Лялькевічу не працавалася. Ён думаў i пра чарговую аперацыю i пра наведанне Пятра. Безумоўна, Саша балюча перажывае. Але яна гордая, а таму ні аб чым не просіць i нікога не вінаваціць. Калі яна вярнулася з рэчкі i развешвала на агароджы бялізну, ён падышоў да яе, стаў побач, сказаў шэптам:
— Я пайду, Аляксандра Фёдараўна. У атрад. Я знайду яго. Накіруем сувязных ва ўсе суседнія атрады. Ён або з армейскай групы Віці, або з атрада Куцага. Ім скінулі радыста i дыверсантаў для горада…
Саша ўзняла вочы, у позірку яе была ўдзячнасць, i гэта было яму даражэй за ўсё.
— Я пайду ў Буду рамантаваць царкву. Поп прасіў…
Ён зрабіўся не толькі бондарам, але i цесляром. Пра гэта ведае ўся веска.
Саша кіўнула галавой — не першы раз! — i моўчкі дакранулася да яго локця.
II
«Усё нішчыць вайна. Гінуць людзі… Чарсцвеюць сэрцы ў жывых… Руйнуюцца любоў i вернасць… Разбураецца сям' я… Адзін я, наіўны, верыў у заўтрашні дзень, у шчасце… А яно ўсё ў мінулым… Антаніна нічога не патрабавала за сваю любоў… Жыла адным днём… Няўжо так i трэба жыць? «Каб цябе сёння разнесла бомба, твая жонка…» — «Сціхні!» — закрычаў я ёй тады. А чаму ёй сціхаць? Мяне не разнесла бомба, я выжыў ад фінскіх куль i гранаты, а шчасця — таго, што было, няма i ніколі не будзе…»
Пятро ляжаў, уткнуўшы галаву ў мокры мох. У цяжкія хвіліны вайны шмат пра што жудаснае думаў, шмат чаго сніў: Сашы няма жывой, яе пагналі ў Нямеччыну, у няволю, на здзек i гвалт… — I пра Лялькевіча думаў, раўнаваў, пакутаваў. Але ўявіць, што Саша — жонка гэтага чалавека i яны жывуць у ціхай лясной вёсцы i, можа, плодзяць дзяцей у той час, калі навокал ідзе бязлітаснае змаганне, — такая думка нават ні разу не прыходзіла ў галаву. Як можна памыліцца ў чалавеку! Саша, Саша…
Хацеў плакаць, але слёз не было. I думкі, як іскры, сухія, кароткія, ясныя. Толькі мох мокры i пахне родным, забытым маленствам.
Самае дзіўнае, што злосці на Сашу не адчуваў. Іншая рэч — на Лялькевіча. «Можа, паліцай які-небудзь, падлюга. Трэба было не па мордзе, а стукнуць з пісталета… Няхай бы адным гадам менш было…»
Ён дастаў з кішэні пісталет, да болю сціснуў шурпатую рукаятку. Але праз хвіліну падумаў, што, не ведаючы акалічнасцей, ён не мог зрабіць гэтага — забіць чалавека, тым больш блізкага Сашы… Ён не забойца. Ён паверыў, што Саша магла здрадзіць яму — Пятру. Але паверыць, што яна здрадзіла народу, Радзіме, жыве з паліцэйскім. Не! Не можа гэтага быць! Трэба пайсці назад i ўсё высветліць. Калі ён сумленны чалавек, то не прадасць… Але які ён сумленны! Ды цяпер ужо i не пройдзеш, каб не ўбачылі… Вунь ужо гукае пастух. Рыпяць жураўлі…
Пятро прыслухаўся. Зноў нехта крыкнуў, але ужо у другім баку — у глыбіні лесу. Хто там мог зваць яго? Першы раз, калі ён пабег, здалося, што жаночы голас надрыуна паклікаў ззаду: «Пеця!» Ён спыніўся тады, замёр. Чакаў. I каб покліч паўтарыўся, то, напэўна, забыўся б i на школу, i на паліцэйскі гарнізон, i на Лялькевіча — на ўсё на свеце. Пабег бы назад насустрач гэтаму голасу. Але дарэмна чакау. Ніхто яго больш не паклікаў. Відаць, яму проста здалося, стомленаму, разбітаму, уражанаму. Ён i дагэтуль часта чуў Сашын голас. I цяпер вось зноў здалося, што гэта яна. Крык паўтарыўся, i знікла надзея, бо стала ясна: гукаюць адзін аднаго людзі, якія збіраюць грыбы. Імя незразумелае — не то «Манік», не то «Ванік». I адказ: «А-у-у» — хлапечы голас.
Людзі жывуць, збіраюць грыбы.
«Можа, пайсці да ix i пра ўсё распытаць? Пра што? Што могуць ведаць чужыя людзі? Скажуць, што тут яна, Саша?.. Дык сказала ж Аня. Пачуць ад людзей, лішні раз, што жыве не адна — з мужам? А можа, вярнуцца да ix i сказаць: «Я хачу ўбачыць сваю дачку. Дзе мая дачка?» Паглядзець малую i глянуць у вочы Сашы. Якія ў яе будуць вочы?» Ён уявіў з незвычайнай выразнасцю яе вочы, як цалаваў ix, i… застагнаў ад болю.
Не, вяртацца нельга. Ён проста не мае права, бо гэта неразумна i небяспечна, гэта можа прывесці да недарэчнай гібелі. А ён павінен жыць, змагацца, помсціць за сваю i людскую крыўду i гора. Заўтра ён павінен быць у сваім атрадзе, дзе яго чакаюць Павел Пятровіч, Кастусь, іншыя сябры i вялікія справы. Заўтра. А яму ісці кіламетраў сто. Трэба спяшацца.
Пятро падняў галаву.
— Што ж, бывай… — звярнуўся ён да Сашы. — Не падумай, што я сапраўды больш не буду верыць, што ёсць на свеце каханне мацней за смерць. Можа, i мае не мацней за смердь. Але мае вернае i адданае! Ты чуеш? Я i цяпер кахаю цябе, Саша, чуеш? Вярніся. — Ён хацеў сказаць: «I я ўсё дарую», але адчуў пошласць гэтых рамансавых слоў, узлаваўся, па-салдацку вылаяўся.