Выбрать главу

— Платон, ты хацеў нешта пра костачкі расказачь, якія трашчаць…

— А-а. — I такая цёплая ўсмешка расплываецца па яго твары, быццам у нашу пракураную хаціну заблудзіў прамень кубанскага сонца. — Не пра костачкі, а пра радасць жыцця… Наробішся, усё баліць i ные: здаецца, упаў бы i заснуў бы, дзе стаіш… А прыйдзеш дадому — дзеці на калені лезуць… — У Чуба таксама двое дзяцей.

— Эх, дзеткі, дзеткі,— цяжка ўздыхае дзядзька Алампі.

— …паскардзяцца, хто каго за чуб колькі разоў цягаў. У нашым родзе ўсе чубатыя, таму i мянушку нам такую далі. Мой дзед яшчэ пісаўся Канаваленка, а бацька, калі на тую вайну пайшоў…

— Платон, пра гэта чулі ўжо.

— А-а, — не крыўдзіцца ён, — дык вось я i кажу: жыццё, яно такую сілу мае, браткі… Напячэ жонка пшанічных блінцоў, сала скавародку насмажыць… А потым ляжаш з ёю ў свірне на падлозе, дзе халадок… Дыхае яна табе ў вуха, расказвае свае жаночыя справы, i пахне ад яе, галубкі маёй, хлебам, малаком, зямлёй, дзецьмі, стэпам палыновым — усім, што сэрцу твайму люба. Так хораша пахне, ажио ў галаве пачынае кружыцца… А пакладзеш руку на яе гарачыя грудзі, дыхаюць яны, як тыя пшанічныя паляніцы, якія толькі з печы выцягнулі. Божачка мой, адкуль тая сіла возьмецца! Hi стомленасці няма, нічога…

Самародаў дакорліва ківае галавой, дзіўна неяк усміхаецца, але слухае. Сушылаў чамусьці не любіць такіх успамінаў — хмурыцца i выходзіць з хаты ці адыходзіць, калі размова ідзе на двары.

— Старавер. Сектант нейкі,— шэпча мне Чуб, ківаючы яму ўслед. Але ніякіх рэлігійных праяў у старога паляўнічага я не заўважаю. Самародаў хоць часам употай хрысціцца, Сушылаў — ніколі.

Я асабіста нічога непрыстойнага ў расказах Чуба не бачу. Я заўсёды насцярожваўся, калі ў мужчынскай кампаніі пачыналася гаворка пра жанчын, бо часта чуў брудныя анекдоты, цынічную пахвальбу. Гэта заўсёды абражала мяне — за Сашу. Але ў Чуба няма i кроплі цынізму.

Пра жонку ён успамінае з вялікім замілаваннем, шчыра i паэтычна, гэтак жа, як пра свае кубанскія стэпы. Мяне здзіўляе i ўражвае іншае. Хораша расказаўшы пра сваё каханне да жонкі, ён раптам праз хвіліну пачынае амаль з такой жа любасцю ўспамінаць другую жанчыну.

— А то, браткі мае, на палявым стане, калі ўначы малоціш, ды i ўдзень, дзе-небудзь за сціртай у пахучай саломе прытуліш да сэрца добрую маладзіцу — а Божачка! — быццам у рай пападзеш. У нас удава ёсць, Даша Канцавая… Мая Галя аднойчы як заспела нас… Чортава баба, як дала граблям! па спіне, тры зубы да рэбраў дасталі, i цяпер шраміны відаць, як ад куль нямецкіх…

Аднойчы, калі мы ўдвух пайшлі шукаць разрыў тэлефоннага проваду, я спытаў у яго:

— Скажы, Платон, ты кахаеш сваю жонку?

— А Божачка! Ды, здаецца, кабкрылымеў, паляцеўбы… Восем гадоў душа ў душу пражылі…

— Ты верыш ёй?

— Ды яна ў мяне як святая.

— А ты?.. Сам ты? Заляцаўся да другіх, здраджваў… Як ты мог?

— А братка мой! Дык жыццё ж такое! Думаеш, ты манахам пражывеш? Не пражывеш!

Гэтым наіўна-вясёлым i ўпэўненым «Не пражывеш!» ён ударыў мяне ў самае балючае месца. Я змоўк. Што я мог адказаць яму? Запярэчыць? Даказаць, што я лепшы?

Увогуле яго расказы, простыя, жыццярадасныя, надзвычай вярэдзяць мне сэрца. Як, магчыма, ніколі раней, думаю я пра Сашу, думаю бясконца, удзень i ўночы. Пачуцці мае, здаецца, разгарэліся з новай сілай — каханне, смутак, трывога, страх за яе, за Ленку. I сорам, пакута ад здрады зрабіліся такімі ж вострымі, як у першыя дні. Але разам з гэтым зноў рэўнасць, недарэчнасць, абсурднасць, ганебнасць якой я ўсведамляю, аднак нічога не магу зрабіць з сабой. Зноў, заплюшчыўшы вочы, я бачу побач з Сашай гэтага настаўніка — Лялькевіча. Ад такога відовішча кусаюрукі… Хочацца закрычаць на ўсю гэтую снежную пустыню… А можа, гэта прадчуванне? Тфу! Я раблюся забабонным i дурным! Я лаю сябе, як толькі можна, але ад гэтага мне не робіцца лягчэй.

Не сціхае i боль за Сеню. I злосць на Кідалу. Праўда, тыдзень назад я атрымаў пісьмо ад Астахава. Ён піша, што Сцяпан Кідала за смерць Пясоцкага разжалаваны да старшага сяржанта i накіраваны на трэцюю батарэю камандзірам аддзялення разведкі. Малайчына Купанаў! Ёсць, значыцца, на свеце справядлівасць! Невялікая кара, але ўсё-такі няхай адчуе, што не адзін я лічу яго вінаватым у смерці чалавека. Разам з крупінай задавальнення пісьмо прынесла смутак. Тры словы: «Дзянькі ў нас гарачыя» — разанулі па сэрцы, якое сцякае крывёю i так. Я разумеў, што значыць «дзянькі гарачыя»: лятаюць фашысты, ідуць баі. Яшчэ больш горача там, дзе нашы, мае таварышы па зброі, мае равеснікі, землякі, гоняць ворага ад Масквы i, можа, неўзабаве ступяць на беларускую зямлю — не так ужо далека. Усюды горача. Адзін я тут прахалоджваюся са старымі дзядзькамі. Жару аленіну, смачна прыгатаваную Сушылавым, i ўглядаюся ў пустое неба: нават самалёты тут пралятаюць рэдка. Асабліва чамусьці цяжка ў ціхія бязветраныя дні. Снежная цішыня глушыць, цісне; хочацца завыць па-воўчы.