Выбрать главу

I, можа, толькі цяпер, калі даведаўся пра Шапятовіча, пра дзядзьку Аляксея, з якім рыбачыў змалку, Коля адчуў усю глыбіню i шырыню народнага супраціўлення захопнікам. Вось яно як разгортваецца! I якія розныя формы ix дзейнасці, барацьбы!

Калі Коля паехаў, Данік схапіў на рукі Ленку i кінуўся шукаць Полю. Яна працавала ў людзей, у другім канцы вуліцы. Малацілі на адкрытым таку. Здалёк было чуваць, як гакалі ў чатыры цапы, нібы ў далёкія, дзедаўскія часы.

Убачыўшы Даніка з малою, Поля, якая жыла апошнія дні ў трывозе i страху, адразу адчула, што нешта здарылася.

— Поля! Адлучыся на хвіліну. Госці.

Яна не спытала, якія госці. Толькі гаспадар незадаволена прабурчаў:

— Хто гэта надумаў у такі час у госці хадзіць? Ты ж там, Пелагея, не вельмі баўся… Госці гасцямі, а хлеб сам на стол не прыходзіць.

Данік па дарозе, на сцежцы за гародамі, растлумачыў сястры:

— Правал, Поля. Прыязджаў Гусеў арыштоўваць Уладзіміра Іванавіча. Хацеў забраць мяне з Ленкай. Мы з Колем Трапашам звязалі яго, ляжыць у хляве. Добра, што ён прыехаў з Колем. Трэба ўцякаць. Зараз жа. Не заходзячы дадому нават…

— Божачка мой! — заплакала сястра. — Я так i ведала — не міне нас бяда. Што ж мы рабіць будзем? I хата, i карова… Яны ж спаляць, забяруць…

— Што ты пра хату!.. Я вось думаю, як Сашу папярэдзіць. Каб не схапілі яе. Ды i Уладзімір Іванавіч можа вярнуцца. Вось пра што трэба думаць!

— Трэба ж забегчы вопратку хоць якую дзіцяці ўзяць ды ежы… Як ты панясеш яе так? Божа ты мой, Божа! Куды ж мы дзенемся? Я так i ведала, так i ведала…

Ленка, убачыўшы, што цёця плача, пачала кулачкамі выціраць ёй слёзы i цалаваць i пагражала пальчыкам Дашку: навошта пакрыўдзіў цёцю?

— Дам… дам!.. Мама бу-бу…

Гэта яшчэ больш разжаліла Полю.

Данік не пусціў сястру ў хату. Ведаў: занадта доўга будзе корпацца там i набярэ ўсяго столькі, што не панясеш. Ён прымусіў яе пасядзець з Ленкай у кіяшніку, у канцы гарода.

— Я сам вазьму што трэба.

— Малака бутэльку налі. Сашына паліто не забудзь…

Колькі ты адзін возьмеш?

— Не ўздумай ісці, Поля! — сурова загадаў ён. — З-за ануч сваіх можаш дзіця загубіць…

Каб даць ёй зразу мець, што сапраўды вельмі небяспечна, ён дастаў з кішэні гусеўскі пісталет i, прыгнуўшыся ў разоры, пайшоў, трымаючы яго перад сабой.

Першым чынам ён дастаў у каморы з-пад падлогі нямецкі аўтамат i гранату. Потым сабраў самыя неабходныя рэчы, галоўным чынам для Ленкі.

У гэты момант на вуліцы затрашчаў матацыкл. Данік схапіўся за зброю. Свае. Коля i з ім дзядзька Аляксей у папоўскай расе.

Хлопец узрадаваўся, што яны вярнуліся: трое — гэта ўжо сіла! Стары паводзіў сябе так, быццам нічога асаблівага не здарылася. Паважна прывітаўся з Данікам, сказаў:

— Ну, папярэдзілі ўсіх, Паўлік паляцеў да Толі. Збор на лузе… Выканаем жаданне нябожчыка Цішкі… i — з Богам да сваіх…

Да нямецкіх машын дзеці ніколі не выбягалі, нават самыя маленькія адчувалі, што гэта небяспечна. Але на матацыкле прыехаў не немец i не Гусеў, а дзядзька Аляксей, які ніколі не даваў ix у крыўду — заўсёды абараняў, нават перад бацькамі. Таму немаведама адкуль на вуліцу высыпалі дзеці.

Аляксей Сафронавіч убачыў ix i пашкроб сваю зарослую патыліцу. Паклікаў Колю. Шапнуў яму:

— Ідзі, зрабі так, каб матор роў на ўсю іванаўскую.

Той пачаў разварочвацца, звярнуў з каляіны i «забуксаваў» у пяску. Дзеці пачалі піхаць матацыкл, галёкаць, смяяцца.

Стары накіраваўся ў хлеў. Гусеў убачыў яго, радасна ўстрапянуўся, затузаўся: падумаў, што прыйшоў ратунак. Але поп дастаў з-пад расы пісталет і, нахіліўшыся, сказаў:

— Ну, юда, хрыстапрадавец! Маліся апошні раз, калі помніш малітвы. Многа ты праліў слёз i крыві! Прыйшоў час расплаты. Даўно табе вынес прысуд нябожчык Цішка… Вечная памяць яму!..

Гусеў пасінеў, вочы яго, напоўненыя жудасцю, малілі аб літасці. Што ён думаў у той міг? Хто ж не партызан, калі нават поп з імі?