– Добры дзень, Мечыслаў, – сказаў чалавек у клятчастай кашулі, – мяне завуць Томас.
Чалавек гаварыў з моцным літоўскім акцэнтам.
– Пляваць як цябе там клічуць, – зло гаркнуў гісторык, – спачатку ты вернеш нашы рэчы і ты папросіш прабачэння перад дзяўчынай, а потым вы адваліце вельмі далёка ад майго дома.
– Так, зразумела, – халодным спакойным голасам сказаў літовец. – Вашыя рэчы ў нашай машыне і мы іх вернем. Яны нам без патрэбы. Але толькі вы спачатку вернеце тое, што наша.
– Гэта тое, што ваша, вы шукалі ў нашых торбах? Я добра цябе зразумеў?
– Дакладна!
У гэты час Віка і Уладзімір выйшлі з машыны і падышлі бліжэй да суразмоўцаў.
– І што ж гэта такое? – спытаў гарадзенец.
– Спачатку я яшчэ раз назавуся, – сказаў чарговы няпрошаны госць. – Томас Баранаўскас. А гэта мой брат Ёзас Баранаўскас. Мы браты прафесара Баранаўскаса. Тое, што вы скралі ў яго, вы неадкладна аддасцё нам!
– Ну і што ж гэта? – спытаў Мечык.
– Вы самі ведаеце.
– Не, ужо скажыце мне зараз вы.
– Меч, вярні нам меч, – рэзка крыкнуў Ёзас.
– Ну-ка збавіць тон! – пагрозліва сказаў Мечык. – Я вам больш паўтараць не збіраюся. Нашы рэчы – сюды, і пайшлі прэч адсюль.
– Значыць па-добраму вы не хочаце, – сказаў Томас.
– Ты яшчэ мне будзеш пагражаць, морда! – крыкнуў у лютасьці Мечык.
У гэтую секунду Ёзас выцягнуў аднекуль паляўнічы нож, а ў руках Томаса з'явіўся электрашокер. Але бойка паміж гісторыкам і братамі Баранаўскасамi не адбылася.
– Хопіць сваволіць, малыя звераняты, – пачуў Мечык за сваёй спіной знаёмы голас.
Ён павярнуўся і ўбачыў незразумела адкуль узяўшыгася Панурыша, які стаяў наводдаль. Панурыш хутка падышоў бліжэй да ўсіх удзельнікаў сцэны і сказаў:
– Вы, панове Баранаўскасы, калі вас так можна назваць, цяпер жа падгонiце скрадзеныя рэчы і паедзеце шыбка з горада.
На тварах літоўцаў адбілася нерашучасць. Але яны не спяшаліся паслухацца…
– Вы больш не кіруеце арганізацыяй, Панурыш. Цяпер за вамі нікога няма і мы вас не баімся, – сказаў Томас.
– Няўжо? – спытаў Панурыш. – А мне вось здаецца, што нават вельмі баіцеся. Я адчуваю ваш страх. Усё роўна кірую я арганізацыяй ці не, я ўсё яшчэ застаюся Якавам Панурышам.
– Сыдзіце прэч! – крыкнуў неўраўнаважаны Ёзас.
Якаў моўчкі глядзеў на братоў. Ад аднаго погляду яго цёмных, глыбокіх вачэй, абодва літоўца сціснуліся і адступілі назад. Праз секунду Панурыш выхапіў доўгі бліскучы пісталет, з ручкай са слановай косці, і працадзіў скрозь зубы:
– Лічу да трох… Альбо вы зробіце тое, што я вам сказаў, альбо ўжо ніколі нічога не зробіце. Раз…
Абодва браты ў жаху кінуліся да машыны і праз імгненне выкінулі з яе рэчы сяброў, праз яшчэ дзесяць секунд – спартовае аўто ўжо хутка ад'язджала прэч.
– Ну вось, – сказаў Панурыш, – гэтыя дурні ўжо больш тут вас не патурбуюць. Рабіце тое, што павінны. Пакуль у вас атрымлівалася нядрэнна.
Ён павярнуўся да Вікторыi і Уладзіміра. Як толькі дзяўчына сустрэлася з ім позіркам, яна мімаволі адступіла на крок назад. У вачах яе з'явіўся выраз мацнейшага страху.
– А… Паненка… Прабачце мяне за той няўдалы інцыдэнт у капліцы. Больш не паўторыцца, запэўніваю вас, – Панурыш злёгку пакланіўся і драпежна ўсміхнуўся, а затым моўчкі адышоў, хуткім крокам, нават не павярнуўшыся да Мечыка.
Маладыя людзі былі ў стане вялiкага здзіўлення. Мечыслаў падышоў да раскіданых на дарозе рэчаў. Сабраўшы іх, ён вярнуўся назад да сяброў і аддаў Віцы і Уладзіміру тыя, што належалі ім.
– Мы неадкладна адправімся ў Новы замак, – сказаў ён. – Прыйшоў час насамрэч разабрацца з гэтай гісторыяй.
Праз паўгадзіны, купіўшы квіткі для наведвання музея, якi быў размешчаны ў замку, сябры стаялі ў вестыбюлі былой каралеўскай рэзідэнцыі. Яны прайшлі налева і затым, павярнуўшы направа, апынуліся ў вялікай сенатарскай зале. Мечык амаль бегам кінуўся да таго месца, дзе калісьці размяшчаўся каралеўскі трон і выхапіў з кішэні ракавіну. Аддыхаўшыся ён прыклаў яе да вуха. Віка і Уладзімір напружана сачылі за Мечыкам. Нарэшце, той павярнуўся да іх, на твары яго быў выраз крайняга здзіўлення. Ён хутка пайшоў да сяброў.
– Нічога! Я чую толькі загадку аб трох прастолах. Трэцяга слова няма! Гэта не тое месца, – выпаліў гісторык.
Ён пабег у іншае месца залы і паспрабаваў паслухаць там, а затым у яшчэ адным…
– Нічога не выходзіць. Тут нічога няма, – сказаў ён, зноў вярнуўшыся да сваіх таварышаў, і яны выйшлі з залы, прайшоўшы міма здзіўлена глядзеўшай на іх музейшчыцы ў строгіх акулярах.