— Бя-гом! Бісавы дзіты!
Пясоцкі i Кідала адскочылі адзін ад аднаго i, нахіліўшыся, пабеглі.
— Бягом! Японскі бог! Ходзіце, як па бульвары. Я вас навучу бегаць! — грымеў камбат, хоць, безумоўна, яму хацелася абняць i пацалаваць гэтых «бісавых дзітэй».
Бомба не ўзарвалася. Праз гадзіну яе разрадзілі сапёры, якіх выклікалі з горада.
Калі агульная ўзрушанасць i захапленне нарэшце ўтаймаваліся, я пайшоў да Сені i сказаў, што таксама хачу паціснуць яму руку.
— Без лішніх слоў. Як друг…
Ён схаваў свае рукі за спіну i злосна адказаў:
— Пайшоў ты!.. Абрыдла мне. — Але ўбачыў, што ашаламіў мяне, загаварыў больш лагодна: — Навошта з мяне рабіць героя? Гераізм — гэта свядомае i разумнае. А я не свядома, ды i не вельмі разумна… Ты думает, я смелы такі? Глупства! Я баюся смерці, як ты, як усе. У мяне i цяпер дрыжаць калені. Чаму я падхапіўся? Проста парыў… Стала непрыемна, крыўдна, абразліва, што мы нюхаем зямлю з-за нейкай адной паршывай бомбы… Я глянуў — ляжыць, маленькая такая… Не помню… Можа, захацелася паказаць сябе, вось які я, палюбуйцеся! — Ён крыва ўсміхнуўся. — Дзяўчына побач стаяла… Які ж тут гераізм?..
— Дарэмна ты, — запярэчыў я. — Гэта ўсё твой самааналіз… Ты абавязкова хочаш усё ўсвядоміць, знайсці вытокі i прычыны — чаму, навошта?.. Добра, гэта парыў. Але высакародны парыў. I я здымаю шапку… «Безумству храбрых поем мы славу! Безумство храбрых — вот мудрость жизни!» Так, здаецца, сказаў чалавек, якога мы з табой аднолькава любім?
— Так-то так, але ўсё адно на душы пагана чамусьці.
— Пагана! Вось у мяне сапраўды пагана, — прызнаўся я, адказваючы на шчырасць шчырасцю. — Я падхапіўся, калі ты клікаў на дапамогу. Я прымушаў сябе пайсці… I не здолеў — збаяўся… Дык ведай, што лепш адчуваць сябе героем, чым баязліўцам…
Ён паглядзеў на мяне крыху здзіўлена, задумаўся:
— Я не адчуваю сябе героем. I ты не лічы сябе баязліўцам. Смешна, каб усе кінуліся да гэтай праклятай бомбы.
— Але Сцяпан малайчына!
— Так, калі хочаш ведаць, дык у яго гэта бадай што гераізм, ён пайшоў свядома. А я, дурань, нават не падумаў, што не здолею падняць яе…
Мы доўга гутарылі на гэтую тэму, спрачаліся. Мае развярэджанае сумленне ён, здаецца, супакоіў.
Заўтра нас павінны прымаць кандыдатамі ў члены партыі. Я сказаў, што вось ён напярэдадні гэтай падзеі даказаў сваё права быць у радах партыі, а я, наадварот, пераканаўся, што не здольны на самаахвярны подзвіг, што я па сутнасці яшчэ баязлівец. Дык, можа, каб быць шчырым, варта сказаць пра свае сумненні таварышам? Сеня сказаў, што я дурань, што гэта мая выдумка, якая выходзіць з таго ж корпання ў душы, у якім я абвінаваціў яго, што мяне могуць нават узняць на смех. Падумаўшы, я згадзіўся з ім i крыху супакоіўся. Але я яго не разумею, магчыма, упершыню не магу зразумець: чаму ён як бы незадаволены сваім учынкам? Я, безумоўна, ганарыўся б, каб аднёс з пазіцыі бомбу, i адчуваў бы сябе героем…
6 верасня
Нас перакінулі на той бок заліва, на заходні. Шкада было абжытых зямлянак, у якія нашы знаходлівыя сувязісты нават правялі з горада электрычнасць. Утульна нам жылося, цёпла. Муха бурчаў: якая розніца, дзе будзе стаяць батарэя, з якога боку страляць. З ім моўчкі згаджаліся. Але калі адразу ж пасля таго, як занял i баявы парадак, Сеўчанка пачаў трэніроўку — у гэты раз не па самалёту, а па… танках i пяхоце, змоўк нават Муха, i ўсе непазнавальна змяніліся: зрабіліся маўклівыя, засяроджаныя, пільныя.
У мінулую ноч, ясную, марозную (так, ужо мароз!), мы бачылі з нашай высокай сопкі далёкія зарніцы на паўночным захадзе. Гэта фронт. Дзе ён? Ніхто нічога пэўнага не кажа, ні камісар, ні камандзір. Па вузкай камяністай дарозе, што пятляе сярод сопак, сёння ішла пяхота. З цяжкімі ранцамі за плячамі, з вінтоўкамі. Яны глядзелі на батарэю i крычалі нешта насмешлівае, магчыма, абразлівае. Хлопцы балюча ўспрымаюць гэта. Лаюцца. Не на тых, безумоўна, што пайшлі туды, дзе бліскаюць зарніцы i адкуль многія з ix не вернуцца. Лаюцца наогул — у бога, у Гітлера. Цяжкімі ламамі мы трэці дзень дзяўбём скалу, граніт, капаем катлаваны i зямлянкі. На руках крывавыя мазалі. Кароткі адпачынак — трэніроўка па наземных цэлях. Батарэя трымае пад прыцэлам лагчыну, па якой адыходзіць удаль дарога. Пяхота можа абысці па лясістых сопках, але танкі могуць рухацца толькі па гэтай дарозе, іншых шляхоў тут няма. Няўжо яны прарвуцца i сюды? Тады мы павінны будзем стаяць насмерць. Кожны дзень, кожную гадзіну i хвіліну я рыхтую сябе да гэтага — памерці, але не збаяцца, не адступіць. Пры сваім росце я дрэнна зараджаю, калі нізкі вугал узвышэння — не дастаю. Упарта трэніруюся. Вучу ініпыя нумары. Многае будзе залежаць ад трапнай наводкі i тэмпу агню. Я прапанаваў, каб прыборшчыкі таксама вучыліся наводзіць i страляць.