А то я прыкмеціў, што ён не спажывае свае порцыі цукру, а складае драбкі ў рэчавы мяшок.
— Навошта гэта вы, дзядзька Алампі?
Збянтэжыўся, замаргаў вачамі, укінуў адзін драбочак у
рот, пачаў тлумачыць наіўна, як малы:
— Дачушка мая, Танечка, вельмі любіць цукар. Бывала, іду ў краму — заўсёды просіць…
— Але калі гэта вы прыедзеце да яе!
Напамінак пра тое, што не скора ён пабачыць сваіх дзяцей, вельмі ўсхваляваў старога, доўга ён не мог супакоіцца. Дарэчы, пра цукар, які ён адкладваў. Дні чатыры гуляла завіруха, i мы не маглі выбрацца па прадукты. Скончыуся хлеб, цукар, елі адно мяса. Абрыдла. Платон Чуб не прасіу — запатрабаваў:
— Дзядзька Алампі, выкладай свой цукар! На які чорны дзень ты збіраеш яго? Адсырэе.
Самародаў не пярэчыў. Але я бачыў, як цяжка яму апустошваць свой мяшок.
Чуб рагатаў:
— Вось кулак! Бачыў ты, камандзір, кулака? Мы ж табе аддамо, калі атрымаем. Не жылься.
Думаю, што шкада цукру яму было не ад прагнасці, ён не мог сумнявацца, што цукар яму вернем. Магчыма, кладучы кожны дзень драбкі ў мяшок, ён уяўляў, што аддае ix дзецям, таму i цяжка было забіраць назад.
Часта, калі я стаю на варце, асабліва ўначы, ён ідзе з хаты, узыходзіць на скалу, вінавата неяк просіць:
— Не спіцца мне, таварыш камандзір. Давай я пастаю. Пра дзетак сваіх падумаю.
Дзяжурыць ён любіць, але я заўсёды баюся, што ён будзе думаць пра дзяцей сваіх i нічога не пачуе i не ўбачыць.
Чуб недалюблівае Алампія. Здзекліва кпіць. У самым пачатку майго з'яўлення на пост расказаў адзін на адзін:
— Гэты «хоца», — у Самародава вяткаўскі дыялект, у многіх словах замест «ч» вымаўляе «ц», — да прыходу ў батальён доўга ляжаў у шпіталі. Экзема ў яго на нагах ніяк не гаілася. А сюды прыйшоў — без лекаў гоіцца. А я ведаю, што ён там рабіў: соллю пасыпаў сваю экзему, каб на фронт не паслалі.
Непрыемна мне было слухаць гэта. Не спадабаўся Чуб за тое, што адразу нагаворвае на таварыша, што выдумаў на старога чалавека такую абразлівую мянушку — «хоца»; я заўсёды не любіў людзей, якія смяюцца з мовы іншага народа ці з дэфектаў вымаўлення асобных людзей. Я сказаў пра гэта Чубу, ён, відаць, не зразумеў i колькі дзён трымаўся афіцыйна.
Але мяне ўразіла іншае: соль гэтая, якой пасыпаюць раны, каб надаўжэй затрымацца ў шпіталі. Няўжо сапраўды ёсць такія людзі? Я ведаў, што ёсць дэзерціры, самастрэлы (нам чыталі загады), усе мы на батарэі з нянавісцю гаварылі пра гэтых здраднікаў, можа, з большай нянавісцю, чым нават пра фашыстаў. Але пасыпаць соллю ўласныя раны — проста не змяшчаецца ў маёй свядомасці, здаецца неверагодным.
Некаторы час пасля гэтага я адносіўся насцярожана i да Самародава i да Чуба.
Толькі да Сушылава я адчуў павагу з першых дзён. Ён з архангельскіх памораў, але не рыбак, a паляўнічы, рабочы зверасаўгаса, хоць лавіць рыбу ўмее гэтак жа ўдала, як i паляваць. Ён ва ўсім процілегласць дзядзьку Алампію. Той худы, ссутулены, гэты каржакаваты, як камёл добрага дуба, толькі крыху касалапы. Той амаль сівы ўжо, гэты ж старэйшы па гадах, a ў яго ледзь-ледзь пасерабрыліся скроні: валасы цёмныя, густыя, з рудаватым адлівам, крыху святлей калматыя бровы — амаль зусім рудыя, а вусы чорныя. Па жэсту, які Сушылаў рабіў часам, забыўшыся, я адразу здагадаўся, што ён насіў бараду. Потым стары прызнаўся: так, насіў, але ў будаўнічым батальёне, дзе ён служыў дагэтуль, камандзір прымусіў яго пагаліцца — для гігіенічнасці. Сушылаў папрасіў, каб я дазволіў яму адгадаваць бараду, i я дазволіў на сваю адказнасць. Праз тыдзень твар яго непазнавальна змяніўся.
Чуб смяецца:
— Хітры ты, Фядос Яфрэмавіч: лянуешся галіцца, бараду выдумаў. А я вось скрабу праз дзень тупой брытвай, хоць завязвай нешта…
Сушылаў не маўклівы, але вельмі немнагаслоўны, гаворыць — быццам ласку робіць. Дзяцей у яго двое, дарослыя, сын, ваенны марак, i дачка, студэнтка, асталася ў блакадным Ленінградзе. Ад сына прыходзяць пісьмы, пра дачку нічога невядома.
Але ён не ўздыхае, як Самародаў, i не ўспамінае пра дзяцей пры нас. Толькі, прыкмеціў я, у газетах надзвычай уважліва чытае ўсё пра Ленінград.
Чуб празваў Сушылава «наш кармілец». I гэта не жарт, гэта сапраўды так.
У першыя дні, уражаны Сеневай смерцю i ўсім, што адбылося пасля, я нічога не бачыў, не заўважаў, што ем, адкуль бярэцца рыба, мяса. А потым раптам звяртаецца да мяне Сушылаў:
— Мяса няма, таварыш камандзір. Дазвольце раздабыць.
— Раздабыць? Дзе? Паехаць у батальён?
Ён усміхнуўся з маёй наіўнасці.
— Схадзіць на паляванне. Можа, удасца хоць курапатку падстрэліць.