Выбрать главу

Трэба было чымсьці заняць сябе і малады чалавек вырашыў прагартаць свой дзённік: ён вазіў яго з сабою, перыядычна перачытваючы запісы, якія хацеў скарыстаць у задуманай ім кнізе пра неверагодныя прыгоды, што адбыліся з трыма сябрамі. Дастаўшы тоўсты сшытак у цёмнай вокладцы, ён пагрузіўся ў чытанне. Перад вачыма гісторыка праплывалі яркія сцэны мінулых прыгод. Вось ён у Новым замку: назірае за тымі рабочымi, што біліся на лапатах дзеля смеху, вось ён капаецца ў зямлі, нядаўна выкінутай на паверхню, і знаходзіць сярэбраную капсулу… Мечык адарваўся ад сшытка і паглядзеў у акно, на пралятаючыя міма палi…

«Здаецца, што гэта было так даўно… і ў той жа час нядаўна…» – падумаў малады чалавек і зноў вярнуўся да чытання.

Перагортваючы старонкі, гісторык успамінаў як дастаў з капсулы таямнічую запіску, як яны з Вікай і Уладзімірам разблыталі загадку караля, як у іх жыццях з'явіўся загадкавы злыдзень – Панурыш, які спрабаваў забіць іх, і як яны здабылі меч, які быў ім прызначаны самім каралём Станіславам Аўгустам…

Мечык зачыніў сшытак і, прыставіўшы галаву да вакна, зноў задрамаў, пакуль цягнік нёсся са сталіцы на захад краіны.

Развітаўшыся з Ірынай і прагуляўшыся пешшу ад гарадзенскага вакзала да свайго дома, Мечыслаў секунду памарудзіў каля брамы і ўжо хацеў уставіць ключ у адтуліну замка, але раптам выразна адчуў чыйсьці позірк, скіраваны яму ў спіну. Малады чалавек павярнуўся і застыў, згубiўшы на імгненне дар мовы. Перад ім стаяў пажылы, з доўгімі сівымі валасамі, чалавек, апрануты ў шырокі плашч цёмнага колеру.

– Добры вечар, пан Мечыслаў! – прамовіў няпрошаны госць.

– Панурыш? Гэта вы?

– Як бачыце, – адказаў Якаў і шырока ўсміхнуўся.

Глава 3. Нечаканы госць

Імгненне Мечыслаў маўчаў. Першым яго жаданнем было кінуцца ў свой дом і патэлефанаваць у міліцыю. Але малады чалавек тут жа вырашыў, што гэта паводзіны не для мужчыны. Ён сціснуў кулакі і рэзкім голасам сказаў:

– Я нават не хачу ведаць, што там з вамі здарылася. Я бачу, што вы жывы. Не буду казаць, што я гэтаму рады. Што вам трэба ад мяне? Лепш вымятайцеся прэч адсюль, пакуль можаце!

– Навошта ж столькі агрэсіі, Мечыслаў? – прагаварыў Панурыш.

– Ды што вам трэба ад мяне? – амаль закрычаў гісторык.

– Можа быць вы паклічаце мяне ў дом, каб мы маглі спакойна пабалбытаць?

– Вы што ж гэта здзекваецеся з мяне? Забыліся, што вы з вашымі людзьмі сілай забралі мяне з уласнага жылля і трымалі ў склепе?

– Ну добра, – сказаў Панурыш, – не буду на гэты раз дражніць вас. Мы можам пагаварыць і тут.

– Кажыце хутчэй! Што вам трэба?

Панурыш зрабіў задуменны выраз твару і трохі памарудзіўшы спакойным голасам сказаў:

– Я шмат чаго зразумеў пасля таго, што здарылася. Калі я прыйшоў у сябе на падлозе капліцы я вымушаны быў ратавацца ад міліцыі. Мае людзі зладзілі сапраўдную сутычку з гэтымі добрымі вартавымі парадку. Але галоўнае, што я ачуняў. Вы ж не думалі, што мой уласны продак заб'е мяне, праўда? Ён толькі пазбавіў мяне магчымасці дзейнічаць і гэтым адкрыў мне вочы на многае. Ну, а ад міліцыі я выратаваўся без асаблiвай напругi.

– Віншую, – зло сказаў гісторык. – Так што вам трэба ад мяне?

– Цярпенне, пан Мечыслаў, цярпенне!

– Хопіць гэтых глупстваў, проста скажыце, чаго хочаце.

– Цяпер я апынуўся ізгоем, – працягнуў Панурыш, не звярнуўшы ніякай увагі на нецярплівыя словы гiсторыка. – Я прайграў. Больш я не мог узначальваць нашу арганізацыю. Я стаўся не годны сваіх вялікіх продкаў, а значыць – весці за сабой іншых ужо не магу. Вы сталі гаспадаром мяча, і, трэба прызнаць, цалкам заслужана. Гэта было наканавана…

– Меч належыць не толькі мне, – перапыніў няпрошанага госця Мечык.

– Ды не. Менавіта вам! Вы самы годны і меч ваш, згодна з правам. І менавіта таму вы і раскрыеце яго сапраўдную сілу. Вы і толькі вы, а не вашыя сябры.

– Гэта ўжо ўсё, што вы хацелі мне сказаць?

– Не зусім. Справа ў тым, што вам спатрэбіцца такая-сякая дапамогу. Мая дапамога!

– Вы насамрэч здзекуецеся з мяне! Мне ўвогуле не трэба было з вамі гаварыць.

– Вам патрэбна дапамога. Разумееце, Мечыслаў. Толькі тады вы здзейсніце з гэтым мячом тое, што сапраўды павінны! – павольна і гучна прамовіў няпрошаны госць.

– Размова скончана! – адказаў гісторык і павярнуўся спіной да Панурыша.

– Вы павінны паверыць мне. Паверыць… чуеце… паверыць таму, каму паверыць вельмі цяжка, – апошнія словы суразмоўца Мечыка вымавіў вельмі нізкім голасам, чаканячы кожнае слова.

Гісторык застыў на месцы. У яго галаве маланкай прамільгнула думка: