Выбрать главу

— Малодшы лейтэнант Кідала! Вазьміце разведчыка Бурава… — камбат на момант задумаўся, мяркуючы, даволі двух чалавек для такой аперацыі ці замала, — сяржанта Шапятовіча… Затрымаць немца!

Але калі мы ўжо сталі на лыжы, даў новую каманду:

— Адставіць Бурава! Сяржант Пясоцкі! Пойдзеце вы!

Відаць, камбату падказаў камісар (я бачыў, як яны ціха перакінуліся словамі), што трэба чалавек, які ведае нямецкую мову. А ведае яе адзін Сеня.

Мы шпарка пайшлі па свежым снезе, усе аднолькава задаволеныя такім заданием — узяць жывога фашыста, які толькі што скінуў бомбы на горад. На лыжах нас у мінулую зіму навучылі хадзіць добра, мы рабілі пераходы па сто кіламетраў. Але наспець за Кідалам нам з Сенем было нялёгка. Высокі, дужы, ён адразу вырваўся наперад.

Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на тару, каб пераваліць цераз грэбень i схавацца ў лесе; ён, безумоўна, бачыў яшчэ раней, з самалёта, што заходні схіл гары лясісты. Над ім пакружыў наш знішчальнік, даючы зразумець, што калі фашыст будзе ўцякаць, то яго легка могуць прышыць да скалы кулямётнай чаргой. I ўсё роўна ён упарта лез на гару.

— Вось гад! Куды ён лезе? На што спадзяецца?..

— Горы, тундра, снег… Уцячэ ад нас — па яго слядах пойдзе штурмавік-самалёт. Яму хочуць захаваць жыццё, а ён лезе на смерць, — абураўся я, ідучы побач з Пясоцкім.

— Ты не ведаеш, якія яны фанатыкі. Фашызм — гэта страшэнны фанатызм… Я не магу зразумець, як з такой працавітай цвярозай нацыі, як немцы, маглі выхаваць гэтулькі фанатыкаў-забойцаў,— разважаў Сеня. Яму хацелася пагутарыць, але было цяжка: беглі мы надзвычай шпарка, а вецер біў у твар, i Сеня задыхаўся.

Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Немец ужо быў амаль на самай вяршыні.

— Дай папераджальны стрэл, — сказаў мне Кідала.

Я ўзлёг грудзьмі на камень, нацэліўся, але вышэй галавы, каб часам не забіць. Стрэліў. Немец азірнуўся i… раптам знік, відаць, скочыў у нейкую яму.

— Вось жа падлюга! — вылаяўся Кідала i выхапіў з кабуры пісталет, нібы намерыўся весці ў атаку цэлы полк. — За мной!

I зноў мы не паспявалі за ім. Ён быў лягчэй апрануты — у шынялі, мы — у кажухах. Ногі то слізгалі па голым абледзянелым каменні, то, у горных упадзінах, угрузалі па калена ў снезе. Непамерна цяжкія зрабіліся вінтоўкі i лыжы. Пот заліваў твар, перад вачамі зіхацелі вясёлкі, сэрца стукала, здавалася, не ў грудзях, a ў горле. Я хапаў на хаду снег.

— Не еш, прастудзішся, — папярэдзіў Сеня.

— Калі ён ідзе гэтак жа, як мы, нам не дагнаць яго да ночы, — прахрыпеў я.

— Дагонім раніцой, — спакойна адказаў Сеня.

— Хіба Сеўчанка даў такую каманду?

— Была каманда ўзяць яго жывым.

Сказаўшы гэта, Сеня раптам ціха войкнуў, схапіўся за жывот.

— Што?

— Кальнула ў жывот. Боль… Вось тут.

Твар яго, дагэтуль расчырванелы, збялеў.

Я разгублена схіліўся над ім:

— Што ж рабіць? Можа, астанешся, пасядзіш, адпачнеш?..

Ён падняўся, абапіраючыся на маё плячо, усміхнуўся праз боль:

— Ну што ты! Кідала скажа, што я збаяўся.

— Скажа на цябе, пасля бомбы?

Дні тры назад генерал уручыў ім узнагароды за подзвіг з бомбай: медалі «За адвагу»; яны першыя ўзнагароджаныя на батарэі.

— Вунь, чуеш! — паказаў Сеня наперад.

Кідала, які апярэдзіў нас метраў на трыста, махаў пісталетам i крычаў, каб мы ішлі хутчэй.

— Пайшлі.— I Сеня першы рушыў далей. Я ішоў побач i бачыў, якія пакуты прыносіць яму хада.

— Заставайся, — настойліва раіў я. — Адгэтуль цябе ўбачаць з батарэі, зразумеюць, што нешта здарылася, прышлюць дапамогу.

Ён узлавауся:

— Адчапіся, Пятро!

А праз хвіліну з палёгкай уздыхнуў, прыслухаўся i радасна, як дзіця, засмяяўся:

— Ну, вось i ўсё!

Мы пайшлі шпарчэй.

Кідала правільна разлічыў: мы дасягнулі перавала больш лёгкім шляхам — цераз седлавіну. А там у нас была перавага над ворагам — мы зноў сталі на лыжы. Лес пачынаўся ніжэй, i мы, павольна зніжаючыся, беглі па адкрытым месцы ўздоўж грэбеня, пакуль не выйшлі на след. Але ў лесе лыжы прыйшлося скінуць зноў: спуск быў залішне круты, камяністы. Немец, быццам знарок, лез праз самы гушчар, падлазіў пад кашлатыя заснежаныя елкі, скакаў з абрываў.

Не, ён проста бег, не выбіраючы дарогі, імкнучыся адысці як мага далей на захад. На што ён разлічваў, зразумець немагчыма.

Камандзір наш зноў паспрабаваў вырвацца наперад, але я астудзіў яго:

— Сцяпан, ён можа адстрэльвацца. Асцярожна.

Мае папярэджанне спадабалася яму, ён пайшоў побач з намі i гаварыў па-сяброўску проста. Мы ў адзін голас клялі фашыста, які прымушае нас траціць гэтулькі сіл на яго аднаго, паганца. I раптам… ціўкнула куля. Я першы нырнуў галавой у снег, крыкнуў: