І Пятро піў, не надаючы асаблівага значэння яе словам…
Пасля вячэры яны гулялі па беразе Сожа. У вадзе трапяталі далёкія зоркі і агеньчыкі бакенаў, зялёныя і чырвоныя. Трывожна шапталіся лазнякі. На тым, лугавым, беразе гарэў вялікі касцёр, і каля яго віхляліся фантастычныя постаці. Над затокай плыў халодны туман.
Люба тулілася да хлопца, уздрыгвала ад холаду і ўсё скардзілася, што ёй адной сумна жыць у гэтай глухамані. Пятро, крыху ап'янелы ад выпітага лікёру, абнімаў яе і цалаваў у вусны, у гарачыя шчокі, у прарэз плацця на грудзях. Яна млява шаптала: «Пеця… Пецечка…» Але рабілася сапраўды холадна, росна, і Пятро, шкадуючы свае чаравікі, прапанаваў вярнуцца. Яны пасядзелі на лавачцы каля хаты, пагаварылі ўжо без пацалункаў. Спаць ён папрасіўся ў гаспадыні пайсці на сенавал. Сена было на вышках у хляве. Унізе рохкала патурбаваная свіння, сонна ўздыхала карова, і да прыемнага водару лугавога сена прымешваўся пах гною. Але Пятро не заўважаў гэтага. Ён думаў пра падзеі пражытага дня, пра Сашу. Задаволены сабой, ён дакараў яе: «А што, бачыла? Думала, калі табе не падабаюся, то ніводная дзяўчына не гляне на мяне?.. Не, памылілася…» Ён, як і ўсе мы ў юнацтве, вымяраў уласную вартасць тым, наколькі падабаўся дзяўчатам. Але такі ўзняты настрой цягнуўся нядоўга. Напалі блохі. Так, так, чытач, звычайныя блохі, якія часта псуюць нам самы добры настрой. Пятро варочаўся, чухаўся, стараўся глыбока аб чым-небудзь задумацца, успомніць што-небудзь прыемнае. Але прыемныя думкі зніклі. Зрабілася брыдка ад блох, ад пацалункаў Любы, успомнілася, якія тоўстыя і мокрыя яе губы і якая сама яна тоўстая і мяккая, як пампушка. Ён паставіў іх побач — яе і Сашу, убачыў Сашыны ясныя вочы, і яму стала сорамна, ён сам сабе зрабіўся брыдкім.
«Які я гадкі!.. Яшчэ не астыў Сашын пацалунак… Яе пацалунак… Не, не мог ён быць апошні… Яна проста сказала гэтым: «Да новай сустрэчы…» Яна ні ў чым не вінавата… Усё гэта праз гаспадыню. Яна шчыра хацела, каб я заставаўся надоўга… А настаўнік — глупства. Хіба мала людзей, з якімі яна сустракаецца? Хіба можна раўнаваць да кожнага? Ды і наогул, што такое рэўнасць?.. Трэба, каб была шчырасць, вера… А я… Пабег, як хлапчук… А потым раскіс перад першай сустрэчнай дзяўчынай… Сорам!»
Ён доўга лаяў сябе. Падумаў нават аб тым, што, можа, яму варта ўцячы зараз жа, пасярод ночы, каб насаліць Любе — няхай не прываблівае! — і пакараць сябе: блукай уначы па незнаёмых дарогах, калі такі дурань!.. Але ў хаце застаўся партфель з дзённікамі. Нікому, акрамя Сашы, ён не мог іх пакінуць. Добра, што ў самым пачатку зачыніў партфель на замок і ключык схаваў у кішэню. Пятро знайшоў у цемры свой пінжак і памацаў, ці там ключык. Аднак і пасля таго, як пераканаўся, што ключык на месцы, супакоіцца доўга не мог: прычапілася думка — а раптам яны, Люба і гаспадыня, па жаночай цікаўнасці ўсё-такі адкрыюць як-небудзь партфель і прачытаюць дзённік?
Непрыемная рэч гэтыя дзённікі! Пішаш шчыра, выстаўляеш сябе такім, які ты ёсць, — хаваешся з такім дзённікам, калоцішся, каб часам хто не прачытаў яго. Навошта ж пісаць? Пішаш няшчыра, прыхарошваеш сябе — даеш такі дзённік усім. Але зноў-такі навошта? Недарма людзі сталыя, з жыццёвым вопытам, вельмі рэдка вядуць дзённікі, а калі і робяць гэта, то пішуць не пра сябе, не пра свае пачуцці і перажыванні, а пра іншых людзей і пра розныя справы: мужчыны — пра дзелавыя размовы, жанчыны — пра сваіх дзяцей, пісьменнікі занатоўваюць трапныя словы, выразы, дэталі, нават цэлыя сюжэты.
Пятро, хоць заснуў толькі на світанні, прачнуўся рана — разбудзіў шум дзіцячых галасоў. На другім баку вуліцы была школа. Ён успомніў, што сёння першае верасня, пачаліся заняткі. І хоць у яго быў яшчэ цэлы месяц вольны, ён адчуў: летні адпачынак скончыўся і сорамна яму зараз блукаць без работы, час пайсці дадому — памагчы бацькам у гаспадарцы, перапісаць справаздачу аб практыцы ці зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае. Ён узрадаваўся такой думцы і прычыне, каб хутчэй пайсці адгэтуль. Але калі ён за снеданнем аб'явіў пра свой намер гасцінным гаспадыням, тыя страшэнна пакрыўдзіліся:
— Як табе не сорамна, Пеця! Пабыў адзін вечар, і ўцякаць. А яшчэ казаў… Не, я проста не пушчу цябе, Пецечка, што хочаш. — Люба глядзела на яго такім закаханым позіркам, што ён збянтэжыўся і не мог настойваць на сваім. — Ты ж сам казаў: часу ў цябе многа і ты не ведаеш, што будзеш рабіць гэты месяц… Скажы, што табе не падабаецца ў нас?
— Усё падабаецца, — адказаў ён, апусціўшы вочы ў талерку, дзе плавалі варэнікі ў масле.
— Вы, Пеця, не крыўдзіце Любу, — падхапіла Маруся. — Яна і так, гаротная, засумавала тут адна. Яна сёння ўсю ноч заснуць не магла ад радасці, што вы прыйшлі… Хіба можна ад такой дзяўчыны ўцякаць?