– Адкуль у вас гэтая кніга, бабуля Марыся? – спытаў госць усміхаючыся.
– Якая шчэ такая?
– Ну вось гэтая – Эдгар По, – удакладніў гісторык, дзелавым тонам.
– Значыць По кажаш, малец. Эдгар? – спытала Марыся, хітра прыжмурыўшыся. – А ты мяркуешь такой кнізе ў маёй хаце не месца? Так? Ну можа я яго люблю. Не чакаў такога ад бабулькі з лесу?
– Ну так, трошкі здзівіўся, сапраўды, – пасмяяўшыся, адказаў Уладзімір.
Марыся змянiла выраз твару i сказала больш сур'ёзным голасам:
– Адкуль тут гэтая кніжка не скажу, Уладзька.
Уладзімір моўчкі паківаў. Па сутнасці, яго не так ужо цікавіла адкуль тут кніга амерыканскага класіка і чаму Марыся кажа пра яе так таямніча.
– Ну, а цяпер да стала. Кушаць! Наперад! Давайце хуценька сядайце, – сказала гаспадыня, зноў пераходзячы на характэрны для яе насмешлівы тон. – Зараз… зараз… Тут тое-сёе для вас ёсць.
Пакуль Марыся закрывала стол сваімі харчамі, Уладзімір працягваў разглядаць сцены пакоя. Асабліва яму спадабаўся стары гадзіннiк з зязюляй, пыльны і пацямнелы ад часу. Акрамя гэтага старога цуда, увагу госця звярнуў на сябе велізарны куфар, закрыты цяжкім, свірнавым замком, ключ ад якога, таксама велізарны і з мудрагелістай бародкай, мабыць, вісеў тут жа, на ржавым выгнутым цвіку, убітым у сцяну.
«Прыгажосць! Хоць цяпер у музей…» – вырашыў мінскі госць.
У пакоі з'явіўся велізарны рыжы кот, якога Уладзімір раней тут не бачыў. Гадаванец мурлыкнуў і лянотна залез да Касі на калені.
Пасля лёгкай трапезы, Марыся сказала ўнучцы:
– Ну ты гэта, мілая, пакуль у хляве прыбярыся. А то адвыкла там, у сваім горадзе, ручкамі працаваць. За цябе ўсё машынкі робяць. А тут паветра добрае. Папрацуеш трошкі – потым мацней спаць будзеш.
– Ну, ба… – пачала Кася жаласлівым голасам.
– Ідзі ўжо ідзі, а мы тут пакуль з Уладзькам пагаворым, – сказала гаспадыня строгім тонам, але тут жа ўсміхнулася і хітра падміргнула ўнучцы.
Зрабіўшы расчараваны твар, Кася ўстала з-за стала і ціха сказала: «Дзякуй». Памарудзіўшы яшчэ імгненне яна выйшла на двор.
– Вось так, – сказала Марыся, паправіўшы трохі хустку на галаве.
Запанавала маўчанне, якое першай парушыла гаспадыня, сказаўшы нечакана сур'ёзным тонам:
– Бачыў сон, Уладзімір?
Госць асалапеў ад такога пытання.
– Які сон?
– У якім Мечыслаў горад адбудоўваў. Памятаеш, га?
Мінчук ужо назіраў у гэтым доме мноства незвычайных рэчаў і ведаў на што здольная Марыся, але ўсё ж так i не змог прывыкнуць да гэтага. Такія моманты збівалі яго з панталыку.
– Адкуль вы ведаеце? – спытаў госць і тут жа вырашыў, што гэта дурнаватае пытанне.
– Ведаю, ведаю, як бачыш. Яшчэ ведаю, што вы атрымалі ад мяча. Ты пішаш кнігу і ты праславішся, як пісьменнік. Віка падарожнічае па Італіі… А вось Мечыславу яшчэ трэба будзе атрымаць сваю галоўную ўзнагароду. Тое, што ты бачыў у сне – нерэальна, але… не зусім.
– Ён што, сапраўды зможа адраджаць будынкі і нават… лётаць? – з самым дурным выглядам, запытаўся Уладзімір, і тут жа падумаў, што дарма задаў такое пытанне.
– Хай не такім чынам, але мячом можна вяршыць вялікія справы. Улада мяча такая вялікая, што твой сябар нават не ўяўляе яшчэ наколькі… Вы правільна рабілі, што выкарысталі яго і для дапамогі іншым, але перш за ўсё цяпер ён павінен дапамагчы Мечыславу, – сказала лясная чарадзейка.
– Ён быў у кожнага з нас па чарзе. Цяпер ён у Вікторыi. З дапамогай яго яна, здаецца, дапамагае нейкім жабракам. Прынамсі, яна хацела… – павольна прамовіў Уладзімір.
– Усё правільна. Так і трэба. Так і павінна быць. Але Мечыслаў павінен раскрыць поўную сілу мяча і тады ён пройдзе той шлях, які павінен… Але для гэтага яму прыйдзецца паверыць таму, каму паверыць вельмі няпроста, – сказала Марыся.
Уладзімір слухаў Марысю трохі прыадчыніўшы рот. Усё тое, што адбывалася здзіўляла яго і прымушала момантамі думаць, што гэтая гісторыя вельмі падобная на нейкі яскравы сон ці сучасны фантастычны фільм.
«Напэўна я ніколі не прывыкну да гэтых спраў…» – думаў малады чалавек.
– Вось за гэтым я цябе і паклікала, – сказала Марыся, – ты павінен пераканаць сябра паверыць таму, каму паверыць, кажу яшчэ раз: вельмі складана. Зразумеў, Уладзя?
– Так… здаецца… – не зусім упэўнена прамовіў Уладзімір.
– Хутка ён табе патэлефануе.
– Што? Я хацеў сказаць – хто? Хто патэлефануе? – збянтэжана спытаў Уладзімір.
– Патэлефануе, кажу, хутка, – сказала гаспадыня і строга паглядзела на суразмоўцу. – Ён збіраецца ў Мінск і захоча сустрэцца. Прапануе табе гэтую сустрэчу па тэлефоне. Вось тады і раскажаш яму… Зразумеў, дахадзягу, – дадала Марыся, зноў пераходзячы на свой трохі яхідны тон.