачу, пасля ўсяго таго, што яна зрабіла…

– Так-так. Я б вам сказала, што яна хоча, але сама дакладна не ведаю. Вы ж разумееце… Бабуля мне дакладна нічога не тлумачыць, але гэта важна, раз яна просіць прыехаць.

– Так! Я зразумеў! – сказаў мінчанін трошкi напружаным тонам.

– А калі мы можам паехаць? Калі вам зручна? – спытаў у трубцы меладычны голас суразмоўніцы.

– Хм… Я думаю заўтра. Як раз выхадны і мы зможам паехаць. Так, давайце заўтра, – прапанаваў Уладзімір.

– Ну вось i вельмi добра. Давайце! – адказала дзяўчына.

– Тады яшчэ стэлефануемся. Так? Дзякуй вам… Ну, усяго добрага. Да сувязi.

– Добра. Да сувязi, – развіталася Кася.

Малады чалавек адключыў тэлефон і падняў вочы на жонку, якая запытальна глядзела на яго.

– Здаецца, зноў нешта тут пачынаецца, – сказаў ён. – Але ты не хвалюйся.

– Як я магу не хвалявацца? – устрывожаным тонам спытала маладая гаспадыня.

– Так, сапраўды… м-м-м-м… я разумею, – прамямліў Уладзімір, і не знайшоў нічога лепш, чым проста ўстаць і абняць жонку за плечы. – Давай я лепш табе распавяду сон, – сказаў мінчанін, сядаючы назад на крэсла.