Выбрать главу

Хаціна, у якой мы жывём, пабудавана ў дзіўным месцы — у цясніне паміж скаламі. Цясніна, расшыраючыся, паката спускаецца да берага азёрнай бухты. Гэта адзіны выхад на шырокі прастор, «вароты ў свет». Праўда, цяпер, калі намяло гурбы снегу, з даху можна ўзабрацца па левай круцізне ўверх i адтуль лёгка спусціцца ў лясную даліну, што ляжыць на ўсходзе ад нас. На правы выступ скалы ўзысці лягчэй — прырода як бы збудавала штучныя ўсходцы, якія мы таксама акуратна чысцім, бо там, на вяршыні гэтай скалы, наш назіральны пункт. Там стаіць вартавы i сочыць за небам. З іншых трох бакоў скала строма абрываецца ў возера. Вузкае i даўгое, як амаль усе азёры Поўначы, яно цягнецца на паўночны захад так далека, што супрацьлеглы бераг яго вырысоўваецца толькі ў ясныя раніцы. Калі ўсходзіць сонца, возера слепіць сваёй белізной. Не, не белізной — блакітнай іскрыстасцю. Цяпер я ніколі не бачу снег белым, такім, як бачыў у роднай Беларусі. Цяпер ён заўсёды то ружовы, то блакітны, то сіні, то нават жоўты.

Пост наш — самы далёкі. Ад Кандалакшы, дзе знаходзіцца штаб батальёна, трэба ехаць цягніком на захад, да маленькага ляснога паўстанка, каля якога размешчаны нейкія прыфрантавыя тылы. Ад гэтага паўстанка, з якім мы маем тэлефонную сувязь, трэба ісці на лыжах кіламетраў пятнаццаць на поўнач.

Успамінаю размову з камандзірам батальёна. Я прыехаў не адзін, нас было пяцёра з дывізіёна, але астатнія разведчыкі. Яны ведалі, што едуць на пасаду камандзіраў пастоў, бо батальён толькі фарміраваўся. Я не разумеў, калі даведаўся пра ўсё гэта (ды i дагэтуль не разумею!), чаму Купанаў паслаў сюды мяне, агневіка. Хацеў схаваць ад трыбунала? Ці баяўся, што, калі астануся ў дывізіёне, няхай i на іншай батарэі, непазбежна сустрэнуся з Кідалам, i тады можа быць яшчэ большае ЧП. А магло здарыцца! Нам лепш не сустракацца, бо я ніколі не дарую яму смерці Сені.

Маёр Жураўлёў, худы i стомлены (потым я даведаўся, што ён прыехаў з блакаднага Ленінграда), няўважліва разглядаў нашы дакументы. Але калі чарга дайшла да мяне, зацікаўлена ўзняў вочы.

— А-а, гэта ты? Купанаў расказваў мне… Што ж ты сваіх б'еш?

— Сярод сваіх таксама трапляюць… — Я не мог знайсці ёмкага i трапнага вызначэння i запнуўся.

— Якіх варта біць? — усміхнуўся маёр i тут жа цяжка ўздыхнуў: — Бывае.

Я адразу адчуў сімпатыю да гэтага чалавека — люблю людзей разумных i простых, не фармалістаў.

— Пойдзеш камандзірам дзевятага, — сказаў мне тады маёр Жураўлёў.— Але май на ўвазе — самы адказны пост. Самы далёкі i самы блізкі ад фронту. Там трэба вуха трымаць востра. Глядзець не толькі за небам, але i за зямлёй. Часам праз лінію фронту прарываюцца лыжнікі. A фіны, ведаеш, якія лыжнікі? A лінія фронту тут — чорт яе суцэльную ўтрымае на гэтай забытай Богам зямлі. Тут улетку ні прайсці ні праехаць… Людзей у вас будзе мала, пакуль што ўсяго тры чалавекі там, вы чацвёрты. Несці дзяжурства прыйдзецца ўсім. Людзі своеасаблівыя. Да кожнага трэба падабраць ключык.

I вось, калі я пражыў паўтара месяца з гэтымі «своеасаблівымі людзьмі», ключыкі знайшліся самі сабой. Ці больш правільна сказаць, ніякія ключыкі не спатрэбіліся. Можа, я дрэнны камандзір, «ліберал», як лаяў мяне Малашкін, але i з новымі сваімі падначаленымі, калі крыху апомніўся i праўсё расказаў ім, хутка здружыўся. I служба ў нас ідзе без усялякіх непаразуменняў: кожны ведае сваё месца, свае абавязкі i ўсе дакладна, безспрэчак, выконваюць маеняхітрыязагады.

A людзі сапраўды своеасаблівыя. Двое з ix старэйшыя за майго бацьку — Фядос Яфрэмавіч Сушылаў i Алампі Маркавіч Самародаў. Апошні мне здаўся зусім старым чалавекам (пасля я даведаўся, што ён гады на тры маладзей за Сушылава), i неяк мімаволі з першых дзён я пачаў называць яго «дзядзька Алампі». Так гэта i замацавалася за ім. I стары Сушылаў i малады насмешнік Платон Чуб звяртаюцца да яго цяпер толькі гэтак. Дзядзька Алампі — калгаснік з нейкага глухога раёна Кіраўскай вобласці, чалавек малапісьменны, ціхі, i дзіўна: селянін, бацька вялікай сям'і, a нейкі няўмелы, як дзіця, не прыстасаваны да розных жыццёвых умоў. У яго сямёра дзяцей, два старэйшыя сыны на фронце. I, здаецца, няма ў яго ніякіх іншых думак, акрамя думкі пра сваіх дзяцей.

Садзімся абедаць — ён употай хрысціцца, уздыхае:

— Дзе там мае сыночкі-галубочкі?..

Есць ён ашчадна, заўсёды так, быццам яму сорамна, што можа з'есці многа i смачна. Аднойчы ён выказаў гэта:

— А што там мае дзеткі ядуць? Не густа ў ix…