Вось я i камандзір! I мне раптам чамусьці стала неяк па-інакшаму неспакойна i страшна. Прыгадаліся словы Сідарэнкі: «Можаш камандаваць?» Ніколі пра гэта я не думаў раней. А цяпер задумаўся: ці магу я камандаваць? Ці будуць слухацца мяне гэтыя незнаёмыя яшчэ мне людзі? Ix шэсць, i ўсе яны такія розныя, ёсць старэйшыя за мяне па гадах. Сустрэлі яны мяне не вельмі ветліва. Ці, можа, мне так здалося? Можа, таму яны былі хмурыя, незадаволеныя, што ix паднялі сярод ночы?
Мы прыехалі пасля дванаццаці, калі ўсе адпачывалі. Камандзір батарэі, старшы лейтэнант Сеўчанка, вясёлы i просты чалавек, з добрым сялянскім тварам, крыху пабітым воспай, спачатку прадставіў Віктара Вальнова разліку прыбора. Потым падвёў Сеню да дальнамера, але падначаленых яго не разбудзіў. Гэтых «арыстакратаў» усюды шкадуюць — у ix павінны быць зоркія, стэрэаскапічныя вочы.
Нарэшце звярнуўся да мяне:
— Пайшлі да тваіх арлоў. Лепшы разлік табе даю. ТольKi трымаць у руках трэба, а то на галаву сядуць. Разгільдзяі вялікія…
Атэстацыя не вельмі каб высокая. Але мне спадабаўся камбат, яго прастата, жартаўлівасць. Гаворыць ён з прыкметным украінскім акцэнтам, i калі хоча вылаяцца, то гаворыць дзіўныя словы — «японскі бог». Наогул тут усё неяк прасцей, чым там, на нашай батарэі. Цяпер я пачынаю разумець, што, рыхтуючы нас на камандзіраў, там даволі моцна «закручвалі гайкі». Маленькі, чорны, як цыган, баец-дзяжурны далажыў, што разлік адпачывае.
— Разбудзі!
Падымаліся марудна, перапытвалі — навошта? Адзін нават брыкнуў дзяжурнага нагой.
Камбат узлаваўся i закрычаў сам:
— Пад'ём!
Вылецелі куляй, адкуль узяўся той спрыт.
— Разгільдзяі, японскі бог! Гэта вы мне i па трывозе будзеце так падымацца?
— Ну-у, таварыш старшы лейтэнант!.. Вы ж добра ведаеце, як мы падымаемся па трывозе, — пакрыўджана запярэчыў першы нумар, высокі, з тонкім, як у дзяўчыны, станам, цёмна-руды хмуры яфрэйтар.
Камбат не асёк яго, наадварот, усміхнуўся, але сказаў, як, напэўна, кажа часта:
— Разгаворчыкі, Муха! — i прадставіў мяне: — Вось вам новы камандзір — яфрэйтар Шапятовіч. А гэта ваш баявы намеснік — яфрэйтар Муха. Хоць падобны ён больш на асу, чым на муху.
Муха нешта забурчаў. Дзяжурны — шосты нумар — выскаліў надзвычай прыгожыя, белыя-белыя зубы. Тэты юнак валодае дзіўнай уласцівасцю — смяяцца бязгучна.
Іншыя разышліся гэтак жа панура i маўкліва, як i пастроіліся. Залезлі ў нішы. Я не ведаў, што сказаць ім, як, з чаго пачаць знаёмства. Ды, уласна кажучы, я i не меў права на доўгія размовы — камандзір батарэі загадаў спаць. Я адчуў сябе даволі няёмка — на мяне не звярталі ўвагі, як бы не прызнаючы за камандзіра. Толькі гэты Муха спытаў, не высоўваючыся з нішы:
— Камандзір, ты што скончыў?
— Як — што? Я з вучэбнай батарэі…
— Не. Да арміі.
— Аўтадарожны тэхнікум.
— А-а, — зняважліва працягнуў ён i, памаўчаўшы, паведаміў: — А наш камандзір ва універсітэце вучыўся…
«Чаму ж недавучыўся?» — хацелася спытаць з іроніяй, але я ўспомніў, што былы камандзір гэтай гарматы старшы сяржант Малашкін цяпер камандзір агнявога ўзвода, да таго ж я не бачыў яшчэ гэтага чалавека, i было б мне проста непрыстойна гаварыць так. Ды i не гэта закранула мяне ў словах Мухі, а яго зварот на ты. Ці не будзе гэта падрывам майго камандзірскага аўтарытэту? Колькі месяцаў нам упарта паўтаралі, што найбольшы дысдыплінарны грэх — быць з падначаленымі запанібрата. Але я адчуваю i цяпер, калі сяджу ў адзіноце i пішу, што ў мяне не хопіць рашучасці напачатку патрабаваць, каб да мяне звярталіся інакш. Мяне непакоіць гэта i ў той жа час здаецца недарэчным. Няўжо трэба вырашаць такія праблемы, калі ідзе змаганне не на жыццё, а на смерць, калі яна, смерць гэтая, глядзіць табе ў вочы кожную хвіліну? Добра ў такі час адказваць толькі за самога сябе i больш ні за кога. Напісаў я гэта i падумаў: а як жа тым, хто адказвае за лес цэлага палка, арміі, усёй краіны? Нікчэмнымі здаліся мне праблемкі, страхі, перажыванні. Я проста спалохаўся новых цяжкасцей. А я не маю права палохацца — трэба ўсё перамагчы, трэба быць гатовым да большых цяжкасцей i большай адказнасці!
Калі ўсе паснулі, а мне, узрушанаму, не спалася, я пагутарыў з дзяжурным, гэтым чорным прыгожым юнаком, i, на дзіва сабе, даведаўся, што ніякі ён не цыган, не малдаванін, а наш, магілёўскі, хлопец. Ён бліснуў сваімі прыгожымі зубам!.
— Таму нас у вёсцы Чарнякамі празвалі.
Потым, між іншым, сказаў:
— Муха заняў месца, дзе спаў камандзір. Ваша месца. Дужа хоча камандзірам стаць.
Я ўбачыў, што Сеня таксама не спіць — блукае па пазіцыі, i мы сустрэліся. Селі недалёка ад маёй гарматы, за вялікім каменем, каб ніхто не бачыў нас.