— Дома.
Малады вартавы збочыў, стаў каля дуба, прыставіўшы вінтоўку да нагі. Ён не ведаў гэтага кульгавага чалавека. Але калі той ідзе проста да Дзеда i «старыя» называюць яго камісарам, значыцца, не абы-хто.
— З горада, — сказаў Карней, кіўнуўшы на навічка, калі адышліся крыху.
«Наша папаўненне», — падумаў Лялькевіч, азірнуўшыся, каб запомніць твар чалавека, які апынуўся тут дзякуючы рабоце, якую ён вёў са сваімі памочнікамі.
Яму хацелася прыйсці непрыкметна, каб нікога не будзіць. Прымасціцца дзе-небудзь на возе ці ў пустым будане, адпачыць, бо моцна ныла натруджаная за немалую дарогу нага. Але i ў такую рань у лагеры спалі не ўсе. Толькі што вярнулася з начнога паходу група разведчыкаў. Гэтыя «партызанскія гвардзейцы» не толькі яго былыя падначаленыя, але i асабістыя сябры. Убачылі (ад ix не схаваешся), загарланілі на ўвесь лес:
— Камісар!
— Валодзя!
— Уладзімір Іванавіч!
Адразу абвілі вянком рук. Ціскалі, ляпалі па плячах.
— У госці ці назаўсёды?
— Цішэй вы! Пабудзіце людзей!
— Людзі? Якія гэта людзі! Соні! Даволі ім пухнуць! Рады, што камары адышлі… Крук — во якую морду наспаў.
— Яго з пушкі не разбудзіш.
— Слухай! Плюнь ты на сваю кульцяпу! Давай назад у атрад! Мы табе тачанку зробім! З кулямётам!
— Ён там да такой маладзіцы прыліп!..
— Ого! Маладзіца — фельчарыца!..
— Ажаніўся?
— Адкарміла яна цябе… Хутка пуза адрасце.
Як i дзе ён лячыўся, чаму затрымаўся, пра тое ведалі нямногія ў атрадзе. Але гэтыя чэрці, разведчыкі, усё пранюхаюць. A галоўнае — шмат што могуць вытлумачыць па-свойму. Таму Лялькевіча крыху занепакоілі асобныя рэплікі i жарты.
— Але ж i майстры вы языкамі мянташыць! Вам бы не ў разведцы быць, a ў эстрадзе, — сказаў ён як бы жартам, але i з папрокам, — не балбачыце лішняе.
— О, камісар! Ты забыўся, што такое разведчык. Гэта ж найлепшы акцёр!..
— Уладзімір Іванавіч сам добры акцёр!
У цэнтры лагера з зямлі вылезла галава Чарнамора — такая ж казачная барадзішча, толькі шлема не хапала. Здавалася, дзьмухне зараз — i ўзнімецца віхура. Але галава крыкнула звычайным чалавечым голасам:
— Дажора! Што за кірмаш у цябе там?
— Дзе д.
Разведчыкі па адным пачалі знікаць. Толькі камандзір ix — Генка Дажора, высокі, хударлявы, з валасамі-лёнам i дзявочым тварам, да якога брытва дакраналася раз у тыдзень, — застаўся побач з Лялькевічам.
— Не спіцца Дзеду.
— Ад такога шуму ўвесь лагер мог падняцца.
Дзед — камандзір атрада Макар Піліпенка — убачыў Лялькевіча i адразу вырас у поўны рост — выскачыў, як той асілак з бутэлькі. На асілка, праўда, ён быў мала падобны, але бараду меў па пояс. Босы, у адным армейскім галіфэ i бруднаватай майцы, ён пайшоў насустрач Лялькевічу, шырока расставіўшы рукі. Абняў шчыра, заказытаўшы вуха i шыю барадой.
— Валодзя, друг! — i ўстрывожаным шэптам спытаў: — Што здарылася?
— Але ж i памяло ты адрасціў,— пажартаваў у адказ Лялькевіч.
Піліпенка хутчэй цягнуў яго ў зямлянку. Барадаты камандзір, якога звалі Дзедам не толькі партызаны, але i навакольнае насельніцтва i немцы, у сапраўднасці быў зусім малады чалавек, аднагодак Лялькевіча. Яны многа год ведалі адзін аднаго — Піліпенка працаваў прапагандыстам райкома партыі. Пасябравалі ў атрадзе самааховы, калі лавілі нямецкіх парашутыстаў. Камандзірам атрада быў начальнік райміліцыі, яны абодва — яго намеснікамі. Калі пры набліжэнні немцаў райком даў загад — стварыць з лепшых людзей ядро партызанскага атрада, начальнік міліцыі «адлучыўся па службовых справах». Лялькевіч i Піліпенка з дзесяткам надзейных хлопцаў, камуністаў i камсамольцаў, перабраліся з правага берага Дняпра ў лясное міжрэчча. Праз нейкія два месяцы ix атрад стаў самым буйным у гэтым раёне.
З самага пачатку яны мелі сувязь з сваім сакратаром райкома, які ўзначальваў другі атрад у паўночнай частцы раёна, на правабярэжжы. Пазней ім было даручана звязацца з Гомельскім падпольным гаркомам i з атрадамі, якія дзейнічалі ў паўднёвых лясах Гомельшчыны.
Здавалася б, па логіцы належала матэматыку Лялькевічу стаць камандзірам, а прапагандысту Піліпенку — камісарам. Але атрымалася наадварот. З першых жа дзён i Лялькевіч i ўсе астатнія ўбачылі, што Макар народжаны, каб камандаваць, арганізоўваць i весці людзей у бой. А Уладзіміру Іванавічу больш падыходзіла роля палітычнага настаўніка, выхавацеля.
Шчырая ў ix была дружба, сапраўдная, такая, што яднае на ўсё жыццё. Таму Піліпенка вельмі ўзрадаваўся, убачыўшы сябра, але адначасова i ўстрывожыўся: Лялькевіч сам у атрад прыходзіў рэдка.