Выбрать главу

Палітрук уздыхнуў:

— Але, на карце ўсё легка. А яны ўсю Еўропу кінулі на нас… I так нечакана…

— Учора пісьмо атрымаў,— даверліва прызнаўся я Сеўчанку. — Пісала трэцяга ліпеня — i ні слова пра тое, што ў ix там…

Ён усміхнуўся, паправіў палкай паленне ў печцы.

— Умеюць берагчы ваенную тайну i наш спакой… Мая вунь таксама піша… — Але што піша, так i не сказаў. Раптам прапанаваў мне папяросу. Я збянтэжыўся, быццам у тым, што не куру, ёсць нешта заганнае, што прыніжае маю сталасць i годнасць. Упершыню я пашкадаваў, што не куру.

Сеня пачаў курыць у першыя дні вайны — навучылі сябры ўсё пад тым жа лозунгам: «Куры, усё адно вайна».

Я павесялеў, калі ўбачыў, што палітрук таксама не курыць: за тры тыдні я нічога не ўведаў пра гэтага чалавека, хоць ён штодзень па некалькі разоў прыходзіў да гарматы.

Сеўчанка перасеў ад печкі на канапу, закінуў свае дужыя, мускулістыя рукі за галаву i сашчапіў пальцы на патыліцы.

— Давайце, браткі, хвіліну… адну хвіліну адпачнём ад вайны, — папрасіў ён «стратэгаў», якія ўсё яшчэ лазілі па карце.

У дзіўнай усмешцы скрывіліся вусны палітрука.

— Ты думаеш, Васіль Паўлавіч, гэта можна — адпачыць ад вайны?

— Паспрабуем, — незадаволена, нібы адчуваючы няёмкасць за сваё жаданне, адказаў Сеўчанка i звярнуўся да Сені: — Прачытайце, Пясоцкі, што-небудзь.

Сеня стаў пасярод зямлянкі, падумаў хвіліну i пачаў чытаць, без сарамлівасці, без позы — проста, як па кнізе, крыху нават манатонна:

По діброві вітер віе, Гуляе по полі, Край дороги гне тополю До самого долу…

Я глядзеў на Сеўчанку. Ён заплюшчыў вочы, i вусны яго ледзь прыкметна варушыліся, мабыць, ён паўтараў словы ўслед за Сенем. Але калі той прачытаў аб тым, што «палюбила чернобрива козака дівчйна», а казак пайшоў на вайну i загінуў, Сеўчанка, відаць, успомніў верш, бо расплюшчыў вочы, вусны яго перасмыкнуліся, як ад болю, ён сказаў вінавата:

— Не трэба, Пясоцкі.

— А ты хацеў адпачыць ад вайны, — зноў крыва ўсміхнуўся палітрук.

Мне не спадабалася гэтая яго ўсмешка.

— Што-небудзь, не такое сумнае, — не адказваючы Лазебнаму, папрасіў камандзір.

Сеня задумаўся.

— З Шаўчэнкі? — не ведаў ён нічога вясёлага ў таго, хто быў песняром гора i смутку народнага.

Нехаця я ішоў сюды, на гэты нязвыклы збор, з хваляваннем, напружана чакаў сваёй чаргі, доўга i пакутліва думаючы, што прачытаць. Вырашыў прачытаць «Курган» Купалы; некалі ў тэхнікуме атрымаў за яго першы прыз. Але ж гэта таксама сумна. Што ж прачытаць не такое сумнае? Я ведаў многа лірычных вершаў — Труса, Уткіна, Галоднага. Але ў той час быццам скразняком выдзьмула ix з маёй галавы — ніводнага радка не мог успомніць.

— Вы ўкраінец, Пясоцкі? — спытаў Лазебны.

— Не, я жыў на Украіне. З мамай.

— Не перашкаджай яму, Мыкола, — папрасіў Сеўчанка. — Хай прыгадае.

— Давайце я вам прачытаю Блока і… Ясеніна. Хочаце? — сказаў Віктар, проста, па-свойску, быццам ён не ў афіцэрскай зямлянцы, а сярод сяброў-курсантаў, там, на вучэбнай батарэі.

Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі, паглядзеў на закапцелую бэльку.

Ён пачаў чытаць вершы, якія я чуў упершыню. Наша пакаленне, асабліва людзі тэхнікі, розныя механікі i дарожнікі, як я, грэшны, слаба ведаюць Блока, крыху больш Ясеніна, да якога, мне здаецца, мы праяўлялі не зусім здаровую цікавасць, бо ў бібліятэцы яго ўзяць было нельга. Некалі я заплаціў аднаму спекулянту амаль сваю тыднёвую стыпендыю, каб ён даў на адну толькі ноч зашмальцаваны томік Ясеніна; усю ноч, да раніцы, я ўпотай перапісваў вершы ў сшытак, парушаючы ўмову.

Віктар чытаў Блока.

Гэта нешта незвычайнае!

Я не запамінаў слоў, бо яны здаваліся незямнымі, асаблівымі, хоць, калі ўдумацца, усе — вельмі простыя рускія словы, ніводнага незразумелага. Але я тады не думаў пра гэта. Вершы зачароўвалі. Яны то ўзнімалі некуды высока ў блакіт, дзе былі цішыня i спакой, то спускалі ў сутарэнне, у холад, сціскаючы сэрца смуткам. Яны прыносілі радасць, святло i адначасова трывогу i страх. Але ніхто не пярэчыў, ніхто не прасіў прачытаць што-небудзь вясёлае.

Я не бачыў, як слухалі іншыя, я забыўся на ix. Слухаў і, «окруженный сказками пчел», быў недзе там, дзе «море клевера»… чуў голас: «Я памагала Ані ўбіраць канюшыну». Памагала i слухала казкі пчол? А мяне клікаў вецер з Поўначы… Вецер з Поўначы!

«Лениво и тяжело плывут облака…» Цяжкая дарога ў мяне. Але недзе далека чуецца песня… I, каб не гэты голас — не твой голас! — я, напэўна, не здолеў бы дайсці. А так дайду! Я прыйду да цябе, я абавязкова прыйду да цябе, Саша! Потым нешта страшнае: плача дзіця, па полі ідзе гарбаты, над яго гарбом рагоча нехта, кашлаты, крывы i рагаты. Гэта — як дзіўны сон. Незразумелае, але i ў незразумелым ёсць цудадзейная сіла i хараство.