Сябры выйшлі на галоўную плошчу. Зайшлі ў Марыяцкі касцёл і пастаялі каля помніка Міцкевічу.
– У Польшчы ёсць якія-небудзь нацыянальныя героі, якія не нарадзіліся ў нас? А? Па-мойму, няма такiх! – у жартаўлівым тоне заўважыў Уладзімір.
Сябры засмяяліся і пайшлі ў бок вуліцы Фларыянскай, якую часам звалi самай прыгожай вуліцай Польшчы.
Мечык спыніўся і прысеў на кукішкі, каб завязаць шнурок. І ў гэты самы момант ён зноў заўважыў падазронага чалавека ў шэрай, клятчастай кашулі, які вельмі пільна глядзеў на гісторыка. Гарадзенец выпрастаўся і адказаў незнаёмцу такім жа пільным поглядам, але той адразу ж знік, зашыўшыся ў натоўп азіятаў з фотаапаратамі.
– Я думаю, наша экскурсія атрымалася, – заўважыў Мечык, – давайце пойдзем у машыну і будзем паволі выязджаць на Варшаву. Добра?
– Як скажаш, – адказаў Уладзімір.
Ужо за горадам, на трасе, пакуль Уладзімір і Віка весела балбаталі, Мечыслаў працягваў уважліва сачыць за ўсімі машынамі, якія рухаліся ў тым жа кірунку, што і іх аўто. Нарэшце, ён заўважыў, што за імі прыляпiўся блакітны спартыўны аўтамабіль. Мечыслаў дадаў газу, але блакітны аўтамабіль не адставаў.
– Могуць жа палiцыянты спыніць, навошта ты гоніш так? – спытаў Уладзімір.
– Глянь туды. Гэтыя хлопцы ў сіняй тачцы ўжо даволі даўно ў нас на хвасце.
Уладзімір і Віка азірнуліся і сталі з асцярогай углядацца ў аўтамабіль-пераследнiк.
– Мы хутчэй і яны таксама… Нешта тут не так, – сказаў Мечык, яшчэ мацней давячы на пядаль.
Сябры напружана маўчалі, перыядычна азіраючыся назад.
Аднак яшчэ праз некалькі кіламетраў, блакітны аўтамабіль нарэшце адстаў, згарнуўшы кудысьці на абочыну. Маладыя людзі сталі спакайней і пачалі актыўна жартаваць, каб развеяць напружаную атмасферу. Перыядычна яны спыняліся перакусіць і адпачыць, і, праз гадзіну пасля апошняга пасiлка, убачылi далёка наперадзе Варшаву.
Знайшоўшы недарагі хостэл, маладыя людзі адправіліся на цэнтральную плошчу польскай сталiцы, на якой размясціўся адбудаваны пасля вайны каралеўскі замак. Патрапіўшы ўнутр будынка, яны спыніліся каля адной з вялікіх карцін, у велізарнай, пазалочанай раме.
– Прапаную адразу ісці менавіта ў Сенатарскую залу. Калi ў Кракаве ўсё атрымалася ў Сенатарскай зале, то і тут павінна, – сказаў Мечык.
– Так, мяркую, разумная прапанова, – адказаў Уладзімір.
Праз некаторы час сябры дасягнулі сваёй мэты. Сенатарская зала была ўпрыгожана пазалочанымi пілястрамі і вялікімі люстэркамі, але беларускіх гасцей цікавіў прастол. Месца каралеўскага трона знаходзілася на невялікім узвышэнні, паміж двума раскошнымі дзвярыма, над адной з якіх была выява Пагоні, а над іншай – Арла.
– Ну, я пайшоў, – сказаў Мечык, рэзка выдыхнуўшы паветра.
Гісторык рушыў да трону. Сябры маладога чалавека застылі ў нецярплівым чаканні. Прайшоўшы па гладкай паверхнi паркету больш за дзесятак метраў, каб як мага бліжэй падабрацца да шыкоўнага, пазалочанага крэсла, Мечыслаў дастаў бронзавую ракавіну і прыклаў да вуха. Калі звыклыя няясныя гукі ператварыліся ў выразнае слова, гісторык апусціў ракавіну назад у кішэню і вярнуўся да сяброў.
– Ну? Ну што там? – узбуджана прашаптала Віка.
– Пачуў! – радасна сказаў Мечык.
– Ну? Што за слова? – зноў прашаптала дзяўчына.
– Час! Гэтае слова: «Час».
– Значыць, атрымліваецца фраза: «Прыйшоў час…» – сказаў Уладзімір.
– Менавіта так, – пацвердзіў гарадзенец.
– Прыйшоў час? Для чаго можа прыйсці час? – спытала Віка.
– Гэта пакуль не зразумееш, – адказаў Уладзімір.
– Пачакаем і даведаемся! А пакуль што прадоўжым наш шлях, – сказаў Мечык.
Сябры накіраваліся да выхаду з замка і хутка зноў былi на плошчы.
– Здаецца, пакуль справы ідуць нядрэнна. Засталося толькі даведацца, што ж за час прыйшоў. Апошняе слова мы пачуем у Гродне. Толькі вось я не вельмі разумею, як гэта ўзмоцніць дзеянне мяча. – прамовіў Мечыслаў, разглядаючы высокую калону Жыгімонта Вазы.
– Можа гэта нейкае заклінанне і пасля яго вымаўлення меч стане мацней, – выказала здагадку Віка.
– Ад усяго гэтага галава кругам, – сказаў Мечык.
– А давайце з'ездзім у Лазенкі, – раптам радасным голасам прапанавала гарадзенка, – Гэта была любімая рэзідэнцыя Станіслава Аўгуста, а калі б не ён, нас тут бы і не было.
Гісторыкі падтрымалі прапанову сваёй сяброўкі і трыа адправілася ў адзін з найпрыгажэйшых паркаў Варшавы.
Дабраўшыся да парку, маладыя людзі павольным крокам пайшлі па яго дарожках. Зайшоўшы ў невялікі «Палац на вадзе» яны спыніліся каля аднаго з партрэтаў Панятоўскага.