Выбрать главу

— О Божа, як гарна! — прастагнаў нехта.

Гэта — Сеўчанка. Ён сядзеў усё ў той жа паставе, закінуўшы рукі за галаву, заплюшчыўшы вочы. Шэптам паўтараў:

И приняла, и обласкала, И обняла, И в вешних далях им качала Колокола.

Гэтыя радкі мне запомніліся.

Потым Віктар чытаў Ясеніна.

I раптам Лазебны, перапыніўшы яго, пачаў чытаць Маякоўскага — «Сяргею Ясеніну». Камісар, напэўна, успомніў свой абавязак палітработніка; хацеў засцерагчы нас ад шкоднага ўплыву ясенінскага песімізму. Я разумею: нельга спяваць паніхідную па «головушке», калі ідзе такое змаганне. Але як хвалююць іншыя вершы! Нараджаюць столькі думак, успамінаў! I мар, добрых, светлых мар, ад якіх праходзіць усякі сум i хочацца жыць, вельмі хочацца жыць!

Сеўчанка глянуў на палітрука з іранічнай усмешкай. Сеня паківаў галавой, ухваляючы, — ён любіць Маякоўскага, у яго ранцы ляжаць два томікі паэта, якія мы чыталі разам, калі былі курсантамі. Потым i Сеўчанка пачаў слухаць уважліва, сур'ёзна. Палітрук чытаў, бадай што, лепш за усіх, па-мастацку, выразна i прачула — адліваў кожнае слова.

Сеўчанка сказаў радасна, са шчырым дакорам:

— Мыкола, японскі бог! Жывём у адной зямлянцы, i ты хаваў такі талент! Ай-я-яй! Як табе не сорамна, дарагі. Ай-я-яй!..

— Які талент? Глупства! — засаромеўся i пачырванеў Лазебны.

— Слухайце, хлопцы! Камісар! А чаму нам не арганізаваць сваю самадзейнасць? — нечакана прапанаваў Сеўчанка.

Я сяджу пад замшэлым каменем, ахутаны густым туманам, такім густым, што працягні руку — i не відаць пальцаў, i думаю: дзіўная рэч жыццё! I людзі дзіўныя. Учора падалі бомбы, смерць вісела, летала над галовамі. Заўтра будзе тое ж самае, кал i не горш. I ўсё ад но ў кароткую перад ышку людзі чытаюць вершы i думаюць пра самадзейнасць.

Вяртаючыся ад камбата i не дайшоўшы колькі крокаў да гарматы, я пачуў галасы. Палова разліку адпачывала ў зямлянцы, тры чалавекі, на ўсякі выпадак, павінны былі дзяжурыць, i таму не было нічога дзіўнага ў тым, што байцы размаўлялі. Але мяне спыніў абураны голас Астахава:

— Калі ты, свіння гэткая, яшчэ раз палезеш у чужы ранец, я распішу твой пашпарт так, што родная маці не пазнае.

— А што я, красці палез? — агрызнуўся Муха.

— А хто ведае! Калі палез, то мог i ўкрасці,— гарачыўся Чарняк.

— Ды ну вас! Што там красці! — хіхікнуў Муха. — Самі цікавіліся, што ён увесь час піша. Вось я i хацеў зірнуць…

— Ах ты, сукін сын! — зноў загудзеў Астахаў.— Выходзіць, мы вінаваты? Мы на словах цікавіліся, але не палезлі ў ранец…

— Ды чытаць чужыя пісьмы — гэта горш, чым красni! — горача даводзіў Чарняк.

— А гэта не пісьмы.

— Не разумею я, Муха, ці ты дурань, ці хам…

— А ён сумяшчае i тое, i тое…

— Ну, ну…

— Не «нукай», я табе не конь… Складзі ранец i пакладзі на месца, пакуль камандзір не вярнуўся. А то будзеш чырванець перад строем…

На хвіліну стала ціха. Муха, відаць, выконваў загад Астахава. Потым пачуўся яго нязлосны, бурклівы голас:

— Падхалімы вы.

— Што ты сказаў? — зашыпеў Астахаў.— Паўтары!

— Пусці,— спалохана папрасіўся Муха.

— Кал i ты не ведаеш, колькі важыць мой кавальскі кулак, то магу паказадь.

— Не чапай ты, Павел, яго — смярдзець будзе, — прымірэнча сказаў Чарняк.

Прызнацца, дагэтуль я крыху баяўся, што хто-небудзь прачытае мой дзённік. Праўда, ад гэтага засцерагалі неразборлівы почырк i беларуская мова, якую ведаў адзін Чарняк. Але засцярога гэта не такая ўжо надзейная. Цяпер я супакоіўся: на варце маёй тайны стаяць добрыя, шчырыя хлопцы. A намеснік мой — Муха — сапраўды нікчэмны чалавек. Ніякага аўтарытэту не мае. Трэба папрасіць, каб намеснікам зрабілі Астахава. Але Малашкін моцна падтрымлівае Муху. Зноў будзе крычаць, што я не ўмею выхоўваць людзей. Ды i не люблю я нагаворваць на сваіх. Няхай будзе Муха!

Нехта нячутна падышоў i горача дыхнуў мне ў вуха. Я спалохана адхіснуўся, але зірнуў i засмяяўся. Гэта — Лёша, наш батарэйны алень. Я ласкава абняў яго за шыю. Ён палізаў мае рукі, панюхаў сшытак i таксама хацеў лізнуць, пачухаў бок аб камень.

Цікавае стварэнне!

Ён прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой i, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Ішло нават своеасаблівае спаборніцтва паміж разлікамі — хто заваюе яго любоў. Мае хлопцы клянуцца, што яны трымалі першынство, што да ix у Лёшы была самая гарачая любоў, што ён нават начаваў у катлаване нашай гарматы. Гэтак жа, прыкладна, гаварылі i другія разлікі. Толькі прыборшчыкі не маглі пахваліцца — ix алень чамусьці не любіў. Але вайна ўсё змяніла. Першыя стрэлы моцна напалохалі няшчасную жывёліну: Лёша пачаў абыходзіць гарматы i пазбягаць сваіх старых сяброу.