– Сапраўды гэты Мінск – маленькі горад, хоць у ім і жыве ўжо два мільёны жыхароў, ну ці нешта каля таго. Дзе ж яшчэ сустрэцца гарадзенцам, як не тут, – тонам поўным змрочнай іроніі сказаў малады чалавек з барадой, якога Мечык назваў Аляксеем.
– Мечык, ты як тут аказаўся? Доўга будзеш? – жыва спытаў другі хлопец.
– Ды вось, былі сякія-такія справы, Руслан, – адказаў гiсторык.
– Сапраўдны журналіст заўсёды пачынае з журналісцкіх пытанняў, – заўважыла рудавалосая Ірына, гледзячы на Руслана. – Вельмі рада вас бачыць, Мечыслаў, – дадала яна і ўсміхнулася гісторыку.
– А вы што тут робіце? – спытаў Мечык.
– Перш за ўсё змагаемся са сваёй унутраннай пагардай да Мiнска. Мы ж гарадзенцы, а значыць – павінны пагарджаць Мінскам, – сказаў Аляксей, ўсё тым жа іранічным тонам, – ну і па справах рэдакцыі прыехалі, – дадаў ён праз паўзу.
Суразмоўцы весела засмяяліся.
– Так-так, у нас тут павінна быць дзелавая сустрэча, – сказаў Руслан.
Пабалбатаўшы з выпадкова сустрэтымi знаёмымі, Мечык развітаўся і вярнуўся да Уладзіміра, які дапіваў сваю каву.
– Што гэта за таварышы? – спытаў той.
– Гарадзенскія журналісты з аднаго мясцовага СМІ. Крутога, дарэчы. Яны часцяком мае матэрыялы друкуюць.
Сябры вярнуліся да абмеркавання дзіўнага сну мінскага гісторыка.
– Горад, вядома, моцна змяніўся з усімі гэтымі славутасцямі, якія з'явіліся. Было прыгожа. Вось што ты рабіў з дапамогай мяча.
– Мабыць, толькі такім чароўным спосабам і можна было б аднавіць гэтыя будынкі. Адміністрацыя дакладна прыкладае ўсе намаганні, каб гэтаму перашкодзіць, так што, на звычайны спосаб адраджэння гэтых помнікаў наўрад ці варта спадзявацца ў агляднай будучыні, – заўважыў Мечык.
– І Марыся ведала пра гэты сон, – сказаў мінчанін.
– Ведала?
– Так! Хоць яна і сказала, што гэта не зусім рэальна, але намякнула, што ты зможаш… м-м-м-м… як бы гэта сказаць… адкрыць поўную сілу мяча.
– І як гэта зрабіць? Яна сказала? – спытаў здзіўлена гарадзенец.
– Паверыць таму, каму паверыць няпроста, – адказаў яго мінскі калега.
– Гэта каму яшчэ?
– Гэтага яна не сказала.
– Выдатна! – прамармытаў Мечык іранічна ўсміхаючыся.
«Паверыць таму, каму паверыць цяжка… Хто б гэта мог быць? Ёсць адзін такі хлопец з дзярэўнi…» – падумаў гродзенец і яму стала весела.
– Яна ведала і пра тое, што мы з табою сустрэнемся, – дадаў Уладзімір.
– Пасля ўсяго таго, што я бачыў і чуў гэта мяне ўжо і не здзіўляе, – сказаў Мечыслаў і сербануў яшчэ кавы з вялікай вытанчанай кружкi.
Маладыя людзі яшчэ доўга гутарылі пад утульны шчэбет гасцей кафэ. Да iх далятаў шум мітуслівага горада, напоўненага сваiм паўсядзённым жыццём. Паступова яны перайшлі на менш загадкавыя і больш прыемныя тэмы. Афіцыянткі хадзілі вакол з падносамі, а шматлікія наведвальнікі працягвалі пабразгваць сталовымі прыборамі і абменьвацца прыемнымі ўсмешкамі, удыхаючы смачны водар свежай кавы.
Нарэшце сябры скончылі трапезу, нагаманіліся, і выйшлі з утульнага месца на вуліцу.
– Добра, я яшчэ па справах, – сказаў Мечык, – праводзіш мяне папазней на вакзал?
– Зразумела, – адказаў Уладзімір.
На гэтым маладыя людзі рассталіся, але вечарам зноў сустрэліся на вялікім мінскім вакзале.
Гродзенец, які пакінуў машыну ў рамонце і таму прыехаў на цягніку, цёпла развітаўся са сваім сябрам і паляпаў яго па плячы.
– Ну, да сустрэчы, Уладзь! – сказаў Мечык. – Адчуваю, што нас зноў чакаюць прыгоды.
– Гэтага вось я і баюся, – адказаў мінчанін.
– Ды і я таксама.
Мечыслаў яшчэ раз паляпаў сябра па плячы і сеў у цягнік. Праходзячы па вагонах, ён убачыў Ірыну.
– Ну нічога сабе! – усклікнуў гарадзенец. – Зноў мы сустракаемся. Вы, значыць, таксама ўжо вяртаецеся. А дзе Руслан і Алёша?
– Яны яшчэ раней на маршрутцы вярнуліся, а я крыху затрымалася, – адказала журналістка. – Сядайце, Мечык. Разам ехаць будзе весялей.
Пасажыры паспелі ўдосталь нагаварыцца пра розныя рэчы і перш за ўсё аб сумесных праектах, датычных разнастайных бакоў гарадскога жыцця.
Мірны стук колаў закалыхваў гродзенцаў. Мечык амаль задрамаў, але апрытомнеў і падняў вочы. Ірына таксама драмала, а на яе каленях ляжала нейкая разгорнутая кніжка, якую малады чалавек не бачыў раней у сваёй спадарожніцы. Гісторык уважліва прыгледзеўся да старонак кнігі.
«Сон у сне…» – у думках прачытаў ён.
Чамусьці гэтая дэталь збянтэжыла маладога гарадзенца. Ён адчуў унутранае хваляванне. На імгненне гісторыку здалося, што кнiга з'яўляецца нейкім знакам, прызначаным яму. Але Мечык хутка выкінуў гэтыя думкі з галавы.