— Завошта, друг мой? А наогул тваё шчасце, што я выйшла. Ад ix цяпер можна ўсяго чакаць. Два дні назад партызаны кінулі ў акно школы гранату… Там у ix папойка была… Загінула пяць афіцэраў. У ix там стаяла бутля ca спіртам. Спірт загарэўся… Некаторыя, відаць, раненыя былі… кажуць, страшна крычалі. I ніхто не кінуўся ратаваць… Гарэла, як порах… Гэтаму, — кіўнула Марыя Сяргееўна назад, на афіцэра, які ўсё яшчэ стаяў i глядзеў ім услед, — пашанцавала, ён ап'янеў i выйшаў у сад, заснуў на лаўцы… Цяпер гаворыць, што яго добрая маці малілася за яго ў той вечар. Ён разумны ў адным — не чыніць рэпрэсій. Баіцца. Пометы баіцца. Ты бачыла, як ён правяраў твой палуднік? Да яго быў звер. Гюнтэр, што згарэў… Той любіў выставіць сваю смеласць: нічога, маўляў, нам не страшна. А гэты вельмі асцярожны. Забараніў рынак… Наставіў вартавых… Нікога ў мястэчка не пускае. Патрабуе, каб я выбралася са сваімі хворымі ў былую МТС. А там усё разбіта, разбурана. Ніводнага цэлага будынка. Ледзь упрасіла, каб даў адтэрміноўку на тыдзень, пакуль людзі зробяць там які-небудзь рамонт. А хворых, бачыш, колькі? Заняла амбулаторыю, сваю хату, хлеў. I адна. Ca старымі набожнымі бабулямі, якія па чарзе працуюць за санітарак. Дзяўчаты мае разбегліся. Немагчыма ім побач з салдатамі… Нінку помніш? Сястрой працавала. Беленькая такая. Дакацілася дзеўка. Зблыталася з афіцэрамі… I згарэла разам з імі. Дзве ix там такія… панеслі кару за свае грахі, як кажуць мае бабулі. Суровая кара…
Яны падышлі да абрыву каля хаты, у якой Марыя Сяргееўна жыла, спыніліся. Урач задумліва паглядзела ўніз, на спакойную i велічную плынь Дняпра, а Саша — на зарэчны лес. Прыгадала дачку. Забалела сэрца па дзіцяці.
Марыя Сяргееўна як бы адгадала яе думкі.
— Ну, мае жыццё ты бачыш… А ты… ты як жыла? Як дачка?
— Нічога. Расце. Бегае ўжо. — Саша шчасліва ўсміхнулася. — Мне здаецца, я не перажыла б без яе ўсяго… А яна… Можа, у хаце ніхто не засмяяўся б, каб не Ленка… А так i сястра, i брат, i… — яна прыкусіла язык, — i сама… Паглядзім на яе забаўкі i ў самыя цяжкія хвіліны смяёмся. Лягчэй на душы робіцца. Яна такая пацешная. Гаварыць пачынае.
Марыя Сяргееўна цяжка ўздыхнула.
Саша зразумела, што яна думае пра сына, i далікатна спытала:
— Ад Сені больш вестачак не было?
— Не, мой друг, нічога. Неяк зімой мне чамусьці здалося, што ён загінуў. Божа мой, што я перажыла! А потым усё гэта мінула. Я зноў паверыла, што ён жывы. Я веру… Мацярынскае сэрца — яно чуе…
«А я напэўна ведаю, што Пеця жывы. Пеця тут», — Сашы вельмі хацелася сказаць гэта. Але нельга. Бо тады трэба шмат што тлумачыць. I пра Лялькевіча. А гэта тайна арганізацыі, захоўваць якую яна клялася i не мае права, нават пад страхам смерці, нікому выдаць. Яна, безумоўна, упэўнена, што Марыя Сяргееўна сумленны савецкі чалавек. Але ўсётакі яна так блізка да немцаў. Чаму яна не эвакуіравалася? Казала, што пойдзе з апошнім чырвонаармейцам.
— Марыя Сяргееўна, а чаму вы не эвакуіраваліся?
— Ах, мой друг! Каб мне туды! У мяне был i дзеці… раненый дзеці… Бомба ўпала вунь там, на пляжы, i многіх раніла… Я не магла пакінуць ix i мусіла застацца…
— А я… я захварэла. Тады, калі мы пайшлі ад вас з Аняй…
— Я ведаю. Аня расказвала. Усё мінула добра? Я баялася, каб ты не нажыла эпілепсіі. Намервалася схадзіць да цябе. Але перашкодзіла гэтае няшчасце з дзецьмі, а потым прыйшлі яны…
Саша адчула, што жанчына гэта — блізкі ёй чалавек.
«Каб я мела права сказаць ёй пра Пецю… Можа, яна дапамагла б шукаць яго».
Хацелася сказаць ёй нейкія асаблівыя словы, даверыць самую запаветную тайну. Але словы такія нялёгка знайсці. А тайна — гэта не толькі яе тайна. Саша ўзяла руку Марьи Сяргееўны i з удзячнасцю паціснула мяккія халодныя пальцы.
— Табе дзякую, мой друг. За сустрэчу. Мне вельмі прыемна ўбачыць цябе. Такога блізкага чалавека. Можа, Сеня дзе-небудзь разам з Пецем… Успамінаюць нас… Яны ж такія сябры!
Пасля гэтых слоў Сашы яшчэ больш захацелася расказачь ёй пра Пецю, як-небудзь так, каб без Лялькевіча. Але яна не магла нічога прыдумаць. Ды i нешта іншае стрымлівала яе. Ці не блізкасць немцаў? У такі час зямля i дрэвы маюць вушы.
«Схаджу да Ані, можа, даведаюся больш i тады, калі назад буду ісці, змагу Марыі Сяргееўне расказаць. Прыдумаю нешта. Вось што… Скажу, што Пеця заходзіў да Ані».
Ірвалася сэрца хутчэй туды, у знаёмую вёску, у знаёмую хату. Можа, там, дзе яно нарадзілася, шчасце, яна верне яго назад? Але было няёмка так хутка развітвацца з гэтай добрай жанчынай, якая выручыла з бяды, сустрэла, як дачку, i шчыра ўзрадавана.