Выбрать главу

1942

12 студзеня

Снежная пустыня… Цішыня. Такая цішыня, што робіцца жудасна; мімаволі часам пачынаеш гаварыць шэптам, а то раптам хочацца закрычаць так, каб пачулі за сотні, за тысячы кіламетраў — там, дзе людзі, дзе вайна i жыццё.

Я ўглядаюся ў гэтую снежную роўнядзь, белую-белую, ажно балюча вачам. Не, не заўсёды яна белая, часта здаецца мне крывава-барвовай, быццам на ёй застылі ўспышкі тых агнёў, якіх так многа было там, у Мурманску. Можа, гэта ад неба: тут ужо на якую гадзіну паказваецца сонца, i калі яно ўсходзіць ці заходзіць, неба гарыць рознакаляровымі агнямі. Мне належыць глядзець у неба, ці не ляцяць варожыя самалёты. А я не магу адарваць вачэй ад снежнай гладзі возера, напружана ўзіраюся ў далёкі-далёкі, зацягнуты блакітнай смугой супрацьлеглы бераг…

Мае новыя падначаленыя глядзяць на мяне як на хворага, псіхічна ненармальнага. Не дакучаюць лішнімі размовамі i стараюцца, каб я як мага радзей станавіўся на варту. А мне хочацца стаяць аднаму, каб ніхто не перашкаджаў думаць, перажываць, уяўляць… Часта я забываю, дзе я, што са мной, i бачу Сеню… Ён лажыцца сярод снежнага поля адзін, курчыцца ад болю, ад холаду, кліча на дапамогу… А навокал пуста. Не, ён сядзіць, заплюшчыўшы вочы, засынае… А снег пачынае варушыцца, узнімацца хвалямі, як мора ў буру, i залівае, засыпае яго, набіваецца ў вушы, у рот, за каўнер, у рукавы… Я кідаюся яму на дапамогу… I адзін раз кінуўся так, што ледзь не зваліўся з абрывістай скалы ў возера. А тут метраў дзесяць вышыні. Гэта, відаць, бачыў нехта з маіх байцоў.

А то часам са снежнай пены выплывае нахабная морда Кідалы. Ён усміхаецца. Ён можа спакойна мыліцца i ўсміхацца пасля таго, як забіў… забіў (у мяне няма іншага елова) Сеню! Я таўку яго морду кулакамі, прыкладам вінтоукі, таўку ў думках… А можа, i не толькі ў думках. Здаецца, аднойчы я сапраўды замахнуўся прыкладам на прывід яго.

Магчыма, i гэта бачыў нехта з маіх падначаленых ці чуў, як я кагосьці страшэнна лаю…

Цяжка мяне ўразіла смерць Сені Пясоцкага. Вельмі цяжка. Каб ён загінуў у баі, ад бомбы, ад кулі, а то такая недарэчная, пакутлівая смерць!

Толькі ўчора я здолеў расказаць болыи-менш падрабязна гэтую сумную гісторыю сваім гіаважным дзядзькам. Тады яны зразумелі дзівоты свайго камандзіра i пачалі глядзець на мяне іншымі вачамі. Можа, ад таго, што я выліў усё з сябе, а можа, ад спагады гэтых сталых людзей зрабілася неяк лягчэй на душы. Я нават спаў мінулую ноч без кашмарных сноў. I, здаецца, магу нарэшце паслядоўна i параўнаўча спакойна запісаць усе падзеі ў свой дзённік.

Камандзір узвода кіравання Сцяпан Кідала сабраўся праверыць НП. Метэаслужба прадказвала нялётнае надвор'е, i камісар вырашыў паслаць з узводным Сеню Пясоцкага. Яго нядаўна выбралі камсоргам, i Лазебнаму хацелася, каб ён, новы камсорг, асабіста наведаў камсамольцаў на назіральных пунктах, расказаў ім пра разгром немцаў пад Масквой, сабраў членскія ўзносы, з лепшымі пагутарыў аб прыёме ў партыю, — такую важную справу ён мог даверыць толькі Сеню.

Раніцой, яшчэ прыцемкам, яны выйшлі: да бліжэйшага НП было кіламетраў пятнаццаць нялёгкага горнага пераходу. А пасля абеду вярнууся са свайго звычайнага абходу па другіх зямлянках Ханон Фрыд i сумна паведаміў:

— Камандзір, замёрз сяржант Пясоцкі.

— Што значыцца — замёрз? — спытаў, здаецца, Муха, не я.

— Зусім. Насмерць.

Я ўскочыў з нараў, схапіў пранырлівага яўрэя загрудкі.

— Ты што вярзеш? Калі? Дзе?

— Толькі што пазванілі з НП.

Я кінуўся ў зямлянку камісара i камбата, але там ix не было. Я знайшоў ix у будцы сувязі, каля тэлефонаў. Забыўся на ўсялякую субардынацыю, з дзвярэй крыкнуў:

— Што з Пясоцкім?

Сеўчанка выплюнуў пад ногі недакурак, цяжка ўздыхнуў:

— Эх, Пясоцкі, Пясоцкі!..

Тады я зразумеў — тое, што сказаў Фрыд, праўда. Хвіліну стаяў, аглушаны горам, потым упёрся лбом у драўляную сцяну i… заплакаў.

Сеня! Дарагі Сеня! Мой друг! Разумная, светлая галава!.. Як жэ я буду жыць i ваяваць без цябе?

Як з глыбіні нейкай дайшлі да мяне словы камбата. Не ведаю, расказваў ён мне ці каму іншаму, можа, камісару:

— Яны мала што не дайшлі да НП. Кідала кажа, кіламетры тры-чатыры. Але Пясоцкі зусім выбіўся з сіл i не мог далей ісці. Кідала прапанаваў яму пасядзець, адпачыць… а сам пабег на НП, каб вярнуцца ўдвух ці ўтрох i забраць яго. Кажа, вярнуўся праз гадзіну, не больш… I знайшоў яго мёртвым…

— Хлусіць ён! Хлусіць, сволач, Кідала гэты! — раптам вырвалася ў мяне. — Ён знарок… знарок пакінуў Сеню!.. Ён не любіў яго… Помсціў… Не веру я, што ён вярнуўся праз гадзіну! Не можа чалавек за гадзіну замерзнуць. Не такі мароз.