– Я да гэтага часу памятаю, як размаўляла з ім, – задуменна сказала дзяўчына.
– Дык на такое цяжка забыцца, – сказаў Уладзімір, – але ж ты так мне і не адказала на якой мове ён размаўляў.
Маладыя людзі пераглянуліся і пачалі смяяцца, а затым выйшлі з палаца і вырашылі трохі прагуляцца па парку. Настрой у тройцы быў надзвычай добры. Віка крыху адстала ад сяброў, загледзеўшыся на паўліна, які свабодна хадзіў па Лазенкоўскаму парку…
Раптам, нехта схапіў вялікі заплечнік дзяўчыны, што вісеў на яе плечыку, сарваў яго і кінуўся бегчы. Віка ўскрыкнула і ўпала ад нечаканага рыўка. Уладзімір і Мечык абярнуліся і падбеглі да сваёй спадарожніцы. Людзі ў парку спалохана пазіралі адно на аднаго, але злодзей, схапiўiшы заплечнік, хутка нырнуў кудысцi за дрэвы і схаваўся ад вачэй. Мечык толькі паспеў заўважыць, што гэта быў той самы чалавек у клятчастай шэрай кашулі.
– Вам дапамагчы? – пачулі вандроўнікі прапанову аднаго з тых мінакоў, якія бачылі, што адбылося.
– Не, дзякуй, усё добра! – не вельмі ўпэўнена адказала Віка, якая слаба валодала польскай мовай.
Дзяўчына паднялася і паглядзела на сваіх занепакоеных сяброў.
– Ты ў парадку, Віка? – спытаў усхваляваны Мечык.
– Так. Не хвалюйцеся. Я не ўдарылася, а ў заплечніку нічога не было, акрамя маёй старой байкі. Ды і сам заплечнік мне ўжо паднадакучыў, і я хацела новы. Можа гэта нават да лепшага.
– Аптымізму табе дакладна не трэба дадаваць, – сказаў, злёгку ўсміхнуўшыся, Уладзімір.
– Так? Ну можа быць! Давайце пойдзем адсюль, а то мінакі турбуюцца.
– Можа быць варта патэлефанаваць на паліцыю, – сказаў мінчанін.
– Я думаю, не трэба. Давайце проста пойдзем. Навошта нам гэтыя паліцэйскія разборкі ў чужой краіне? – адказала дзяўчына.
– Можа ты і права, – сказаў Мечык, – давайце вернемся да нашага хостэлу, а то мяне мучаюць нейкiя падазрэнні.
Тройца хутка дабралася да хостэла і Мечык тузануў дзверы сваёй машыны, запаркаванай побач з іх прытулкам. Дзверы лёгка адчыніліся.
– Так я і думаў, – злосна выпаліў гродзенец, – хтосьці залез у салон і забраў нашыя з Уладзем сумкі. Ну дарма ж мы іх так кінулі. І я ўпэўнены, што гэта зьвязана з крадзяжом твайго заплечнiка, Віка.
– Падобна на тое, – сумна адказала дзяўчына.
– Цяпер, я думаю, насамрэч трэба тэлефанаваць у паліцыю, – сказаў мінчанін.
Мечык некаторы час моўчкі разважаў, а потым задуменна прагаварыў:
– Ты, вядома, маеш рацыю, Уладзь. Варта было б патэлефанаваць у паліцыю, але я не хачу звязвацца з мясцовымі паліцыянтамі. Яшчэ, раптам, яны нас затрымаюць, а мне не церпіца хутчэй разблытаць гэтую загадку трох прастолаў. Справа ў тым, што ў нас гэтая дзіўная бронзавая штука. Калі б яны яе знайшлі, то яшчэ, мабць, вырашылі б, што гэта незадэклараваная каштоўнасць, увезеная ў Польшчу. Не ведаю дакладна, як тут працуе закон. Яе, вядома, можна прыхаваць, але ўсё роўна мне не вельмі хочацца звязвацца з сілавікамі. У маёй сумцы былі толькі бутэлькі вады і нейкая ежа. Не ведаю, што гэтыя людзі шукалі, але забралі тое, што мне не асабліва шкада. Дзверы яны, здаецца, не зламалі. Яны зачыняюцца. А што было ў тваёй сумцы?
– Швэдар і пакет з гарбатай, – адказаў мінскі гісторык, – моцна я пра іх шкадаваць не буду.
– Тады, калі ніхто не пярэчыць, сябры, давайце проста знойдзем сабе новы хостэл, а раніцай адчалім дадому, без нейкіх паліцэйскіх. Пойдзе так? Згодныя?
Віка і Уладзімір паківалі.
– Я не супраць, Мечык, – сказала дзяўчына.
– Так, давайце проста замнём. Хай падавяцца нашымі рэчамі, – сказаў Уладзімір.
Сябры селі ў машыну і паехалі шукаць новы прыстанак. Пошукі іх даволі хутка ўвянчаліся поспехам, і яны знайшлі невялікі гатэлік з вельмі сцiплымі, па мерках Варшавы, коштамі.
З раніцы сябры ўжо імчаліся на сваім аўтамабілі да мяжы. Прастаяўшы не адну гадзiну ў чарзе, маладыя людзі нарэшце заехалі ў Беларусь, і праз кароткi час ужо каціліся па гарадзенскіх вуліцах.
– Давайце ненадоўга заскочым да мяне, а потым адправімся ў Сенатарскую залу Новага замка, – прамовіў Мечык, круцячы руль, – трэці трон з гэтай загадкі і трэцяе слова ўжо зачакаліся на нас, – весела дадаў ён.
– Ты ўпэўнены, што шукаць варта менавіта там – у Новым замку? – спытаў Уладзімір.
– Два папярэдніх адказа хаваліся ў сенатарскіх залах Кракава і Варшавы. Значыць, трэці будзе ў гарадзенскай сенатарскай зале. Думаю, так, – адказаў гарадзенец.
Малады чалавек ужо пад'язджаў да сваёй хаты, і ў гэты момант убачыў запаркаваны непадалёк блакiтны, спартыўны аўтамабіль. Сэрца гісторыка шалёна забілася, ён рэзка стукнуў па тармазах і выскачыў з аўтамабіля. На сустрэчу яму, з блакiтнай машыны, ужо выходзілі два чалавекі. Адзін з іх быў апрануты ў шэрую кашулю ў клетку. Мечык накіраваўся прама да іх.