Першая бомба ўпала недзе ў канцы вуліцы Сталіна, у раёне таго дома, дзе жанчына выбівала дарожку, і, напэўна, трапіла ў будынак, бо высока ўгору шугануў слуп чорнага i белага дыму. Калі бомбы падаюць на голае месца, на скалы, такога дыму не бывае. Потым выбухі пачалі грымець з усіх бакоў. Я стаяў каля газетнага кіёска, пад карнізам яго фанернага даху, i назіраў. Раптам дом насупроць мяне цераз плошчу дзіўна падскочыў, нібы хацеў узляцець, але не здолеў i цяжка грымнуўся на зямлю, так, што яна аж уздрыгнула пад маімі нагамі, i сцены павольна пачалі асядаць, распадацца ў розныя бакі. Мяне загіпнатызавала гэтая магутная сіла разбурэння, асабліва калі я ўбачыў, як разам са сцяной пачалі падаць рэчы чалавечага ўжытку — шафа, стол, ложкі…
«А можа, i людзі там?» — падумаў я, i мне зрабілася страшна, успомніліся тыя дзеці, якіх я бачыў гадзіну назад, хлапчук, якому вельмі ж спатрэбілася аўтаматная гільза. У гэты момант я ўбачыў маленькага чалавечка, які бег цераз плошчу. Не, гэта не хлапчук, гэта стары, ён нахіліўся i смешна махае рукамі, у адной з ix вялікі партфель, ён быццам заграбае ім паветра, каб хутчэй бегчы. I раптам за яго спіной бліснула кароткая ўспышка агню. Узвіхрыўся снежны пыл, побач са мной пасыпалася каменне, забарабаніла па даху кіёска. Калі пыл i дым аселі, чалавека на плошчы не было.
Нехта схапіў мяне за плечы, моцна трасануў.
— Пеця! Вар'ят! Чаму ты стаіш тут? Бяжым! Хутчэй бяжым!
Я аглянуўся, убачыў Антаніну, вельмі здзівіўся, ніяк не мог уцяміць, адкуль яна ўзялася, і, аглушаны выбухам, ашаломлены толькі што ўбачаным, паелухмяна пабег за ёй; яна цягнула мяне за руку. Не помню, як мы апынуліся за руінамі дома, на заснежаным колішнім двары, i ўскочылі ў глыбокую яму.
— О Божа! — прастагнала Антаніна. — Ледзь сэрца не выскачыла. Што ты, як слуп, застыў там, пасярод плошчы? Я ўбачыла цябе яшчэ да трывогі. Ішла за табой, хацела спыніць, ды раптам трывога. Я забегла вунь там, на тым баку, у сховішча… Склеп нейкі. Там яшчэ чалавек пяць сядзела. Адна жанчына загаласіла, што ix дом разбамбілі. Я выглянула i, верыш, ледзь не самлела: стаіш ты адзін пасярод пустой плошчы. I перад табой бомба разарвалася… Здалося, зусім блізка ад цябе…
Я не адказваў.
— I цяпер, глядзі, як сэрца калоціцца. — Яна расшпіліла верхнія гузікі свайго элегантнага, беленькага, як снег, кажушка.
Я адвярнуўся, паглядзеў у неба. Там, высока ў блакіце, прайшоў «Ю-88», акружаны чорнымі букетамі разрываў.
«Кучна хлопцы б'юць! Малайцы!» — пахваліў я на гэты раз сяброў.
Бомбы глуха бухалі недзе ў заліве. Радзелі залпы батарэй. Але я ўсё яшчэ глядзеў у неба, хоць з ямы яго было відаць нямнога, — абы не сустрэцца з яе позіркам. Яна дакранулася да маёй рукі i спытала зусім іншым голасам, чым гаварыла дагэтуль, — нясмелым, дрыготкім:
— Ты пагарджаеш мной?
«Я ненавіджу цябе», — хацеў быў адказаць я, але чамусьці не мог вымавіць гэтыя бязлітасныя словы. Змоўчаў зноў.
I яна раптам заплакала. Я разгубіўся.
— Вядома, вы ўсе такія… Калі дзяўчына прыходзіць сама, вы пачынаеце пагарджаць ёю, — праз слёзы гаварыла яна. — Вы думаеце чорт ведае што… А я таму, што люблю… цябе люблю… Аднаго цябе, дурань ты гэтакі… Мне многія пішуць пісьмы, клянуцца ў каханні… Дамагаюцца маёй узаемнасці… А я не магу… Не магу! Я хачу шчасця з табой. Што я — подлая з-за гэтага, разбэшчаная?..
— Ты зрабіла нягоднікам мяне. Ты ж ведала: у мяне жонка… Мы звязаны да смерці…
— Ах, гаротненькі! — раптам ад плачу перайшла яна на здзеклівы тон. — Яго спакусілі!.. Чысцюлька. Каб цябе сёння разнесла бомбай, твая жонка…
— Сціхні, Тоня! — закрычаў я такім голасам, што яна на паўслове прыкусіла язык, спалохана адхіснулася ад мяне.
— Мы доўга будзем сядзець тут? — спытаў я пасля хвіліны маўчання.
— Падсадзі мяне, я вылезу.
Я нахіліўся. Яна спрытна ўскочыла мне на плечы i вылезла з ямы. Потым падала руку, памагла выбрацца мне.
Навокал было ціха. Па вуліцы ішлі людзі, хоць адбою яшчэ не давалі.
Мы таксама выйшлі на вуліцу. Я раптам адчуў, што ў душы маёй няма той злосці на яе, якая была дагэтуль. Я сказаў прыязна:
— Цябе кахае цудоўны чалавек. Сеня Пясоцкі… Ты не ўяўляеш…
У адказ яна прашыпела з лютай злосцю, ажно перакасіўся ўвесь яе твар:
— Пайшоў ты к чорту са сваім Пясоцкім! Я вас ненавіджу! Усіх ненавіджу! — i шпарка пайшла ў другі бок, пакінуўшы мяне, аслупянелага, пасярод вуліцы.
Цяпер я думаю: што яна за чалавек? Адзін Сеня, магчыма, мог бы растлумачыць яе дзіўныя ўчынкі i словы. Але нельга пра гэта расказаць яму.