Выбрать главу

Мінчанін моўчкі кіўнуў і палез лыжкай у пасудзіну з марозівам.

– Дзякуй, сябры! Я яшчэ нічога канчаткова не вырашыў. Так і ёсць. Гэтая загадка ўсё-ткі прыцягвае мяне, і я адчуваю дзіўную цягу да гэтай новай прыгоды. Мне часта здаецца, што час як бы сціскаецца… Усё паскараецца і рухаецца да нейкага фiналу… Я падумаю. Вы ж яшчэ пакуль будзеце ў Гродне, так?

Суразмоўцы Мечыка кіўнулі на знак згоды.

– Ну вось і добра. Я вам скажу, што ды як. А пакуль, Віка, раскажы падрабязней, як ты там дапамагала італьянскім беднякам у Балонні? Цікава ж, – сказаў гарадзенскі гісторык, ды хітра прымружыўся.

– Быў там адзін хлопчык. Я сустрэла яго на вуліцы і мы разгаварыліся. Выдатная практыка італьянскага для мяне. Ну і вось… Аказалася, што ён марыць пра ровар. Ну, а далей, усё як звычайна: я дакранулася да мяча, а праз тыдзень сустрэла яго ўжо на ровары.

– Гэта значыць ты зноў цягала яго ў заплечніку? – ухмыляючыся спытаў Мечык.

– Ну так. Хочаш рабіць добрыя справы, цягай з сабою меч… Ой! Неяк двухсэнсоўна атрымалася, так? – скончыла збянтэжыўшыся Віка, пад рогат сяброў гісторыкаў.

– Выдатна! – прагугнiў Мечыслаў, працягваючы смяяцца.

– Цяпер твая чарга, Мечык! Я табе яго аддам.

– Потым. Пачакай! Ён у цябе і зараз з сабой?

– Ну так. У заплечніку, – адказала Віка.

– То бок ты амаль як ніндзя з мячом за спіной! Дзяўчынка супергерой! – сказаў, ухмыляючыся гарадзенец.

Сябры зноў заліліся смехам, а дзяўчына, збянтэжана пасміхаючыся, глядзела на іх спадылба.

Быў ужо вечар, калі маладыя людзі разышліся па хатах. Віка адправілася да сябе, а Уладзімір на гэты раз вырашыў не карыстацца жыллём гасціннага гарадзенскага гісторыка, хоць той і ўгаворваў сябра зноў пажыць у яго. Мiнчук зняў пакой у маленькім гатэльчыку, які размяшчаўся ў старадаўнім асабняку, з ламаным барочным дахам. Уладзiмiр ужо даўно марыў пажыць у гэтым будынку, якi знаходзіўся на гістарычным гарадзенскім раёне Новы Свет, бо гэты раён вельмі падабаўся мінскаму госцю.

Мечык вяртаўся дадому пешшу. Надвор'е было добрае і малады чалавек не спяшаўся. Насвістваючы нейкую бадзёрую мелодыю, ён падышоў да свайго дома і пачаў шукаць у кішэні ключ.

Але гісторыка зноў падпільноўваў сюрпрыз. На гэты раз яго вяртання чакала нейкая жанчына, ужо пажылая, апранутая ў паношаную вопратку, больш прыдатную для працы на агародзе, чым для гарадскіх шпацыраў. Яна ціха падышла ззаду і сказала:

– Добры дзень, Мечыслаў.

Малады чалавек здрыгануўся ад нечаканасці і рэзка павярнуўся да жанчыны.

– Хто вы? Я вас не ведаю, – рэзкім тонам сказаў гісторык.

– Ведаеш, мілы, ведаеш, толькі не ведаеш, што гэта я і ёсць, – сказала дзіўная госця.

– Хто вы такая?

– Марыся, мілок. Ну, давай думкай, дарагi.

Мечыслаў столькі разоў чуў пра лясную чараўніцу і ведаў, што яе дапамогу складана пераацаніць, але хто б мог падумаць, што ён вось так папросту сустрэне яе каля свайго дома.

– Гэта што ж, праўда вы? Вы тая самая Марыся? Але, што вы тут робіце? – закідаў бабульку пытаннямі Мечык.

– Прыйшоў час нам з табой сустрэцца. Ну і вось я тут.

– Але ж вы жывяце ў лесе. Так? Правільна?

– Ну дык і што? Лес гэты нябось не ў Сібіры. Кіламетраў семдзесят ад Гродна жешь.

Мечык засмяяўся. Ён сапраўды неяк не падумаў, што лясная чараўніца на самай справе жыве вельмі блізка да каралеўскага гораду.

– Мечыслаў, – сказала Марыся сур'ёзным голасам, – ты павінен паехаць і сам адчуваеш гэта. Ты ведаеш гэта, але баішся. Ну, але нічога. Ты зрабі, а потым не пашкадуеш. Абяцаю.

– Але я не хачу. Я стаміўся, проста стаміўся ад гэтага ўсяго.

– Вось пасля і адпачнеш.

– І вы прыехалі толькі дзеля таго, каб мяне пераканаць?

– Ну, вядома ж.

– Я не магу… Я не ўпэўнены… Я хацеў бы ўжо жыць спакойна. Для мяне дастаткова прыгод, – стаў хутка казаць гродзенец, патупіўшы позірк.

– Супакойся! Ты можаш, і ты зробіш. Я прыехала толькі затым, каб параіць табе паслухаць сябе. Гэта ж не складана, праўда? Заплюшчы вочы і прыслухайся да сябе. Унутраны голас падкажа. Давай, мілок, заплюшчы вочы і паслухай… Проста прыслухайся…

Мечык чамусьці не мог адмовіць Марысі, якая нечакана загаварыла тонам сапраўднага псіхолага, і паслухмяна заплюшчыў вочы. Так ён стаяў каля хвіліны, пакуль Марыся вельмі пільна глядзела на маладога чалавека і ў вачах яе гарэлі яркія агеньчыкі. Гісторык спрабаваў пачуць свой унутраны голас. Сумневы асільвалі маладога чалавека, і ён як быццам плыў кудысьці ў невядомую далеч. Мечык здаваўся сам сабе дурным і ўжо хацеў адкрыць вочы і развітацца з Марысяй, падзякаваўшы ёй за ўсе яе турботы, карысныя яму і яго сябрам, але нешта спыніла яго. Ён працягваў марудзіць і імкнуцца зразумець, чаго ж хоча насамрэч. І вось… Яго пачуцці сталі праясняцца… Мечыслаў адчуваў усё большае жаданне паехаць за разгадкай новай галаваломкі, якую падкінула яму яго, стаўшае вельмі дзіўным, жыццё. Марыся не зводзіла позірку з маладога чалавека. І калі той зноў расплюшчыў вочы, ён ужо быў амаль упэўнены.