– Так, вы маеце рацыю. Я павінен паехаць! – сказаў Мечык бадзёрым тонам. – Хай так! Я паеду!
– Вось і маладчага, – сказала Марыся. – І сяброў сваіх бяры. Яны ехаць гатовыя. А пакуль, дай мне сваю ракавінку.
– Ракавіну?
– Давай, давай, нябось жа з сабой у цябе.
Мечыслаў не без пэўнага здзіўлення выцягнуў артэфакт і аддаў яго Марысі.
– Зразумеў ужо, што гаворка аб Гродне, Варшаве і Кракаве? Толькі адпраўляйцеся спярша ў Кракаў, а потым у Варшаву, ну i Гродна ў канцы. Зразумеў, мілы мой?
– Чаму ж так? – спытаў ашаломлены гісторык.
– Ды глянь жа ўважліва на ракавінку гэтую. Нябось толкам яшчэ і не вывучыў? Часу не было, так? Ну вось глядзі. Пісьмёны тут не зразумелыя табе, а гэта ж вось тут – карта, і на ёй тры гарады: Кракаў, Варшава і Гродна. Як ты не зразумеў, га? І стрэлка… Бачыш? Яна ад Кракава да Гродна накіравана.
Мечык са здзіўленнем заўважыў, што на ракушцы сапраўды віднеюцца абрысы тэрыторыі Рэчы Паспалітай і ўнутры гэтага контуру, былі адлюстраваны тры маленькіх трона, якраз у тых месцах, дзе павінны быць размешчаны Гродна, Кракаў і Варшава. І як ён сам не зразумеў, што гэта не проста дзіўны абрыс, а контур краіны? Гісторык сапраўды не вельмі ўважліва вывучаў бронзавы артэфакт. Ён быў занадта ўзрушаны з'яўленнем Панурыша.
– Вось так, Мечыслаў. Паедзеце спачатку ў Кракаў, ну і потым на поўнач, у Варшаву… Што рабіць трэба ты здагадаўся, так жа? Устанеш над месцамі прастолаў і тады ўсё пачуеш.
– Я ўсё зразумеў, – адказаў малады чалавек, і памаўчаўшы дадаў. – Не ведаю адкуль вы ўсё гэта ведаеце, але я вам проста паверу. Можа быць вы зойдзеце ў госці?
– Дзякуй, мілок. Я лепш да сябе паеду.
– У лес? А на чым вы паедзеце?
– Не хвалюйся, дарагі, не на мятле.
– Можа вас падвесці? – спытаў, пасмяяўшыся, гісторык.
– Не, не трэба. Я і на тралейбусе дабяруся. Радня ў мяне не толькі ў Мінску. Тут, у Гродне, таксама ўнучка маецца. Вось яна мне і дасць прытулачак.
– Зразумела, – сказаў гісторык.
– Ну, не сумуй, малады чалавек. Хутка сам зразумееш, што ды як. Убачыш, што баба Марыся мела рацыю. Трэба табе ехаць, мілы, ох як трэба.
Дагаварыўшы гэтыя словы Марыся разгарнулася і, не развітваючыся, пайшла кудысцi i знікла з вачэй.
Праз кароткі час яна ўжо стаяла на высокім беразе Нёмана, акружаная магутнымі хвоямі аднаго з гродзенскіх лесапаркаў, які размясціўся непадалёк ад самага цэнтру горада. Ззаду да Марысі ціхенька падкралася постаць чалавека ў плашчы і праз імгненне Якаў Панурыш ужо стаяў побач з пажылой чараўніцай і задуменна глядзеў у далячынь. Панурыш і Марыся не сказалі адно аднаму нават слова. Яны толькі пераглянуліся і працягвалі моўчкі стаяць, гледзячы на спакойную плынь старажытнай ракі, але затым абодва дзіўных назіральніка павярнулі, адначасова, галовы ў адзін бок. Перад іх позіркам з паветра ўзнікла постаць чалавека ў багатым строі арыстакрата васемнаццатага стагоддзя.
– Хутка ўсё ажыццявіцца, – сказаў Станіслаў Аўгуст, а Марыся і Панурыш кіўнулі на знак згоды.
Глава 5. Ракавіна
Чалавек у доўгім чорным камзоле і з доўгімі сівымі валасамі стаяў на беразе мора. Вялізныя хвалі беглі па паверхні вады, а ў небе гарэў цудоўны агністы закат.
Непадалёк ад чалавека гуляла маленькая бялявая дзяўчынка, гадоў сямі. Чорны чалавек спакойна глядзеў на закат і не звяртаў ніякай увагі на тое, што адбывалася вакол. Але раптам ён павярнуўся да дзяўчынкі і павольна пайшоў да малога дзіцяці. Дзяўчынка ўважліва глядзела на надыходзячага чорнага чалавека. Падышоўшы да яе, ён апусціўся на калені і спытаўся:
– Як цябе завуць, кветачка?
– Анка, – адказала дзяўчынка.
– А мяне Якаў, – адказаў чалавек гледзячы на дзяўчынку спадылба. – З чым гэта ты гуляешся?
Дзяўчынка не адказала, але падняла вышэй і паказала Якаву вялікую ракавіну з мудрагелістымі завіткамі.
– Мне якраз прыдалася б такая. Можа быць памяняемся? Я дам табе нешта блiскучае, а ты мне гэтую ракавінку.
З гэтымі словамі Якаў дастаў сярэбраную манету з выявай Пагоні і аддаў яе дзяўчынцы. Яна здзіўлена ўзяла шчодры дар і памарудзіўшы момант працягнула чорнаму чалавеку ракавіну.