– Можа быць вы хочаце мне расказаць, што з вамі адбылося?
Мала хто цікавіўся жыццём жанчыны, якая выпрашвала міласцiну каля царквы. Жабрачка зноўку павольна падняла на маладую дзяўчыну вочы, у якіх чытаўся недавер. Гэта было сапраўды нечаканае пытанне, і жабрачка ў сваю чаргу спытала:
– Навошта вам гэта?
– Хачу вам дапамагчы! – проста адказала Віка.
– І як вы можаце мне дапамагчы? – спытала жанчына, скептычна гледзячы на суразмоўніцу.
– Незвычайным спосабам, – адказала дзяўчына і чамусцi запусціла ручку ў заплечнiк, які вісеў за яе спіной.
Жабрачка яшчэ нейкі час пярэчыла сваёй спакусе распавесці пра жыццё незнаёмай дзяўчыне, хоць тая i выклікала давер. Аднак ёй так даўно хацелася з кімсьці пагаварыць… Таму яна распавяла нечаканай суразмоўніцы пра тое, як страціла працу, кватэру і ўсю сям'ю, і пра тое, як не змагла выехаць на заробкі ў Польшчу. Няшчасці ў яе жыцці iшлі адно за адным, але цяпер, падчас размовы з незнаёмкай, ёй раптам стала лягчэй, і яна нават не змагла стрымаць слёз…
Падзякаваўшы жабрачцы за адкрытасць, Віка, якая ўвесь час гутаркі трымала сваю руку ў заплечніку, развіталася і працягнула свой шлях, але зрабіўшы некалькі крокаў павярнулася і весела сказала:
– У вас усё будзе добра! Вось пабачыце!
– Дзякуй! Да пабачэння, – адказала маладая жанчына, чый твар стаў цяпер менш заклапочаным, чым да размовы з дзяўчынай.
Віка пайшла далей спакойным крокам. На твары гарадзенкi свяцілася радасная ўсмешка і яна перыядычна спынялася, каб палюбавацца тым ці іншым старадаўнім будынкам. Дзесьці ўнізе, у Швейцарскай даліне, цурчала вада, а маленькія дзеці гулялі каля вялікай бронзавай скульптуры жанчыны з доўгімі валасамі, якую гараджане часам называлі русалкай.
Прайшоўшы вузкімі ажыўленымi вулачкамі да Замкавай гары, дзяўчына спынілася і некаторы час пільна разглядала старую цытадэль, якая ляжала над маленькімі драўлянымі хаткамі, што ўсё яшчэ стаялі ў даліне ракі Гараднічанкі. Затым яна прайшла пад аркай самага старога ў краіне маста, які вёў прама да замкавай брамы, і стала спускацца па доўгай лесвіцы, збягаючай у ніз, паміж высокімі пагоркамі гродзенскіх замкаў.
Дзяўчына ішла і глядзела на масіўныя гладкія прыступкі. Яна ўжо шмат разоў пералічвала іх, але даволі хутка забывала дакладную лічбу і таму, калі ў чарговы раз была на лесвіцы, зноў лічыла свае крокі па шэрых, шырокім плітах.
«124… 125… 126…» – закончыла свой падлік Віка.
Справа ад дзяўчыны, што стаяла на апошняй прыступцы лесвіцы, красавалася каменная скульптура ладдзі, якая прадстаўляла адзін з экспанатаў гродзенскага музея – старажытную шахматную фігурку.
Віка прайшла наперад яшчэ некалькі метраў і павярнула налева, у бок будынка былога кармяліцкага кляштара. Справа ад дзяўчыны мірна нёс свае воды Нёман. Віка накіроўвалася да прывабнага будынка на набярэжнай, пабудаванага ў часы Другой Рэчы Паспалітай. Цяпер гэты ўзор міжваеннай архітэктуры выкарыстоўваўся ўстановай грамадскага харчавання. Перад будынкам стаяла мноства драўляных столікаў пад навесамі, прычым расстаўленыя яны былі так, што ўтваралі свайго роду падворак, у цэнтр якога і выйшла Віка.
За сваім столікам сядзелі двое маладых людзей. Убачыўшы дзяўчыну, яны тут жа прыняліся махаць ёй і ўсміхацца. Гарадзенка заўважыла гэтыя сігналы і, усміхаючыся, пайшла да вітаючых яе хлопцаў.
Праз палову гадзіны, тройца сяброў, добра нагаварылася ды ўзяла тры порцыі марожанага.
– Значыць, ты бачыўся з Панурышам? – сказаў Уладзімір запытальна гледзячы на Мечыка.
– Я б, напэўна, не вытрымала сустрэчы з ім, – сказала Віка з пэўным здзіўленнем гледзячы на падталае марожана ў шкляным посудзе, – хоць, я неяк раблюся смялей у патрэбныя моманты.
– Так, гэта была сустрэча не самая прыемная, – сказаў гродзенскі гісторык. – Выходзіць, што Марыся ведала пра тое, што Панурыш з'явіцца і прапануе дапамогу…
– Таму яна і папярэдзіла, каб ты паслухаў таго, каму складана давяраць, – сказаў мінчанін.
– Ну так. Давяраць гэтаму нягодніку сапраўды не так лёгка. Я б яго задушыў голымі рукамі, калi шчыра, – зло адказаў Мечык
– Дык ты прынёс тое, што ён аддаў табе? Гэтую ракавіну? – з натхненнем гледзячы на гродзенца, спытала Віка.
– Так, яна тут. Зараз пакажу, – адгукнуўся той, і палез у сумку, пакуль Віка, хутка міргаючы, пацірала далонькі ў прадчуванні з'яўлення новага для яе і вельмі загадкавага артэфакта.
Мечыслаў корпаўся ў сумцы даволі доўга і нарэшце выцягнуў бронзавую ракавіну, а затым перадаў яе сяброўцы.
– Паслухай, Віка! Прыкладзі да вуха, – сказаў гарадзенец. – Ты ж таксама выбранніца. Можа быць і ты пачуеш… – дадаў ён з усмешкай.