– Як жа так? – спытала Віка.
– Хадзем у машыну. Мне трэба падумаць, – прыгнечаным тонам прамовіў Мечык.
Троіца вярнулася ў аўтамабіль. Усе трое маўчалі.
– У чым жа тут справа? Павінна было атрымацца? – прамармытаў гарадзенскі гісторык.
– Можа ёсць іншыя залы, у якіх стаяў трон? – спытала Віка.
– Хм, можа быць, можа быць… – задуменна прамовіў гарадзенец. – вось толькі ў Варшаве і ў Кракаве гэтая ракавіна спрацавала ў сеймавых залах.
– Сеймы праходзілі і на Старым замку, наколькі я памятаю, – заўважыў Уладзімір.
– Так, дакладна! – пацвердзіў Мечык. – Толькі вось не так проста зараз адшукаць месцы ў якіх стаяў трон. Гэтая тэма наогул не вельмі добра вывучана…
Мінчанін паківаў галавой і задуменна паглядзеў наверх, а затым падпёр падбародак кулаком. Віка таксама напружана думала, склаўшы ручкі на грудзях.
Мечыслаў выцягнуў бронзавую ракавіну і стаў вельмі ўважліва разглядаць яе. Ён не мiргаючы глядзеў на ўзоры, якія ўпрыгожвалі артэфакт.
Вось дзіўныя знакi, вось абырысы Рэчы Паспалітай… i тут… угледзеўшыся, гродзенец раптам убачыў арабскія лічбы. Яны былі ўплецены ў нейкія завіткі і не кідаліся ў вочы. Так-так! Гэта сапраўды былі яны… Пагружаны ў віхор падзей гісторык не заўважаў іх раней.
– 1715… Дык гэта ж год, – прашаптаў гісторык. – Год? Мабыць, дата вырабу! Ах так! Дык у гэтыя гады яшчэ правіў Аўгуст Моцны і яго рэзідэнцыя была не на Новым замку! Тады яго яшчэ не пабудавалі. Гэта Батаруўка! Так! Яна была яго рэзідэнцыяй і там таксама была сеймавая зала!
Віка і Уладзімір пераглянуліся і на іх тварах з'явілася надзея.
– Трэба толькі ведаць дакладнае месца, – працягваў нервова казаць гісторык, – сеймавая заля не захавалася. Гэта быў асобны будынак. Але мы можам вызначыць па старой мапе, дзе ён быў… Зараз… Гэтая карта ёсць і ў нэце… Я знайду.
Гісторык пагрузіўся ў тэлефон і праз хвіліну радасна крыкнуў:
– Ну вось і яна. Трон размяшчаўся вось тут… Зараз гэта двары на Карла Маркса… Тэрмінова туды!
Ён завёў машыну і націснуў на газ…
Праз пятнаццаць хвілін у арку аднаго са старадаўніх дамоў па вуліцы Карла Маркса ўбеглі трое сяброў… Мечык глядзеў на выяву старой карты ў тэлефоне. Гісторык замёр у звычайным, нічым не прыметным месцы, дзе не было нават каменнай маставой, а толькі голая зямля. У гэты момант яны пачулі голас Панурыша:
– Брава! Вось і прыйшоў час!
Мечыслаў на імгненне знерухомеў, а Віка і Уладзімір здрыгануліся ад новага з'яўлення злыдня, ледзь не стаўшага калісьці прычынай іх гібелі.
– Не буду гнаць вас, Панурыш. Цяпер не да гэтага, – сказаў гарадзенец.
– Зразумела, пан Мечыслаў. Рабіце ж тое, што павінны, а мы ўсе паглядзім. Праўда, пані мая? – звярнуўся ён да дзяўчыны, якая нічога не адказала, а толькі прысунулася бліжэй да Уладзіміра.
– Пакіньце Віку ў спакоі! – грозна сказаў Мечык.
– Што вы што вы, я і не хачу яе турбаваць. Навошта мне гэта?
Гісторык адвярнуўся ад Панурыша і хацеў ужо прыкласці ракавіну да вуха…
– Ах так… Ледзь не забыўся, – усклікнуў Якаў, – вам спатрэбіцца меч, ён жа тут у мяне.
З гэтымі словамі Панурыш выцягнуў артэфакт з чорнай сумкі, якую трымаў у руках.
– Адкуль ён у вас? – злосна крыкнуў Мечык, кідаючыся да Якава. – Ён жа быў схаваны ў маім доме…
– Так-так. Схаваны ў вас, на гарышчы, пад вялікай скрынкай. Давялося яго запазычыць, каб гэтыя літоўскія браты не зрабілі гэта да мяне. Я дык меў намер яго вам вярнуць, што і раблю, а вось гэтыя два цвердалобых маладца наўрад ці б прынеслі яго сюды вам на талерачцы.
– Вы залезлі ў мой дом? Значыць, вы зноўку залезлі ў мой дом! – злосна прахрыпеў Мечык.
– Ну так, прыйшлося, – адказаў Панурыш, крыва ўхмыляючыся.
– Ці не прасцей было сказаць мне пра тое, што на меч палююць? – спытаў Мечыслаў, ледзь стрымліваючы сябе ад таго, каб кінуцца на ненавіснага яму чалавека з сівымі валасамі, які так папросту распавёў пра тое, што абакраў уласны дом гісторыка.
– І што б вы зрабілі? Можа быць узялі меч з сабою? І ў падарожжы яго б скралі два браточкі. Я давяраю толькі сабе самому, таму надзейней было патрымаць яго ў сябе, – адказаў Панурыш, упэўнена гледзячы на свайго маладога суразмоўцу.
– Добра зараз не да таго… Я яшчэ разбяруся з вамі пасля! – сказаў гісторык.
– Моцна ў гэтым сумняваюся, дарагі пан Мечыслаў, – працадзіў Панурыш, зноў крыва ўхмыляючыся.
Мечык вярнуўся на патрэбнае месца, а затым прыклаў ракавіну да вуха. Шум… і аддаленыя галасы… Усё як звычайна… І вось, тысячы адгалоскаў склаліся ў адно слова: «Прачнуцца». А затым Мечыслаў пачуў, ва ўласнай галаве, усю фразу з усіх трох слоў: «Прыйшоў час прачнуцца».