Выбрать главу

— Дарэмна ты, камандзір, чапаў гэтае г… Цяпер яны ЧП зробяць. Сяржант падняў руку на малодшага лейтэнанта!

Ведает, як могуць раздзьмуць?

— Чорт з ім, няхай робяць што хочуць. Мне ўсё роўна, — адмахнуўся я. Не хацелася ні з кім гаварыць, нават з гэтым добрым i разумным Астахавым.

Падышоў Малашкін, а я ўсё сядзеў. Ён пастаяў каля мяне, можа, хвіліну, як бы не адважваючыся выказаць тое, што яму загадалі. Сказаў ціха:

— Устаньце!

Я падняўся. Ён сам, пазбягаючы глядзець мне ў твар, у вочы, расперазаў мой рэмень. Я зразумеў — бяруць пад арышт. Кал я катлавана стаяў разведчык з вінтоўкай.

— Завядзіце на КП дывізіёна i здайце начальніку каравула, — сказаў яму малодшы лейтэнант.

Выйшлі з зямлянкі мае байцы.

— Бывайце, хлопцы, — паспрабаваў я бадзёра ўсміхнуцца, але ўсмешка, відаць, не ўдалася.

У Чарняка ў вачах бліснулі слёзы. Ад гэтых слёз i ў мяне ў горле стала горка-салёна.

— Пайшлі,— сказаў я канвойнаму i хутка закрочыў па пазіцыі. I тут убачыў, што не толькі мой разлік, але i ўсе іншыя, уся батарэя праводзіць мяне спачувальнымі позіркамі. I мне захацелася таксама неяк развітацца з батарэйцамі, сказаць нешта, каб яны зразумелі, што я не адчуваю сябе вінаватым.

Каля бусоля на сваім звыклым месцы стаяў Лёша, панурыўшы галаву, перажоўваючы ягель. Я падышоў, абняў яго за цёплую шыю, пацалаваў у халодныя ноздры. Сказаў голасна:

— Будзь здароў, друг Лёша! Не гаруй! Нічога, не прападзём! А буду жывы, няхай гэты падлюга не трапляе на маім шляху. Так i перадайце яму!

Алень кіўнуў галавой i фыркнуў.

— Шапятовіч! Што гэта за камедыя? — пачуўся голас камандзіра батарэі. Я павярнуўся. Ён ішоў ад дальнамера. Я апусціў рук i i адказаў сур'ёзна:

— Гэта не камедыя, таварыш старшы лейтэнант, а трагедия. Калі свой забівае свайго…

Ён надышоў на два крокі, пільна заглянуў мне ў вочы, уздыхнуў:

— Эх, Шапятовіч, Шапятовіч, — i махнуў рукой, кінуўшы зласліва: — Анархіст ты i… дурань!

Я зразумеў, што ён таксама перажывае, i, можа, таму мне стала крышку лягчэй. Алененадоўга. Натраўлерыперапраўлялася многа народу — ваенныя i цывільныя. I я прыкмеціў, што многія глядзяць на мяне, як на злачынца — дэзерціра якога-небудзь ці здрадніка… Нават абыходзяць бокам, быццам я заразны. О, як гэта было крыўдна i балюча! Я ледзь трымаўся, каб не крыкнуць, што я не злачынца i няхай яны не глядзяць на мяне гэтак. Выручыў нейкі матрос — дзякуй яму! — спытаў:

— Завошта, братуха, уліп?

Я не мог адказаць, бо адчуваў — скажу адно слова — i пырснуць слёзы.

Адказаў мой канваір:

— Малодшага лейтэнанта ўдарыў.

— А-а!.. Відаць, было за што. Сярод ix розныя ёсць… — пачаў разважаць гаманкі матрос, але ўгледзеў непадалёк капітан-лейтэнанта i адразу знік.

Аднак пасля гэтай кароткай размовы на мяне перасталі глядзець як на злачынца. A ў позірку адной немаладой жанчыны я злавіў нават спачуванне. Але яна, гэтая жанчына, раптам чамусьці напомніла мне… пра дзённік. Я забыўся свой дзённік! I цяпер, безумоўна, яго возьмуць, будуць чытаць, ён пойдзе па руках… Мяне ажно кінула ў гарачку ад гэтай думкі. Асабліва здалося ганебным, што ўсе могуць даведацца пра мае адносіны з Антанінай, пра яе ўчынак. Было адчуванне, што ў такі час, калі хацелася захаваць душэўную чысціню, я раблю подласць. А можа, Тоня сапраўды пакахала? A калі i не, усё роўна я не маю права — не маю! — крычаць пра гэта на ўвесь дывізіён, бо гэта подла, нізка, не па-мужчынску. А даць дзённік у чужыя рукі — значыцца, закрычаць менавіта так, на ўвесь голас, бессаромна, цынічна, даць падставу для самых брудных плётак… Навошта я пісаў гэты дурацкі дзённік? «Дурацкі»? Хто сказаў так? Сеня, друг… Разумны, слаўны, прадбачлівы чалавек. Няўжо прауда, што цябе няма жывога, што я ніколі не ўбачу цябе?

Гора, прыступ шалёнай злосці пры ўспаміне аб тым, хто вінаваты ў яго смерці, i зноў трывога за дзённік. Яна расла з кожным крокам да штаба. Сто разоў я намерваўся папрасіць канваіра: няхай перадасць Астахаву, каб той схаваў мой сшытак (ён ведае, які сшытак) i нікому ні ў якім разе не аддаваў яго. Астахаву я верыў. Але канваір — чалавек з узвода Кідалы, — перш чым сказаць Астахаву, можа расказаць каму не трэба, i тады ўжо напэўна дзённік трапіць у чужыя рукі, чаго добрага, яшчэ самому гаду таму.

Усе гэтыя перажыванні давялі мяне да ліхаманкавага стану. I калі я апынуўся на гаўптвахце — у камеры-сушылцы, дзе пахла цэглай, вугалем i дымам, які ўеўся ў кожную пору закурадымленых сцен, — мае «сябры па няшчасці» хутка заўважылі, што мяне калоціць.