Выбрать главу

І ў гэты момант мінскі госць пачуў званок уласнага тэлефона.

– Алё, – сказаў у трубку гісторык, здзіўленым голасам, калі паднёс яе да вуха.

– Уладзь, прывітанне. Як жывешь там? – прамовіў голас яго гродзенскага сябра.

– Нармальна, Мечык. А ты як?

– Выдатна! Я выдатна! Слухай, я тут буду ў Менску па справах… Перасячэмся? А? Ты як на гэта глядзіш?

Глава 2. Тры важных сустрэчы

На вуліцы Карла Маркса ў Мінску, у адной з кавярняў, над вокнамі якой віселі паласатыя казыркi, а ў памяшканні стаялі круглыя столікі, сядзелі двое маладых людзей. Называлася ўстанова ў гонар адной з найбуйнейшых бітваў сярэднявечнай Еўропы. Дзень быў ясны і сонца награвала тратуары вялікага, пыльнага горада.

– Прыемнае месца і кава нядрэнная, – сказаў Мечыслаў, адрываючыся ад свайго кубка і гледзячы на трохі панурага сябра.

– Так-так, – пацвердзіў Уладзімір, які сядзеў насупраць гродзенца.

– Ты як быццам не рады мяне бачыць, Уладзь? Ты нейкі заклапочаны, што здарылася? – спытаў Мечык усміхаючыся.

– Не, ты што, я вельмі рады цябе бачыць, – адказаў мінчанін, злёгку ўсміхнуўшыся ў адказ.

Але тут жа ён зноў стаў сур'ёзным і замоўк.

– Ну давай, расказвай, – настойліва і гучна сказаў Мечык.

– Ну… добра… зараз…

– Давай… давай, прызнавайся ўжо ў чым справа.

– Ну-у-у-у… Памятаеш нашу лясную чараўніцу Марысю? – спытаў мінчанін ціхім голасам.

– Хах… Зразумела, – адказаў сябру гарадзенец.

– Я бачыўся з ёй зноўку. Яе ўнучка – Кася, патэлефанавала мне, і мы разам з'ездзілі ў той лес… Дагэтуль калі бачу возера… Ну, памятаеш? Там мяне ледзь не дагналі гэтыя псіхапаты… Карацей, мяне ў дрыжыкі кідае ад яго…

Уладзімір адкінуўся на спінку стула і адпіў крыху кавы.

– Так, ужо цікавая гісторыя. І што далей? – спытаў гродзенскі госць.

– Мы прыехалі, паабедалі, і яна адправіла Касю з хаты, каб тая не замінала размаўляць пра нешта важнае…

– Та-а-а-к… – зацікаўлена кiнуў Мечык.

– Увогуле, размова была пра цябе.

– Што? Пра мяне? – здзіўлена прамовіў малады гісторык.

– Так, пра цябе Мечык!

– І што? Што яна казала?

– Яна сказала, што меч не выкарыстоўваецца на сваю поўную сілу.

– Я і сам думаў пра гэта, – сказаў Мечыслаў гледзячы ў акно. – Для мяча, на якім напісана, што ён валодае светам, усе гэтыя невялікія чароўныя выпадкі, гэтыя маленькія добрыя справы, якія змяняюць жыццё тых, з кім мы сутыкаемся і каму захацелі дапамагчы, усё гэта неяк… ну… мала, ці што. Вы з Вікай змянілі свае жыцці да лепшага. І гэта вельмі добра. Але ці можа гэтая рэч рабіць нешта больш значнае?

У гэты момант Уладзімір выразна ўскінуў бровы і рэзка паставіў кубак з кавай на столік, а затым, раптам, ляпнуў сябе па макушцы і выпаліў:

– Ах так! Вось, дарэчы, я зусім забыўся сказаць, што бачыў, як ты выкарыстоўваеш меч… Гэта было сапраўды крута. Гэта была сіла!

– Што? – здзіўлена спытаў гарадзенец. – Як гэта ты бачыў? Дзе?

– У сне. Ты мне сніўся, уяві, – адказаў Уладзімір і засмяяўся.

– Нічога сабе, – сказаў Мечык усміхаючыся. – Ну і што ж я там рабіў, у тваім сне?

– Адраджаў старую гарадзенскую архітэктуру з дапамогай мяча. У сне ты нават мог лётаць, уяўляеш? Будынкi вырасталі як з-пад зямлі. Фара Вітаўта, палац Радзівілаў, палац Агінскіх, ратуша… Дым, полымя… Ты стаяў на даху!

– На даху? – весела прамовіў малады гарадзенец.

– Ну так. На даху Фары Вітаўта. Ты туды прыляцеў.

– Так, яшчэ адна добрая гісторыя, – сказаў Мечык, ківаючы галавой і смеючыся. – Крылы хоць у мяне былі ці я лётаў з дапамогай… сопла?

– Ды не, ты проста так паляцеў, – пасмяяўшыся адказаў Уладзімір свайму сябру, які не змог стрымацца і гучна зарагатаў.

– Гэта ўсё з-за мяча. З-за яго ты стаўся гэтакiм чарадзеям, – растлумачыў мінскі гісторык.

У гэты момант госць спыніў погляд на нейкiх людзях, што сядзелi за аддаленым столікам. Пэўны час ён углядаўся ў іх, а затым радасна ўсміхнуўся і падняўся з крэсла.

– Пачакай хвілінку, Уладзь. Я тут, здаецца, знаёмых сустрэў, – прамовіў ён.

– Ага. Ну… давай схадзі, – адказаў Уладзімір.

Мечык падышоў да століка, за якім сядзела трое чалавек: два маладых хлопца, адзін з якіх меў салідны выгляд і строгую бародку, а другі быў апрануты ў спартыўным стылі, і маладая жанчына з рудымі валасамі і лагоднай усмешкай. Яны нешта актыўна абмяркоўвалі. Заўважыўшы гісторыка ўсе трое трохі здзівіліся.

– Аляксей… Руслан… пані Ірына, – казаў Мечык, паціскаючы рукі сваім знаёмым.