Выбрать главу

Віка, з некаторым хваляваннем, павольна паднесла цяжкі прадмет да свайго маленькага вушка і стала слухаць.

– Нічога не чую, – сказала Віка, расчаравана гледзячы на сваіх сяброў. – Уладзь, паспрабуй ты.

Мінскі госць узяў з рук дзяўчыны артэфакт і шчыльна прыклаў да свайго вуха. Ён даволі доўга засяроджана ўслухоўваўся і нарэшце спакойна сказаў:

– Няма нічога. Мабыць, гэта можаш чуць толькі ты, Мечык.

– Дык што ж гэта? Што ты там чуеш? – спытала Віка, уважліва гледзячы на свайго сябра.

– Паслухаю-ка я яшчэ раз, – адказаў Мечыслаў. – Я проста падношу яе і чую голас.

Малады чалавек усміхнуўся і хутка прыклаў ракавіну да вуха. Спачатку ён чуў толькі нешта накшталт аддаленага шэпту, змешанага з шыпеннем, падобным на слабы гук паветра, выходзячага з адкрытай шыны ровара. Мноства неразборлівых слоў плёскалася ў ракавіне далёкім рэхам. Але, паступова, на першы план выходзіў адзін голас. Ён набліжаўся і станавіўся ўсё выразней, і вось ужо гісторык мог зразумець сэнс.

«Устань на месцы трох прастолаў, у трох гарадах найважнейшых, тады ж ты пачуеш тры словы і дарога назад гатова…» – пачуў ён.

Уладзімір і Віка моўчкі глядзелі на Мечыслава.

– Устань на месцы трох прастолаў, ў трох гарадах найважнейшых, тады ж ты пачуеш тры словы і дарога назад гатова, – сказаў той услых.

Віка і Уладзімір пераглянуліся.

– Дык гэта быццам бы вершык, – заўважыла здзіўленая дзяўчына.

– Аб якіх трох прастолах гаворка? – спытаў Уладзімір.

– На гэты раз загадка не такая сур'ёзная як тая, што была схаваная ў капсуле, – адказаў гарадзенскі гісторык. – Я ўжо зразумеў, што гэта ўсё значыць. Тры прастолы знаходзяцца ў трох найважнейшых гарадах. Што гэта за гарады? Я думаю, кандыдатамі могуць быць усё чатыры сталіцы Рэчы Паспалітай: Вільня, Гародня, Кракаў і Варшава.

– І як выбраць тры? – жыва спытала Віка.

– Вельмі проста, думаю, гаворка аб Гродне, Кракаве і Варшаве. Вільня страціла сваё значэнне і сеймы Рэчы Паспалітай там не праводзіліся. Кракаў, праўда, таксама саступіў пануючае становішча на польскіх землях Варшаве, але ўсё ж там праводзілі каранацыйныя сеймы. Фактычна ж галоўнымі палітычнымі цэнтрамі былі Варшава ў Кароне, і Гародня ў Княстве.

– Значыць тры найважнейшых горада гэта Варшава, Кракаў і Гродна, – сказаў Уладзімір, – а месцы трох прастолаў? Гаворка аб тронах караля, у сэнсе крэслах… або пра што?

– Цалкам дакладна, – пацвердзіў Мечык. – Тры прастолы, гэта, як мне здаецца, менавіта тры каралеўскія троны ў гэтых трох гарадах. Так вось я гэта бачу.

– А дзе канкрэтна знаходзіліся троны? – спытала Віка.

– Напрыклад, на каралеўскім замку ў Варшаве былі і тронная зала, і сенатарская, і месцы для трона былi ў абодвух. Трэба пашукаць. Але калі ўстаць у правільнае месца, то можна, згодна з пасланнем гэтай бронзавай штукі, пачуць тры словы. Прасцей кажучы, у няправільным месцы іх проста не пачуеш. Вось так я разумею гэта, – адказаў Мечык.

– А як іх пачуць? У гэтай ракушцы? – ціха спытала дзяўчына.

– Думаю, так. Ты становішся ў патрэбнае месца, прыкладваеш яе да вуха, і тады будуць чутныя гэтыя словы, – спакойна сказаў гарадзенец.

– Дык, а гэтыя троны хоць арыгінальныя? У каралеўскім замку Варшавы амаль усё наваробнае, так? – задаў пытанне Уладзімір.

– Так. Але ж у пасланні гаворка пра месцы прастолаў, а не аб іх саміх. Ва ўсялякім разе, можна паспрабаваць… Вось толькі я не хачу.

– Як не хочаш? – здзіўлена спытала Віка, гледзячы на Мечыка.

– Так і не хачу, – адрэзаў той. – Шчыра кажучы, я стаміўся ад усіх гэтых спраў. І, акрамя таго, вы звярнулі ўвагу на тое, што гаворка ў пасланні ідзе аб нейкай там дарозе назад, а вось Панурыш казаў пра раскрыццё праўдзівай сілы мяча. Якая яшчэ дарога, скажыце мне? Я не давяраю яму… Ды і гэтай тваёй Марысі таксама не вельмі, – дадаў гродзенец, гледзячы на свайго мінскага калегу.

– Так, гэта сапраўды ўсё вельмі дзіўна. Зрэшты, мы ўжо маглі б прывыкнуць, – сказаў Уладзімір. – А вось Марысе я асабіста веру. Проста пасля таго, што яна зрабіла для мяне…

– Так, яе дапамога – неацэнная, – перапыніў гарадзенец. – А звычка… Так… Мы прывыклі. Толькі вось я ўжо хачу адвыкнуць і жыць спакойна. Я не прасіў, каб на мяне зваліліся ўсе гэтыя прыгоды. Ну і навошта мне наогул павялічваць сілу гэтага мяча, калі ён мне і сам, шчыра кажучы, не патрэбны. Так, не патрэбны! Я адначасова і хачу, і не хачу ў гэтым удзельнічаць. Не ведаю…

– Ты, значыць, яшчэ не ведаешь? – спытала гарадзенка. – У любым выпадку, што б ты не вырашыў – мы з табой. Калі трэба будзе паехаць у Польшчу, то мы з радасцю. Праўда, Уладзь?