Выбрать главу

Я ўзяў ліхтарык для начной устаноўкі трубак i выишау, каб правесці яе да камандзірскай зямлянкі, дзе камісар уступіў ёй свой ложак.

Чорная зямля, чорнае неба, ыіводнай прасветліны. Толькі на тым баку заліва, у порце, гойдаецца маленькі агеньчык, магчыма, нехта гэтак жа, як мы, асвятляе сцежку. Аклікаюць адзін за адным вартавыя: «Хто ідзе?», хоць пасля першага нашага адказу ўсе чулі, хто ідзе.

— Не люблю я гэтага чалавека, — сказала Антаніна, калі Сеня i Віктар развіталіся каля сваёй зямлянкі.

Я зразумеў — каго. Не адказаў. Спаткнуўшыся аб камень, яна ўзяла мяне за рукаў.

— Ён мне любоўнае пісьмо напісаў.

— Кідала? — здзівіўся я, i мне стала надзвычай весела,

хацелася зарагатаць.

— О, каб вы ведалі, колькі мне пішуць пісем! Усе маладыя камандзіры прызнаюцца ў каханні.

Весялосць мая адразу знікла. Я адчуў, як адразу сцьмеў, стаў зямным, нецікавым яе незвычайны вобраз, створаны маёй фантазіяй. З'явілася такое адчуванне, што як бы падманулі мяне ў нечым, злосна пажартавалі з маёй даверлівасці i юнацкай узнёсласці.

«А ты i рада гэтаму, дурная авечка? Табе хочацца, каб усе прызнаваліся табе ў каханні. Ну i вешайся на шыі сваім камандзірам!»

Мне не хацелася, каб яна расказвала пра гэта далей, адкрывала свае сардэчныя тайны. Навошта мне слухаць ix?

Спыніліся каля камандзірскай зямлянкі.

На паўночным захадзе палыхнула далёкая зарніца.

Антаніна неяк баязліва прытулілася да майго пляча.

— Страляюць? Страшна.

— Страшна, што страляюць за дзесяткі кіламетраў? — з іроніяй спытаў я.

— Я не за сябе баюся. За вас.

— За мяне?

— За цябе… I за ўсіх… Калі яны прарвуцца, вам не будзе куды адступаць. Заліў не пераплывеш.

Да гэтага мы был i гатовы, не адзін раз гутарылі паміж сабой. Іншае паласнула мяне па сэрцы, балюча i адначасова прыемна, — гэтае яе першае «ты», «за цябе», якое яна сказала шчыра, як мог бы сказаць блізкі чалавек, добры друг. Заўсёды робіцца цяплей на душы, калі ведаеш, што нехта побач трывожыцца за цябе. Гэта зноў зблізіла нас. Я дараваў ёй пісьмы. «Хіба яна вінавата, што пішуць! Яна адна, прыгожая… Ды ўрэшце, што мне да яе асабістых сардэчных спраў?»

Каб больш нішто не парушала таго пачуцця, што было адноўлена, набыло ранейшую раўнавагу, я паспяшаўся развітацца. Моцна паціснуў яе маленькую гарачую руку.

— Добрай ночы вам, Антаніна Васільеўна.

— Добрай ночы… Пятро…

У цэнтры пазіцыі мяне спыніў Кідала — кінуў у твар святло ліхтарчыка.

— Выключы батарэйку! Разрадзіш, — загадаў ён.

Я моўчкі выканаў яго загад. У густой цемры мы не бачылі адзін аднаго, але я чуў яго дыханне, ён стаяў крокі за два. Успомніўшы пісьмо да Антаніны, я з цікавасцю чакаў, да чаго ён можа прычапіцца янгчэ. А што прычэпіцца — не сумняваўся.

— Што ж гэта ты?.. Так перажываў па жонцы, пакутаваў i ўжо заводзіш шуры-муры…

— Якія шуры-муры?

— Хэ! — непрыемна рагатнуў ён. — Уся батарэя гаворыць.

Я чакаў усяго, але толькі не гэтага. Дзікае абвінавачанне!

Дзікія словы! У любых іншых умовах, абражаны за Сашу, за сябе, я, відаць, кінуўся б на гэтага тупагаловага цыніка з кулакамі. Але субардынацыя… I пісьмо… Я ўяўляў, як прызнаваўся ў каханні Сцяпан Кідала, «высокаправільны» чалавек, i мне рабілася чамусьці весела. Не трэба кулакоў. Але да д'ябла i пачцівую субардынацыю! Як ён, так i яму…

— Табе што — зайздросна? — са здзекам спытаў я.

Ён разгубіўся, бо замармытаў нешта незразумелае, ікнуў. Потым пагразіў:

— Я жонцы тваёй напішу.

Ён напіша маёй жонцы? Куды? Калі? Балюча мне стала ад думкі, што напісаць няма куды. Каб я ведаў, куды напісаць, дзе яна цяпер!.. Не трэба было б пісаць табе, Сцяпан Кідала! Я напісаў бы сам. Усё-ўсё, што запісваю ў гэты дзённік, i, можа, нават яшчэ больш падрабязна. Табе не зразумець, што я ніколі не таіў i нічога не стаю ад Сашы. Яна усе будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце.

Але словы яго не выходзяць у мяне з галавы, хоць я ужо трэці дзень запісваю падзеі таго вечара. «Шуры-муры…» Агіднае, абразлівае слова. «Уся батарэя гаворыць». Уся — хлусня; мае хлопцы нічога не гавораць, a адносіны ў нас простыя, сяброўскія, i яны, пэўна ж, не пасаромеліся б пакпіць з гэтай прычыны. Але, магчыма, некаму кінулася ў вочы, што Антаніна не прамінае маёй гарматы, калі бывае на батарэі. А я даўно, яшчэ ў тэхнікуме, заўважыў, што людзі не прызнаюць простай дружбы паміж жанчынай i мужчынам, заўсёды схільныя думаць чорт ведае што i пусціць плётку. Мне напляваць, што думае Кідала. Але яго недарэчныя падазрэнні абражаюць Сашу. А гэта мне балюча, я не хачу, каб ён нават успамінаў яе імя.