Выбрать главу

– Прыйшоў час прачнуцца, – амаль шэптам паўтарыў услых Мечык, і ў тую ж секунду Панурыш ускінуў руку…

– Тэраз адбылося, адбылося! – моцна закрычаў Якаў і меч у руцэ гарадзенскага гісторыка загарэўся яркім полымем. Усё вакол заліў белы свет. Панурыш зарагатаў. З вежы Фарнага касцёла пачуліся ўдары звана, які адбіў тры гадзіны.

Нечакана побач з гродзенцам паўсталі матылёк, сокал і кабан, якiя свяціліся знутры яркімі агнямі. Апошнім, што ўбачыў Мечык, былі здзіўленыя твары Уладзіміра і Вікі і туманны вобраз старой жанчыны, якая стаяла крыху паводдаль.

Глава 7. Фінал

Мечыслаў расплюшчыў вочы. Ён ляжаў на зямлі, а над ім навісалі твары нейкіх неахайна апранутых людзей. Адзін з іх, вельмі падобны да Вітаўта на карціне Матэйкі «Грунвальдская бітва», радасна адзначыў:

– Во, здаецца ачомаўся.

– Што? Што здарылася? – спытаў гісторык, адчуваючы моцны галаўны боль.

– Ды вось, Саня цябе выпадкова лапатай шындарахнуў. У іх тут, бачыце, дзяцінства ў задніцы зайграла, і яны на лапатах вырашылі пазмагацца, – сказаў «Вітаўт». – Саня, ходь сюды, ён ачомаўся.

Над гісторыкам з'явілася яшчэ адна асоба.

– Я вельмi шкадую, хлопец… э-э-э-э… неяк так атрымалася, – прамовiў чалавек са смешным зачосам і вусамі.

– Я ўстану, – сказаў Мечык слабым голасам і паспрабаваў падняцца.

– Ды ляжы ты! – гаркнуў «Вітаўт». – Мы ўсё роўна ўжо хуткую выклікалі. Усё ж такі быў без прытомнасці! Ды і галава, вунь, у кравiшчы.

– Без прытомнасці?

– А то! Цэлых хвілін пяць, не менш!

Праз тры тыдні Мечыслаў сядзеў у кабінеце лекара. І той плаўна казаў прыемным, аксамітным барытонам:

– Такія аб'ёмныя і падрабязныя ўяўленнi гэта, вядома, вельмі цікавы выпадак. Па сутнасці, гэта вельмі падобна на звычайны сон, толькі, у дадзеным выпадку, ён быў выкліканы траўмай. Насамрэч, мы яшчэ вельмі мала ведаем пра свет сноў. Ваш выпадак, безумоўна, можа з'яўляцца аб'ектам вывучэння. Гэты свет быў, калі я правільна вас зразумеў, трошкі ідэалізаваны і вам падабалася там знаходзіцца. Але прыходзіць час прачнуцца, – тут доктар дазволіў сабе ўсмешку. – Паталогіі ў вас няма. Ну, можа быць застанецца невялікі шнар на галаве. Гэта дробязь… Дарэчы, цікавым момантам з'яўлялiся сігналы вашага падсвядомага з дапамогай кнігі. Верш «Сон у сне»… Хм, пацешна, так? Вось як ваша псіхіка ўвесь час сігналізавала вам, што вы знаходзіцеся не ў той рэальнасьці.

Мечык выйшаў з лякарні і прысеў на першую напатканую лавачку. Ён адчуваў сябе добра і проста хацеў трохі разабрацца з думкамі. Вакол было звычайнае гарадское жыццё. Сонца, якое толькі нядаўна асвятляла вялікія, шумлівыя, з-за густой лістоты, дрэвы, і размаляваныя ў цёплые колеры дамы – схавалася за хмары, і цяпер усё вакол стала шэрым. У паветры пахла дажджом. Людзі спяшаліся па сваіх справах, пакуль гісторык прыглядаўся да іх твараў.

«Наш народ усё-такі вельмі пануры. Што так хвалюе гэтых людзей? Новыя падаткі? Маленькія пенсіі? Будучыня дзяцей?» – падумаў Мечык і тут жа сам здзівіўся свайму нечаканаму жаданню пафіласофстваваць.

Міма праехала вялікая старая машына, падняўшы воблака пылу і спалохаўшы галубоў, што бадзялiся ля дарогi.

«Зрабіць жыццё людзей лепшым… больш свабодным… Вось для чаго трэба было выкарыстоўваць меч! Адраджаць старую архітэктуру – важна! Але ўсё-ткі бываюць рэчы і больш важныя…» – думаў гісторык, гледзячы на шэрую тратуарную плітку пад сваімі нагамі.

Потым ён дастаў тэлефон і адкрыў сваю старонку ў сацыяльнай сетцы. Знайшоўшы сярод сяброў Віку і Уладзіміра ён стаў успамінаць… Здаецца, аднойчы ён сустракаўся з Вікай на нейкім мерапрыемстве, а Уладзіміра насамрэч ведаў толькі па iнэтавым перапіскам…

Мечыслаў падняў галаву і глыбока ўздыхнуў. Погляд яго ўпаў на маладую жанчыну, якая сядзела на суседняй лаўцы. Ён пільна прыгледзеўся да яе. Нешта прыцягвала погляд маладога чалавека, і калі ён зразумеў, што менавіта гэта было – яго зрэнкі пашырыліся, ён напружана застыў, сфакусаваўшы ўсю сваю ўвагу на адным пункце. Здавалася, гісторык ператварыўся ў каменную статую. На каленях драмаўшай жанчыны ляжала кніга Эдгара По, раскрытая на вершы «Сон у сне».

Эпілог ад аўтара

Я Мечыслаў С. напісаў гэтую кнігу па сваіх успамінах. Я да гэтага часу не ведаю, што было сном, а што явай, але я цвёрда ўпэўнены, што гэта не так важна для нас, калі мы можам знайсці нешта вельмі каштоўнае ўнутры сябе. Тое, што не сыдзе калі нават мы прачнемся ад цудоўнага сну. Ці з'яўляецца рэальнасцю меч? Цi знайшоў я яго зноўку на гарышчы? Ці можа ён цяпер даць мне неверагодную ўладу? Унутраная гармонія робіць нас шчаслівымі, і для таго, каб дасягнуць яе – не абавязкова мець магічную сілу чароўнага артэфакта, можна проста тварыць і любіць. Я бачу любiмых і блізкіх людзей, і свой старадаўні горад і, калі гэта толькі сон у сне… што ж… значыць стары добры По меў рацыю.