— Праўда, я не веру, што ты стаў такі панікёр i песіміст. Занадта многа ў дябе любві, каб ты мог страціць веру ў будучыню.
— Любві? — здзівіўся я. — Да чаго?
— Да ўсяго. Да жыцця. Радзімы… Да блізкіх… Да жон-
Я ледзь не застагнаў: знянацку ён дакрануўся да самага балючага месца.
— Таму i цяжка, што люблю. Хто не любіць, таму што… таму ўсё роўна…
— Мне ўвесь час здаецца, што зусім іншае прыгнятае цябе. Так паводзіць сябе чалавек, які зрабіў нешта благое, у каго нячыстае сумленне.
«О, гэты хлопчык можа ўсё зразумець, але прызнацца яму я ўсё роўна не магу!»
Мы сядзелі ў зямлянцы. Сеневы падначаленыя — разлік дальнамера — працавалі на кухні. Скупое святло палярнага дня цадзілася праз шыбачку ў дзвярах i падала на твар гаспадара. У яго дзіўны твар у апошнія дні — залішне шчаслівы для такога часу. Можа, таму я i не мог расказачь яму свае таямніцы, як расказваў раней, — мяне раздражняў яго твар, незразумелая адзнака шчасця на ім. Чаго радавацца? Калі нават быць самым вялікім аптымістам, то ўсё роўна радавацца няма чаго.
— Слухай, Сеня, чаму ты такі?.. — Які?
— Чорт цябе ведае — які… Быццам адзін ты ведаеш, што заўтра канец вайне. Твар блішчыць, як намаслены блінец.
Ён засмяяўся i перасеў да мяне на нары, абняў за плечы.
— Ты добры друг, Пеця. Я радуюся, што ў мяне ёсць такі друг. Аднаму табе я магу сказаць, чаму я такі… Але дай слова, што ты — нікому…
— Я быў калі-небудзь балбатуном?
— I ў дзённік свой дурацкі не пішы. Я хачу, каб гэта было толькі маёй тайнай.
Мне цяжка было даць слова, што я не запішу нашай размовы. Акрамя таго, мяне крыху пакрыўдзіла, што ен назваў мой дзённік дурацкім, i я змоўчаў.
Ён таксама доўга маўчаў: ці то чакаў майго клятвеннага слова, ці думаў — можна мне даверыць тайну ці не?
Потым трасануў мяне за плечы.
— Я скажу табе дзіўную рэч, у якую ты, напэўна, не паверыш… Я закахаўся.
— Закахаўся?
«Паўгода ён не бачыў у вочы ніводнай дзяўчыны, — бліснула думка. — Ніводнай, акрамя… Няўжо? Што ж гэта такое робіцца! З кожным днём мне не лягчэй!»
Сапраўды, я адчуў сябе гэтак жа кепска, як адразу пасля той недарэчнай гісторыі, якая прынесла мне такія пакуты… Прайшло паўмесяца, i перажыванні мае нібы пачалі прытупляцца. I вось табе на!
— Ты здагадваешся, у каго?
— Няцяжка здагадацца. Антаніна?
— Але…
Я рэзка падняўся, скінуўшы яго руку з пляча.
— Яна не варта твайго кахання!
Ён схапіў мяне за каўнер кажуха, быццам спалохаўся, што я выйду i пакіну яго аднаго, нічога не растлумачыўшы.
— Не варта? Чаму не варта? Хоць не! Не трэба! Нічога не кажы! — Ён адштурхнуў мяне. — Я не жадаю нічога слухаць! Я кахаю, i мне хораша, i я нічога не хачу ведаць. Ты, магчыма, пачуў там нейкія плёткі. Калі адна жанчына i гэтулькі мужчын навокал, заўсёды будуць плёткі. Але я не хачу ix чуць… Я, магчыма, ніколі не скажу ёй пра сваё каханне, не прызнаюся… Яна, відаць, кахае каго іншага, выйдзе замуж… Што ж, я пажадаю ёй шчасця i калі-небудзь вызвалюся ад свайго пачуцця… А можа здарыцца… усё здараецца ў жыцці… што мы прыйдзем адно да аднаго, што раптам абое адчуем… Але цяпер я не думаю пра гэта… Мне хораша ад майго кахання, яно напаўняе, упрыгожвае мае жыццё, i я не жадаю, каб яго разбурылі раней чым трэба. Я прашу цябе як друга…
Ён гаварыў горача, доўга, i ўсё, што сказаў, немагчыма было запомніць. Я, уражаны, утрапёна стаяў з другога боку халоднай чыгуннай печкі i думаў пра сваё… Не, цяпер гэта не толькі мае. Мая тайна, але яна закранае іншых людзей, дарагіх мне людзей. Гэтая жанчына, як прывід, стала не толькі паміж мной i Сашай, але таксама вось паміж мной i лепшым другам маім. Па сутнасці, яна разбурыла нашу дружбу, бо цяпер мы ўжо ніколі не будзем такія шчырыя адзін перад адным, якія былі дагэтуль. Я са страхам думаю, што магло б здарыцца, каб я ўсё расказаў яму. Як бы ён паставіўся да гэтага? А мяне так цягнула расказаць. Але кожны раз мяне стрымліваў яго вясёлы, узнёслы настрой, яго шчаслівы твар. Што ж, няхай астаецца са сваім уяўным шчасцем! Праўда, я крыху затуманіў гэтае шчасце. Ён нічога не хацеў чуць пра Антаніну, але на сэрцы, безумоўна, стала трывожна, i пасля гарачых слоў ён не стрымаўся, каб не спытаць:
— А што ты чуў? Чаму яна не варта майго кахання?
— Кажуць, яе кахае начальнік боезабеспячэння.
Я знарок назваў самага прыгожага i цікавага афіцэра.