Выбрать главу

— Што гэта ваш брат такі бука? А яшчэ студэнт!

Саша ішла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй і гарэзліва пазірала на свайго каханага, разумеючы, чаму ён такі. А Пятро ішоў пануры, маўклівы, злосна збіваў дубцом прыдарожны быльнік, узнімаў пыл нагамі, не шкадуючы сваіх ненадзейных чаравікаў і адзіных штаноў.

— Чаго ты сапеш, як кавальскі мех? — са смехам спытала Саша.

Ён не адказаў.

— Ці не раўнуеш ты часам? — жартавала далей яна. — Вось гэта мне падабаецца! А ты ж увесь час даказваў, што гэта — перажытак… а ты — чалавек новы, перадавы… І раптам… заразіўся перажыткамі? Ха-ха-ха… — смяялася яна. — Чаму ты маўчыш?

Яму нечага было сказаць, бо сапраўды ён увесь час сцвярджаў, што рэўнасць — гэта ганебная пляма мінулага, якая непазбежна павінна знікнуць у людзей сацыялістычнага грамадства. Але гаварыць няпраўду Пятро не хацеў: «Няхай ведае, што ўсё з-за яе паводзін». Ён яшчэ доўга ішоў моўчкі, не адказваючы на Сашыны кпіны і жарты, потым сумна сказаў:

— Я пайду.

— Куды? — не зразумела Саша.

— Да бацькоў. Куды ж я магу яшчэ пайсці!

Саша адразу змоўкла — куды падзелася яе гарэзлівасць! Яна не ведала, што адказаць. Не магла сказаць: «Ідзі», бо гэта значыла б бадай што выгнаць яго, і не магла прасіць — не дазваляла гордасць. Яна ўздыхнула:

— Цябе чамусьці неўзлюбіла Аня.

— А чаго ёй любіць мяне, калі… — Ён не скончыў, але Саша здагадалася, што ён хацеў сказаць, і пакрыўдзілася да слёз:

— Як табе не сорамна!

Яго суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы яе поўныя слёз. У іншых абставінах ён, напэўна, страшна ўсхваляваўся б, калі б адчуў, што пакрыўдзіў яе. І цяпер у яго з'явілася моцнае жаданне прыгарнуць яе, пашкадаваць і памірыцца. Але рашэнне пайсці, якое ўзнікла нечакана, рабілася ўсё больш цвёрдым, і ён не даў волі сваім пачуццям.

Саша зразумела яго так, што ён пойдзе назаўтра, раніцой, і гэта крыху супакоіла яе, а можа, перадумае за ноч? Але калі яны прыйшлі на кватэру, Пятро адразу ж пачаў збіраць свой партфель — укладаць дзённікі і вершы.

— Ты куды? — здзівілася Саша.

— Пайду, — упарта паўтарыў ён.

— Зараз? — Яна глядзела на яго спалоханымі вачамі. — Увечары няма поезда. І машын ужо не будзе на Рэчыцу. Куды ты пойдзеш?

— А я і не пайду на тваю Рэчыцу! Па гэтай агіднай дарозе!.. — Ён раптам адчуў сябе ў ролі пакутніка, а вядома, што нішто не надае гэтулькі ўпартасці і рашучасці, асабліва ў юнацтве, як адчуванне, што ты пакутуеш. Пятро адварочваўся і глытаў слёзы, шкадуючы самога сябе, але цяпер, безумоўна, ужо ніякія ўгаворы спыніць яго не маглі.

— Куды ж ты пойдзеш?

— Пайду цераз Дняпро да Сожа, а там будзе відаць: можа, паеду на параходзе, можа, пайду далей — на шашу.

— Ты звар'яцеў! Праз лес і балота проці ночы? Не пушчу! Не пойдзеш! — Яна рашуча загарадзіла дзверы.

Ён іранічна ўсміхнуўся і ўзяў у рукі партфель, надзеў кепку, намерваючыся выходзіць, але не ведаючы, як прайсці міма яе:

— Ты камандуй кім іншым…

— Ты — дурань.

— Вядома, я — дурань, бо ёсць разумнейшыя…

— Божа мой! — прастагнала яна, але, відаць, зразумела, што затрымаць яго немагчыма, і саступіла з дарогі. — А абед? Ты пойдзеш без абеду? — раптам успомніла яна.

Але роля ўяўнага пакутніка — страшная і смешная роля: чалавек такі бясконца выдумляе сабе новыя пакуты.

— Не трэба мне твой абед! — Ён сказаў гэта з такой злоснай упартасцю, што Саша жахнулася: нейкая недарэчнасць можа загубіць іх каханне, дружбу. Папрасіць, паклясціся, што яна кахае аднаго яго, што ўсё, што ён выдумаў, — глупства? Не, у яе таксама ёсць гордасць! І хоць ёй, магчыма, было ў сто разоў цяжэй, чым яму, і хацелася заплакаць наўзрыд, яна стрымана і сурова сказала:

— Што ж, калі ты такі — ідзі!

Яму вельмі хацелася спытаць — які такі, але пабаяўся, што гэта можа стаць крокам да прымірэння.